На палетку каля вёскі Савічы гэту культуру жнуць адразу тры камбайны філіяла. Старт уборачнай кантралююць кіраўніцтва і інжынерна-тэхнічная служба арганізацыі.

– Працуем пакуль у тэставым рэжыме, “ловім” перыяды без дажджу. Задача – намалаціць збожжа на адну сушылку, праверыць вільготнасць, ураджайнасць, каб у хуткім часе ўпэўнена ўвайсці ў масавае жніво, – расказвае галоўны аграном СГФ “АграМілк” Андрэй Лежань. – Уборачная плошча азімага ячменю складае 307 гектараў, гатунак “цітус”, другая рэпрадукцыя. На выспяванне коласа паўплывалі начныя замаразкі, таму будзем арыентавацца па сітуацыі.

Сёлетняе жніво – дваццаць чацвёртае для механізатара Яўгена Ярмаша. Мужчына працуе вадзіцелем МАЗа ў філіяле, каб летам на сваім легендарным камбайне “Мега-208” далучыцца да ўборачнай. Як кажа аграрый, настрой на работу баявы:

– Усё будзе добра. Поле роўнае, камбайн знаёмы. Нам толькі сонца крыху больш трэба, каб хутчэй усё ўбраць. Буду старацца сёлета намалаціць не менш як тысячу тон. Усім хлебаробам, занятым на жніве,  жадаю ўдачы і спрыяльнага надвор’я.

Сёлета ў экіпажы Яўгена Уладзіміравіча папаўненне – памочнік камбайнера Уладзіслаў Палітаеў, які вярнуўся на работу са службы ва Узброеных Сілах. Для яго гэты сезон першы, таму шмат чаму трэба навучыцца ад больш вопытнага таварыша.

– Служыў у горадзе Жодзіна ў транспартных войсках, цяпер нясу службу на ўборцы ўраджаю. Місія не менш адказная, чым абараняць Радзіму, упэўнены, што спраўлюся з ёю дастойна. Пакуль правяраю страты ў валках і праводжу тэхнічнае абслугоўванне тэхнікі. 

Акрамя камбайнаў, на ўборцы працуюць два грузавыя аўтамабілі і абавязкова дзяжурыць пажарная тэхніка: у аўтапарку СГФ “АграМілк” маецца свая аўтацыстэрна, за рулём якой вадзіцель Віктар Вянско.

Па словах Андрэя Лежаня, акрамя азімага ячменю, у гэтым сезоне аграрыям філіяла належыць убраць 1323 гектары азімай пшаніцы, 504 гектары яравога ячменю, 232 гектары гароху, а таксама рапс – 715 гектараў азімага і 481 гектар яравога. Уборачная кампанія будзе няпростай, аднак касцяк вопытных камбайнераў павінен справіцца з задачай.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации