У аграгарадку Вензавец прайшло мерапрыемства з парадкам дня “Аб рабоце Вензавецкага сельвыканкама і сельскага Савета дэпутатаў па забеспячэнні развіцця сацыяльнай сферы і добраўпарадкаванні населеных пунктаў”.

Удзел у ім прынялі старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі і старшыні сельскіх выканаўчых камітэтаў раёна.

З сацыяльна-эканамічным становішчам Вензавецкага сельскага савета і дзейнасцю па яго развіцці ўдзельнікаў мерапрыемства пазнаёміў выконваючы абавязкі старшыні сельвыканкама Аляксандр Дубовік.
Ён расказаў, што тэрыторыя Вензавецкага сельсавета складае 139 кв. км, з якіх 9 займаюць землі сельскіх населеных пунктаў. На тэрыторыі сельсавета ў 19 населеных пунктах ёсць 602 уласныя гаспадаркі, у якіх пражывае 1258 чалавек, з іх 718 (57 %) працаздольных, 392 (31 %) пенсіянеры, 148 (12 %) дзяцей да 15 гадоў, 25 адзінокіх і 238 грамадзян, якія пражываюць адзінока, 11 шматдзетных сем’яў, 62 чалавекі маюць групу інваліднасці, трое дзяцей – інваліды дзяцінства.
Самымі буйнымі населенымі пунктамі з’яўляюцца аграгарадок Вензавец (541 чалавек), вёскі Міроўшчына (330), Сачыўляны (148). У 6 населеных пунктах (вёскі Буйкі, Кашкалы, Лудзічы, Гнаінскія, Валоўнікі і Гернікі) жыве 10 і менш чалавек. У вёсках Міклашы і Жадзейкі зарэгістраваныя па месцы жыхарства грамадзяне значацца, але фактычна ніхто не пражывае. У вёсцы Рэпішча ніхто не зарэгістраваны і не пражывае.
У Вензавецкі сельскі савет абрана 7 дэпутатаў. У састаў сельскага выканаўчага камітэта ўваходзяць 5 чалавек. За кожным членам выканкама замацавана пэўная сфера дзейнасці.
У інфраструктуру сельсавета ўваходзяць ТАА “РоданАграПол”, ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка”, Вензавецкае лясніцтва і Вензавецкі дрэваапрацоўчы цэх ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”.
Ёсць адно аддзяленне і два пункты паштовай сувязі. Гандлёвае абслугоўванне насельніцтва ажыццяўляюць два магазіны дзяржаўнай гандлёвай сеткі Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства і магазін Дзятлаўскай сельгастэхнікі . У населеных пунктах, у якіх адсутнічаюць гандлёвыя аб’екты, працуюць аўтамагазіны.
Установы адукацыі сельскага савета прадстаўлены Вензавецкай базавай школай, у якой навучаецца 26 навучэнцаў і выхоўваецца 13 дзяцей дашкольнага ўзросту.
Медыцынскае абслугоўванне жыхароў забяспечваюць Вензавецкі, Міроўшчынскі і Яварскі ФАПы, а таксама Дзятлаўская раённая паліклініка (вёскі Гернікі, Гнаінскія, Валоўнікі, Нагорнікі, Лагуны), жыхароў вёскі Сцяткоўшчына абслугоўвае Раготнаўская амбулаторыя. На ФАПах арганізоўваюцца прыёмы ўчастковым тэрапеўтам Дзятлаўскай раённай паліклінікі, можна здаць аналізы крыві, зрабіць кардыяграму, ёсць выязное флюараграфічнае абследаванне насельніцтва. Шырокае распаўсюджванне атрымала выязное медыцынскае абслугоўванне. Перасоўны фельчарска-акушэрскі пункт працуе па графіку, аб якім жыхары населеных пунктаў інфармуюцца праз раённую газету “Перамога” і старастаў населеных пунктаў. У апошні час у графікі выезду перасоўнага ФАПа сталі ўключацца прадпрыемствы і арганізацыі.
На тэрыторыі сельсавета размешчаны дзве праваслаўныя царквы, адзін помнік землякам вайны і адзін помнік воінам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай, два пахаванні ахвяр вайны і чатыры воінскія пахаванні, шэсць грамадзянскіх могілак.
Установаў культуры на тэрыторыі сельсавета няма, аднак работнікі сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці рэгулярна працуюць у населеных пунктах.
Адным з кірункаў дзейнасці з’яўляецца сацыяльная абарона насельніцтва, асабліва пажылых грамадзян. Дзесяць населеных пунктаў сельсавета ахоплены надомным абслугоўваннем. На абслугоўванні ў аддзяленні сацыяльнай дапамогі дома знаходзіцца 30 чалавек, у тым ліку пяць адзінокіх і 25 – якія пражываюць адзінока, з іх тры інваліды II групы. На ўмовах частковай аплаты абслугоўваецца адзін чалавек і 29 – на ўмовах поўнай. Сацыяльнае абслугоўванне дома ажыццяўляюць шэсць сацыяльных работнікаў.
Вялікая ўвага надаецца рабоце з насельніцтвам па месцы жыхарства. Адной з формаў такой работы з’яўляюцца сходы грамадзян, падворныя абходы.
У сельсавеце ў Год добраўпарадкавання вялікая праца праведзена з уласнікамі незаселеных дамоў. Выпісана 99 прадпісанняў грамадзянам па навядзенні парадку на прыдамавых тэрыторыях, і практычна ўсе яны выкананы. У рамках рэалізацыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24.03.2021 г. № 116 “Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустуючымі дамамі” ўсяго знесена 109 такіх дамоў, з іх чатыры – у гэтым годзе. За перыяд дзеяння ўказа зарэгістравана 11 дагавораў куплі-продажу жылых дамоў, у тым ліку два – у 2025 годзе . Прададзены за адну базавую велічыню тры дамы, сёлета – два.
Вываз смецця з населеных пунктаў ажыццяўляе Дзятлаўскае РУП ЖКГ.
Перададзена 20,55 км вуліц на абслугоўванне Дзятлаўскаму ДРБУ-119.
Пры сельскім выканаўчым камітэце створаны добраахвотная дружына, камісія садзейнічання кантролю за выкананнем заканадаўства “Аб свабодзе веравызнанняў і рэлігійных арганізацыях”, грамадскі пункт аховы правапарадку, інфармацыйна-прапагандысцкая група. Вялікую дапамогу аказваюць старасты населеных пунктаў. Грамадскімі фарміраваннямі праводзіцца прафілактычная работа з ненадзейнымі сем’ямі, сямейнымі скандалістамі, асобамі, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі.


Аляксандр Міхайлавіч запрасіў прысутных наведаць аб’екты добраўпарадкавання і даведацца, што тут зроблена. Удзельнікі сустрэчы накіраваліся ў Вензавецкі ФАП. Сёлета сюды працаваць прыехала малады спецыяліст – загадчыца-фельчар Марыя Сярэдзіна. Яна адзначыла, што работы тут дастаткова, сумаваць пакуль няма калі, плануе застацца не толькі для адпрацоўкі.



Наступным прыпынкам стаў мясцовы магазін “Родны Кут”.Асартымент прадукцыі тут вялікі, гандлёвы аб’ект задавальняе запытам пакупнікоў.




Пабывалі ў Вензавецкай базавай школе. Дырэктар установы адукацыі Ганна Франюк запрасіла на экскурсію ў музейны пакой “Памяць” і гісторыка-этнаграфічны музей “Кола часу”.






Пацікавіліся прысутныя парадкам на грамадзянскіх могілках аграгарадка, наведалі мясцовы храм у гонар Святых апосталаў Пятра і Паўла, дзе правялі гутарку з яго настаяцелем Мікалаем Орсам.





Асаблівую ўвагу засяродзілі на рабоце па скарачэнні колькасці пустуючых дамоў, добраўпарадкаванні тэрыторый пасля іх зносу, далейшым уключэнні іх у сельгасабарот – пабывалі на месцы знесеных дамоў у вёсцы Гірычы.



Далей удзельнікаў сустрэчы чакала экскурсія на аграсядзібу “Родник” у вёсцы Кашкалы, якую правёў яе гаспадар Юрый Бялятка, і Вензавецкае лясніцтва з наведваннем мясцовага турыстычнага аб’екта “Хатка паляўнічага”.






Вынікі Дня сельсавета падвёў Аляксандр Бараноўскі. Ён станоўча ацаніў дзейнасць Вензавецкага сельвыканкама па развіцці сацыяльнай сферы і добраўпарадкаванні, падзякаваў Аляксандру Дубовіку за работу і падкрэсліў, што кожны дзень у цэнтры ўвагі органаў мясцовага самакіравання – жыццё і бяспека людзей, парадак у населеных пунктах, які патрэбна падтрымліваць самім, не чакаючы дапамогі збоку.
Таццяна САНЮК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае #ГОД БЛАГОУСТРОЙСТВА