Работнікі сельскай гаспадаркі – людзі, па-сапраўднаму адданыя сваёй справе і роднаму краю. Яны любяць і ўмеюць працаваць, паказваючы ў гэтым прыклад іншым. За плённую працу і адказнае стаўленне да справы іх імёны штогод заносяцца на раённую Дошку гонару. Сёлета такой пашаны была заслужана ўдастоена жывёлавод КСУП “Войневічы” Людміла Ляўкевіч.
Яна нарадзілася на Дзятлаўшчыне, у вёсцы Лядзіны. Пасля заканчэння Раготнаўскай школы адправілася на пошукі шчасця ў горад Гродна і далей, каб у выніку знайсці яго на малой радзіме.
– Спецыяльную адукацыю я атрымала ў прафесійным вучылішчы пры заводзе “Хімвалакно”. Былі два гады адпрацоўкі ў Барнауле, пасля некаторы час працавала на самім абласным прадпрыемстве. Ужо тады зразумела, што да гарадскога жыцця не ляжыць душа. Выйшла замуж за земляка і ахвотна вярнулася на Дзятлаўшчыну.
Жыццё закруцілася ў сваім звычайным рытме: разам з мужам працавалі ў калгасе “Горка”.
Многія гады Людміла Ляўкевіч аддала працы аператара машыннага даення, яна сама лічыць прыход у жывёлагадоўлю самым правільным выбарам у жыцці:
– З матэматыкай сябрую выдатна, я і сёння лёгка ўсё лічу без калькулятара, але паперы запаўняць ніколі не любіла. Мне больш па душы займацца з жывёламі, знаходзіць да іх падыход, – расказвае жанчына і ўзгадвае, з чаго ўсё пачыналася: – Гэта цяпер вучаць, суправаджаюць новых спецыялістаў па некалькі тыдняў. А я да гэтага на ферме нават дома кароў ніколі не даіла. У першы дзень мне паказалі работу, а на другі я ўжо самастойна выйшла ў групу. Выбару асабліва не было, справілася. Шчыра прызнаюся, галоўным памочнікам па першым часе быў муж: ён працаваў у гаспадарцы трактарыстам і разумеў у жывёлагадоўлі больш за мяне.
Людміла Ляўкевіч прыйшла ў сельскую гаспадарку ў складаныя 90-я гады – час няпэўнасці і дэфіцыту.
– Як цяпер помню, атрымалі калгасны домік, амаль адны голыя сцены. Трэба было рамантаваць дах, уцяпляць сцены, а на той час нават цвікі без сувязяў было не дастаць, – расказвае гераіня. – Прыкладна тое ж было і ў сельскай гаспадарцы, думалі, гэта канец усяму. Рада, што мы ўсе памыляліся на гэты конт. Азіраючыся назад, на тое, як шмат захавана і памножана ў гэтай сферы, хачу выказаць словы ўдзячнасці нашаму Прэзідэнту Аляксандру Рыгоравічу за тое, што не даў загінуць сельскагаспадарчым прадпрыемствам, дзякуючы чаму мы і сёння маем работу.
Самі ж працаўнікі сяла ва ўсе часы вылучаліся адказным стаўленнем да работы і адданасцю сельскагаспадарчай галіне. На іх моцных плячах і цяпер усё трымаецца. Так і Людміла Ляўкевіч, якая ў 50 гадоў выйшла на льготную пенсію, не змагла сядзець дома без справы.
– На той момант калгас “Горка” ўжо расфарміраваўся, і я магла з чыстым сумленнем сядзець дома, гадаваць унукаў, якіх у мяне ажно шасцёра, – заўважае жанчына. – Але мне прапанавалі паспрабаваць сябе на новым малочнатаварным комплексе “Ёцавічы”, які адкрыўся ў 2012 годзе ў КСУП “Войневічы”, і я згадзілася.
З таго часу і да сённяшняга дня Людміла Віктараўна – заўжды ў страі: працуе на комплексе жывёлаводам, што ёй вельмі падабаецца.
– А што дома рабіць? Сумна дома: у печы паліць не трэба, бо ацяпленне электрычнае, вада ў кране, мые бялізну таксама машына. А тут кожны дзень весела, дружна, працуюць добрыя людзі, з якімі разам дзень пралятае прыемна і незаўважна, – кажа яна.
Людміла Ляўкевіч адзначае, што са з’яўленнем новых комплексаў, сучаснай сельскагаспадарчай тэхнікі праца жывёлаводаў істотна спрасцілася: цяпер ужо не трэба грузіць на воз і везці шматкілаграмовыя мяхі, усе кармы раздае машына. Работнікам застаецца сачыць, каб усё ішло добра, падсцілаць жывёл і наводзіць парадак у памяшканнях, выконваць іншыя звыклыя паўсядзённыя аперацыі. Работа даўно наладжана, таму ўсё ідзе, як трэба. На пытанне, ці хапае сіл на работу ў жывёлагадоўлі, Людміла Віктараўна ўпэўнена адказвае:
– Хачу працаваць хоць да 90 гадоў, пакуль здароўя і энергіі хапае.
І сапраўды, энтузіязму і жыццярадаснасці жанчыны можна толькі падзівіцца і парадавацца. Сваёй бязмежнай любоўю да сельскай гаспадаркі яна па-добраму “заразіла” сваіх унукаў, якія часта прыязджаюць з Дварца і Наваельні, з радасцю састаўляюць бабулі кампанію на працы.
– Старэйшы ўнук, ужо дарослы, хацеў купіць сабе матацыкл, я прапанавала яму папрацаваць разам са мной у цялятніку, пакуль напарнік быў у водпуску, – гаворыць жанчына. – Хлопцу так спадабалася, што застаўся працаваць тут на ўсё лета аж да школы. Малодшым унукам таксама вельмі цікава тое, чым я займаюся.
З нагоды надыходзячага прафесійнага свята Людміла Ляўкевіч шчыра жадае ўсім работнікам сельскай гаспадаркі моцнага здароўя, дастойнай узнагароды іх нялёгкай працы, мірнага неба над Беларуссю, а сельскагаспадарчым прадпрыемствам – стабільнасці і росквіту.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#АПК #сельское хозяйство #нашелучшее #нашалепшае
Дзясяты адкрыты фестываль сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст” запрасіў сёння на спартыўную пляцоўку тых, хто сябруе…
На “Зецельскім фэсце” працавалі адразу некалькі інтэрактыўных пляцовак на любы густ. Сапраўднай сенсацыяй фестывалю стаў…
30 мая ў рамках дзясятага фестывалю сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст” горад Дзятлава ператварыўся ў сапраўдную…
Урачыста, прыгожа, з цудоўным настроем пачалося свята сямейнага адпачынку "Зецельскі фэст" ў Дзятлаве. Пад гукі…
На Зецельскім фэсце гуляе народ,На плошчы вясёлы вядзе карагод,Танцуе, спявае і славіць сям’ю,А хтосьці газеце…
Пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага з удзелам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага прайшло…