Імя на Дошцы гонару. Канстанцін Вінцукевіч: “Да кожнага трэба знайсці падыход”

Звычайны дзень у сельскім выканаўчым камітэце: хтосьці просіць пахадайнічаць аб больш спрыяльным раскладзе аўтобусаў, другі пытае, куды вывозіць смецце, трэці скардзіцца на стан дарог. Гэта можа здацца руцінай, але для старшыні сельвыканкама няма дробязяў. І ўсе гэтыя пытанні неабходна вырашаць хутка, а галоўнае – эфектыўна. На выдатна спраўляецца са сваімі абавязкамі старшыня Дварэцкага сельвыканкама Канстанцін Вінцукевіч, нездарма сёлета яго імя занесена на раённую Дошку гонару. 

– Пэўна, адна з самых складаных работ – гэта з людзьмі, – разважае Канстанцін Адамавіч. – Усе яны розныя, да кожнага трэба знайсці падыход, умець выслухаць і імкнуцца выканаць іх просьбы. Адмовіць – гэта лягчэй за ўсё. Я гавару людзям: мы выканаўчая ўлада – выконваем тое, што нам прадпісана. І не заўсёды гэта атрымліваецца так, як хоча чалавек, бо ўсё неабходна рабіць у рамках закона.

А добра разумець мясцовых жыхароў, па-гаспадарску вырашаць пытанні добраўпарадкавання Канстанціну Вінцукевічу дапамагае тое, што сам ён мясцовы жыхар –  нарадзіўся ў вёсцы Старына Дварэцкага сельсавета і ўсё жыццё жыве на малой радзіме.

Пасля заканчэння Мінскага сельгасінстытута працаваў загадчыкам майстэрняў у калгасе імя К. Заслонава, майстрам вытворчага навучання ў вучэбна-вытворчым камбінаце ў Дварцы, галоўным інжынерам у КСУП “Дварэц-Агра” і на мясцовым ільнозаводзе. А ў 2018 годзе яго абралі старшынёй сельвыканкама. Да слова, Дварэцкі сельскі савет адзін з самых вялікіх у раёне – тут 43 населеныя пункты, з іх – тры аграгарадкі, насельніцтва – 1535 чалавек.

Паспрабаваўшы розныя месцы работы, мужчына адзначае, што ўсюды ёсць свае і складанасці, і перавагі. Але да ўсяго можна прызвычаіцца, з усім справіцца, калі адносішся да сваіх абавязкаў з адказнасцю, сумленна.

– Як звычайна праходзіць рабочы дзень старшыні сельвыканкама?

– У кабінеце знаходжуся мала, у асноўным пытанні рашаю на выездах. Па тэлефоне, напрыклад, не так зручна размаўляць з чалавекам, як ужывую, калі можна больш данесці і зразумець. Дарэчы, работы хапае круглы год. Зімой – па расчыстцы дарог, абследаванні домаўладанняў людзей пэўных катэгорый, вясной і летам – па добраўпарадкаванні, шмат работы цяпер па барацьбе з баршчавіком і залатарнікам.

– Ці часта да вас звяртаюцца вяскоўцы з просьбамі?

– Афіцыйных зваротаў няшмат, а вось з вуснымі прапановамі або пытаннямі часта прыходзяць, могуць тэлефанаваць нават у нерабочы час або выхадныя дні. Нікога не пакідаем без увагі. Просяць дапамагчы ў спілоўванні аварыйных дрэваў на агульных тэрыторыях. Звяртаюцца па пытанні падсыпкі, абкошвання абочын, грэйдзіравання або зімой ачысткі дарог – тут нам дапамагаюць нашы сельгаспрадпрыемствы “Дварэц-Агра” і “Граніт-Агра”, ільнозавод, Боркаўскі вытворчы ўчастак Рагозніцкага крухмальнага завода. Нават гэтай снежнай зімой спраўляліся, скаргаў ад людзей не было. Частыя звароты – па навядзенні парадку на могілках: выдаленні дрэваў (сёлета ЖКГ спілавалі 15) або вывазе смецця. Бывае, просяць знайсці пакупнікоў на дом, бо самі жывуць далёка. Каму дровы на зіму дапамагаем набыць, траву пакасіць. Здараецца, і ў спрэчках паміж суседзямі разбіраемся, імкнёмся памірыць.

– Як лічыце, ці камфортна сёння жыць у сельскай мясцовасці?

– У нашым сельсавеце стараемся, каб людзям было зручна. У нас тры стацыянарныя гандлёвыя кропкі – у аграгарадках Дварэц, Белагурна і Раготна, у астатнія вёскі прыязджаюць аўтамагазіны. Нараканняў на іх работу няма. Наадварот, сталыя людзі рады, што машына спыняецца ў некалькіх кропках у вёсцы і не трэба ісці далёка, бо многім цяжка. У Дварцы ёсць паштовае аддзяленне, пункты – у Белагурне і Раготне. На добрым узроўні ў нас медыцынскае абслугоўванне – ёсць амбулаторыя, два ФАПы, да жыхароў нават маленькіх аддаленых вёсак рэгулярна прыязджае перасоўны ФАП. У Дварцы працуе цырульня. У цэлым, для людзей робіцца вельмі многа. Суб’ектамі прафілактыкі надаецца шмат увагі катэгарыраваным грамадзянам – пенсіянерам, інвалідам, адзінокім людзям. Зразумела, адначасова ўсім не дапаможаш, некаторыя просьбы выканаеш за дзень-два, а іншыя патрабуюць больш доўгага разбіральніцтва.

– Актуальнае пытанне – добраўпарадкаванне. Якія работы ў вас вядуцца?

– Іх хапае круглы год. Разбіраемся з пустымі і трухлявымі дамамі. Сёлета ўжо знесены чатыры, плануем яшчэ два, у мінулым годзе – шэсць. У вёсцы Пузавічы пустыя зарослыя кустоўем участкі пасля дамоў, якія шмат гадоў таму былі разабраны, прыведзены ў парадак і ўведзена ў севазварот каля 11 гектараў земляў. У мінулым годзе за базавую велічыню было прададзена шэсць дамоў, сёлета – два. Сочым за парадкам ва ўсіх населеных пунктах, праводзім суботнікі з удзелам насельніцтва на могілках. Бывала, чуеш ад кагосьці, што цяпер у вёсках мала жыхароў, таму старшыні няма чаго рабіць. Але не згаджуся з гэтым. Раней, калі вёскі былі густа заселеныя, усе трымалі вялікія гаспадаркі, было ўсё абкошана, гаспадары сачылі за сваімі сядзібамі і вакол іх. Цяпер вакол пустых дамоў за парадкам павінен сачыць сельвыканкам.

– У апошнія гады насельніцтва ў сельскай мясцовасці памяншаецца? На ваш погляд, як можна адрадзіць вёску, каб жыццё кіпела, як раней, было шмат моладзі?

– Пытанне даволі складанае. Пэўна, неабходна, каб былі добрыя ўмовы жыцця, работы і дастойная аплата працы. Зусім маленькія, аддаленыя вёсачкі ўжо наўрад ці стануць вялікімі і ажыўленымі, а вось такія, як аграгарадкі, у прыватнасці, наш Дварэц, неабходна трымаць, развіваць. А ўвогуле, хто любіць вясковую цішыню, прыгажосць прыроды або каму надакучыла мітусня і паспешлівасць вялікага горада, той з задавальненнем будзе жыць і ў вёсцы.

– Працаваць умееце, а як адпачываеце ў вольны час?

– Лепшы адпачынак – праводзіць час з сям’ёй. Дзеці ўжо дарослыя, даўно паехалі з роднага дома, стварылі свае сем’і. Але летам прывозяць нам з жонкай унукаў – іх у нас чацвёра. Вельмі люблю бавіць з імі час: і гуляем разам, і да работы якой прывучаю, стараюцца мне дапамагаць. Часам гарэзлівыя, як і ўсе дзеці, але з імі цікава і весела. Як любы вясковы чалавек, я аматар грыбнога “палявання” – гэта для мяне і адпачынак для душы, і карысць.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

administrator

Recent Posts

Паразважалі аб каштоўнасцях, якія не старэюць з часам

У рамках дзейнасці грамадска-палітычнага цэнтра раённага аддзялення Гродзенскай вобласці Беларускай партыі “Белая Русь” пад кіраўніцтвам…

15 часов ago

З рэдакцыйнай пошты. “Дзякуй за цяпло душы і залатыя рукі!”

Такія словы работнікам сацыяльнай службы адрасавала Надзея Башко – аўтар ліста, які прыйшоў на адрас…

16 часов ago

Сталі дыпламантамі рэспубліканскага конкурсу

Напярэдадні Дня настаўніка выдалася цудоўная нагода расказаць аб значных поспехах педагогаў Дзятлаўскага раёна. Нядаўна ў…

16 часов ago

В преддверии Дня учителя в Гродно отметили лучших работников образования

В Гродно прошло торжественное мероприятие, приуроченное ко Дню учителя, который отмечается в первое воскресенье октября.…

16 часов ago

Александр Лукашенко: политика многовекторности никак не отдаляет Беларусь от России

Политика многовекторности никак не отдаляет Беларусь от России. Об этом Президент Беларуси Александр Лукашенко заявил…

17 часов ago

Порядок использования автоматических электронных аппаратов

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga  

17 часов ago