9 ліпеня горад Дзятлава адзначае Дзень вызвалення. Святочная праграма – багатая на падзеі і цікавыя сустрэчы.
З раніцы кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі сілавых ведамстваў, працоўных калектываў, прафсаюза, грамадскіх арганізацый наведваюць перасоўную экспазіцыю, якая прыбыла ў райцэнтр да адметнай даты.










– Мабільная экспазіцыя Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны працуе ў рамках акцыі “Наш абавязак – памятаць”, – расказаў малодшы навуковы супрацоўнік музея Валерый Голуб. – Яна ўтрымлівае тры тэматычныя блокі: першы нагадвае пра пачатак вайны, другі пра барацьбу партызан і падпольшчыкаў, трэці – прысвечаны вызваленню Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Унікальная выстава падарожнічае па розных кутках краіны, каб расказаць беларусам аб гераічных подзвігах продкаў. Яе экспанаты адлюстроўваюць падзеі ваеннага ліхалецця, захоўваюць памяць пра герояў-вызваліцеляў і ахвяр фашызму. На выставе можна пабачыць унікальныя артэфакты, дакументы, зброю. На стэндах прадстаўлены фатаграфіі, ёсць унікальныя хронікі вызвалення Беларусі, працуюць інтэрактыўныя панэлі, тут нямала рэчаў людзей, якія стаялі ля вытокаў партызанскага руху, з Трасцінца – самага вялікага лагера смерці.
Сёлета мы пераважна наведваем гарады, якія былі адзначаны вымпелам “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”.






– 9 ліпеня – асаблівы дзень для нашага раёна, бо менавіта ў гэту дату ў 1944 годзе вызвалены горад Дзятлава, – акцэнтаваў увагу на важнасці свята старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі. – Дзень асаблівы ў тым плане, што ён радасны, але і трагічны, бо звязаны з гібеллю ваеннаслужачых і мірнага насельніцтва. Сімвалічна, што 9 мая адзначаем Дзень Перамогі, а 9 ліпеня – Дзень вызвалення Дзятлава. Безумоўна, успамінаем усіх абаронцаў, якія загінулі на працягу вайны, у перыяд акупацыі, якія аддалі самае дарагое – свае жыцці за мір на дзятлаўскай зямлі.
Што тычыцца выставы, радуе, што яна працуе ў Дзень вызвалення нашага горада. Дастаткова багатая, сур’ёзная экспазіцыя, напоўненая глыбокім зместам. Гонар выклікае веліч подзвігу савецкіх салдат, якія вызвалілі свет ад карычневай чумы.








– Мабільная выстава вельмі спадабалася, – падзялілася ўражаннямі дырэктар Дзятлаўскай раённай бібліятэкі Вольга Бойка. – Пачулі цікавую інфармацыю, некаторыя звесткі даведаліся ўпершыню. Глыбокія пачуцці выклікалі экспанаты з лагера смерці Трасцінец, Мінскага катла, дзе кіпелі жорсткія баі, зацікавілі карта вызвалення Беларусі і інтэрактыўныя панэлі, на адной з іх з калегай нават знайшлі інфармацыю пра Героя Савецкага саюза Яна Фогеля, які пахаваны ў гарадскім парку ў Дзятлаве. Родную гісторыю важна ведаць, перадаваць наступным пакаленням, каб яны памяталі, якой цаной дасталася Вялікая Перамога, цанілі тое, што маем мірнае неба над галавой.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga