Грамадская небяспека ўхілення ад выплаты падаткаў заключаецца ў наўмысным невыкананні грамадзянінам канстытуцыйнага абавязку плаціць законна ўстаноўленыя заканадаўствам падаткі і зборы, з-за чаго не паступаюць грашовыя сродкі ў бюджэтную сістэму Рэспублікі Беларусь. Калі ў выніку ўхілення ад іх дзяржаве нанесены ўрон на суму, якая ў дзве тысячы і больш разоў перавышае памер базавай велічыні, надыходзіць крымінальная адказнасць.
Судом Дзятлаўскага раёна разгледжана крымінальная справа ў дачыненні да грамадзянкі У., якая абвінавачваецца ў здзяйсненні злачынства (ухілення ад выплаты падаткаў).
Жанчына, з’яўляючыся індывідуальным прадпрымальнікам, са студзеня 2020 года па снежань 2022-га пры ажыццяўленні дзейнасці, звязанай з рознічным гандлем нехарчовымі таварамі (будаўнічымі матэрыяламі), з выплатай падаткаў па спрошчанай сістэме падаткаабкладання, выкарыстоўваючы касавыя апараты без устаноўленых сродкаў кантролю падатковых органаў для ўтойвання выручкі з мэтай сістэматычнага атрымання незаконнага грашовага даходу, здабывання матэрыяльнай выгады шляхам утойвання і наўмыснага заніжэння падатковай базы, ухілення ад прадастаўлення дэкларацый (разлікаў) і ўнясення ў іх загадзя лжывых звестак, ухілілася ад выплаты падаткаў, з-за чаго была нанесена бюджэту Рэспублікі Беларусь шкода ў буйным памеры.
У выніку яна не заплаціла падаткаў у бюджэт на агульную суму 347 571,18 рубля. З улікам выплачаных ёю грашовых сродкаў па спрошчанай сістэме падаткаабкладання ў суме 83 440,80 рубля, памер нанесенай шкоды склаў 264 130,38 рубля.
Жанчына сваю віну прызнала.
Прыгаворам грамадзянцы прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на 3 гады са штрафам у памеры 400 базавых велічыняў з пазбаўленнем права займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю тэрмінам на 3 гады.
Судом прыменена адтэрміноўка выканання асноўнага пакарання, на абвінавачаную ўскладзены абавязкі: не мяняць месца жыхарства без згоды органа, які ажыццяўляе кантроль за паводзінамі асуджанага, не выязджаць па асабістых справах на тэрмін больш за адзін месяц за межы раёна (горада), перыядычна з’яўляцца для рэгістрацыі ў орган, які ажыццяўляе кантроль за паводзінамі асуджанага.
Прыгавор уступіў у законную сілу.
Сяргей СЁМУХА,
суддзя суда Дзятлаўскага раёна
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga