Установы адукацыі раёна завяршаюць падрыхтоўку да новага навучальнага года. Ход работ праінспектавалі старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі і член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Андрэй Жамойда.


Яны наведалі Новаяльнянскую сярэднюю школу імя А. А. Шаўчук, дзе ў мінулым годзе быў завершаны капітальны рамонт. Калектыў навучальнай установы вырашыў не спыняцца на дасягнутым і сёлета рэалізоўвае праект па абнаўленні школьнага стадыёна. На гэтыя мэты з раённага бюджэту было выдзелена 112 тысяч рублёў. Тут з’явяцца новыя бегавыя дарожкі, у тым ліку асобная стометровая дыстанцыя, а таксама шматфункцыянальная пляцоўка для гульні ў футбол, баскетбол і валейбол, якія будуць мець гумовае пакрыццё. Работы вядуцца гаспадарчым спосабам рабочымі, настаўнікамі і навучэнцамі школы пры падтрымцы Дзятлаўскага РУП ЖКГ і ААТ “Граніт-Агра”, якія прадастаўляюць тэхніку для земляных работ.

Дырэктар школы Алена Круглова падзякавала кіраўніцтву раёна і арганізацыям-шэфам за грунтоўную падтрымку, дзякуючы якой умовы навучання школьнікаў і адпачынку пасялкоўцаў стануць больш камфортнымі.

Алена Стэфанаўна расказала сенатару пра поспехі Новаяльнянскай сярэдняй школы імя А. А. Шаўчук, якая з 2023 года носіць статус “Школа міру”. Гэта рэспубліканскія і міжнародныя праекты, у ліку якіх “Энергамарафон”, “100 ідэй для Беларусі”, супрацоўніцтва са школьнікамі Калінінградскай вобласці ў сферы патрыятычнага выхавання, работа школьнага народнага музея “Дзеці ліхалецця”, прысвечанага лёсу дзяцей, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны аказаліся на акупіраванай фашыстамі тэрыторыі, вядомага ў Беларусі і за яе межамі.

– Пытанні падрыхтоўкі навучальных установаў да новага навучальнага года – на пільным кантролі кіраўніка дзяржавы, – адзначыў Андрэй Жамойда. – Кожны год у жніўні групы адміністрацыі Прэзідэнта праводзяць маніторынг гатоўнасці школ і дзіцячых садоў да работы, дэпутаты і сенатары таксама не застаюцца ўбаку. Дзяржава і калектывы школ робяць ўсё, каб адукацыйны працэс праходзіў у максімальна спрыяльных для гэтага ўмовах. Аднак адпаведныя адносіны патрабуюцца і ад саміх школьнікаў. У час мінулагодняй жнівеньскай нарады Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падкрэсліваў, што школа – гэта храм, а задача педагогаў – данесці гэта да навучэнцаў, дабіцца ад іх адпаведных адносінаў і павагі да навучальнай установы.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае #ГОД БЛАГОУСТРОЙСТВА