На перадсвяточным тыдні (на выхадных беларусаў чакаюць Дзень Перамогі і свята дзяржаўнай сімволікі) рабочая нарада старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага з кіраўнікамі і спецыялістамі службаў раёна па традыцыі пачалася з галоўнага – аналізу работы экстранных службаў. Усё таму, што бяспека – той падмурак, на якім будуецца мірная праца ў розных сферах, святочны настрой і ўпэўненае планаванне далейшых спраў і праектаў.
Устаноўлены вінаватыя ў вандалізме ў горадзе
Нядаўна ў раённай газеце быў надрукаваны артыкул “Усё, што робім, – для людзей”. Чытачы ў курсе фактаў вандалізму, якія адбыліся ў розных лакацыях горада. Праваахоўныя органы раёна выявілі некалькі вінаватых асоб, расследаванне прадаўжаецца.
Высветлілася, што падпал у падвальным памяшканні па вуліцы Навагрудскай, 18 учыніў непаўналетні. Урон ацэнены, бацькі праінфармаваны аб здарэнні, ім патлумачаны парадак аплаты нанесенай сынам шкоды. Учынак хлопца будзе таксама разгледжаны на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама з прыняццем рашэння аб далейшай рабоце з юным падпальшчыкам.
Разам з тым Андрэй Садоўскі звярнуў увагу кіраўніцтва РУП ЖКГ на павышэнне кантролю за памяшканнямі агульнага карыстання ў шматкватэрных жылых дамах. Як адзначыў кіраўнік раёна, здарэнне скончылася амаль “хэпі эндам” – без значнага ўрону і пацярпелых людзей, аднак доступ у падвалы павінен быць абмежаваны для дзяцей і старонніх асобаў, каб падобных надзвычайных выпадкаў не ўзнікала ўвогуле.
Высветліла міліцыя і вінаватых у пашкоджанні гірлянды, якая ўпрыгожвае арэлі на плошчы 17 Верасня ў райцэнтры. У першым выпадку пашкоджанні электраабсталяванню нанёс беспрацоўны дзятлаўчанін 2007 года нараджэння, які прызнаўся праваахоўнікам ва ўчынку. Па факце мяркуецца правесці адкрытае выязное пасяджэнне суда з запрашэннем прэсы. У другім выпадку лямпу на гірляндзе пашкодзіў дзятлаўчанін 2000 года нараджэння.
Пошукі вінаватых у іншых пашкоджаннях прадаўжаюцца.
Лепшы метад барацьбы – прафілактыка
У аператыўна-дзяжурную службу аддзела ўнутраных спраў за мінулую сямідзёнку паступіла 50 паведамленняў. Узбуджана крымінальная справа па факце крадзяжу бензапілы ў пацярпелага ад пажару мужчыны. Пакуль ён знаходзіўся на лячэнні, у згарэлы дом пранік злодзей, пошукамі якога актыўна займаецца міліцыя.
У прадаўжэнне тэмы бяспекі ўвагу акцэнтавалі і на росце колькасці злачынстваў, які адзначаецца з пачатку бягучага года на Дзятлаўшчыне. Сярод іх пераважаюць махлярствы, нявыплата аліментаў, незахаванне патрабаванняў прэвентыўнага нагляду. Каб знізіць лічбы крымінальнай статыстыкі, міліцыя працуе з так званымі групамі рызыкі: у лячэбна-працоўны прафілакторый за красавік ужо ізалявана сем асоб, якія злоўжываюць алкаголем, а ўсяго з пачатку года – 16.
Паколькі сёлета адзначаецца яшчэ і павелічэнне колькасці пажараў у раёне, супрацоўнікі РАНС сфакусіравалі ўвагу на папярэджанні гібелі людзей ад агню. У сельскіх саветах Дзятлаўшчыны актыўна ідзе ўстаноўка аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. Да работы падключыліся прадпрыемствы і арганізацыі раёна. Найперш стаіць задача абсталяваць АПІ ўсе жылыя пакоі адзінокіх пажылых грамадзян і інвалідаў раёна. Па папярэдніх падліках – гэта каля 250 кватэр. На 2-3 квартал вызначаны таксама домаўладанні катэгарыраваных людзей, дзе будуць адрамантаваны печы і праводка.
Набліжаецца час “зялёнага жніва”
У сельгаспрадпрыемствах раёна завяршаецца падрыхтоўка кормаўборачнай тэхнікі: з 25 адзінак 22 спраўныя, а гэта 88 %. Два трактары засталося адрамантаваць ААТ “Граніт-Агра”, адзін у КСУП “Жукоўшчына”, па адной касілцы трэба прывесці да спраўнага стану ў ААТ “Дварэц-Агра”, КСУП “Жукоўшчына” і “Хвінявічы”. Работы гэтыя мяркуецца завяршыць у вызначаны тэрмін. А ў хуткім часе гаспадаркі “Хвінявічы” і “Дварэц” павінны прыступіць да ўборкі на корм паўкоснага жыта.
Крыху адстаюць ад мінулагодняга графіка работы па вапнаванні глебы, аднак грашовыя сродкі, выдзеленыя на гэты працэс, будуць асвоены ў поўным аб’ёме.
Шмат увагі ў сельскай сферы раёна надаецца будаўніцтву прафілакторыяў для цялят, цяпер гэтым займаюцца на малочнатаварных фермах у Белагурне, Войневічах, Жукоўшчыне.
Горад прадаўжае прыгажэць
Камунальнікі ўпрыгожваюць райцэнтр да Дня Перамогі. Адначасова ажыццяўляюцца работы у рамках гадавога плана, якія робяць Дзятлава больш прывабным і камфортным для жыцця. Напрыклад, да стадыі завяршэння падыходзіць капітальны рамонт жылога дома па вуліцы К. Цэткін, 5 у Дзятлаве.
Да 9 Мая плануецца завяршыць укладку пешаходнай дарожкі па вуліцы Міцкевіча, таксама на вуліцах райцэнтра дарожныя службы прадаўжаюць абнаўленне разметкі.
На перадсвяточным тыдні ўжо мяркуецца пачаць першы пакос травы ў зонах адпачынку, мікрараёне вуліцы Навагрудскай, каля абеліска Славы райцэнтра.
Рознае
9 мая ў гарадскім парку ў Дзятлаве ў рамках святкавання Дня Перамогі адбудзецца паказ кінастужкі “Брэсцкая крэпасць”.
На наступным тыдні плануецца правесці раённы бацькоўскі сход, на якім будуць падведзены вынікі навучальнага года, абмеркаваны пытанні бяспекі непаўналетніх на канікулах, расстаўлены акцэнты на асаблівасцях уступнай кампаніі-2026.
23 мая ў 9 гадзін раніцы ў школах Дзятлаўшчыны прагучаць апошнія званкі.
Традыцыйны патрыятычны велапрабег па партызанскіх мясцінах пройдзе ў нашым раёне напярэдадні 9 Мая з удзелам работнікаў райвыканкама, сілавых структур, прадстаўнікоў працоўных калектываў.
Актыўна ў раёне ідзе падрыхтоўка да адкрытага фестывалю сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст”, які мяркуецца спалучыць са святкаваннем Дня горада Дзятлава.
10 мая на плошчы 17 Верасня ў райцэнтры адбудзецца ўрачыстасць да Дня Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga