Пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Вадзіма Бяляткі прайшло пасяджэнне раённага штаба па каардынацыі і кантролі за дзейнасцю студэнцкіх атрадаў, сумешчанае з семінарам-вучобай.

На яго былі запрошаны члены штаба, дырэктары ўстановаў адукацыі раёна, кіраўнікі і іх намеснікі па ідэалагічнай рабоце, спецыялісты па кадрах і ахове працы прадпрыемстваў і арганізацый Дзятлаўшчыны, дзе будуць функцыянаваць студатрады.

– Пытанне дзейнасці студэнцкіх атрадаў знаходзіцца на кантролі кіруючых органаў вобласці і краіны, Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, увагу грамадскасці на яго неднаразова скіроўваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, – зазначыў Вадзім Бялятка. – Мы таксама павінны ўсведамляць важнасць гэтага напрамка ў рабоце, тым больш што з кожным годам колькасць занятых у студатрадах узрастае. 

Прыведзеныя факты пацвердзіла першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык. Расказала, што летась удзельнікамі студатрадаўскага руху ў нашым раёне былі 196 маладых людзей, якія працавалі ў 13 атрадах, што функцыянавалі ў сельгасарганізацыях і на прадпрыемствах. Сёлета заданне па моладзевай занятасці на Дзятлаўшчыне павялічана да 210 чалавек. Мяркуецца, што студатрадаўцы будуць працаваць у пяці гаспадарках раёна, лясгасе, цэнтральнай раённай бальніцы, камунгасе. Зразумела, што для непаўналетніх падобнае рашэнне толькі на карысць, бо ў час канікулаў у іх з’явіцца выдатная магчымасць атрымаць першыя працоўныя навыкі, зарабіць грошы і скіраваць вольны час на добрыя справы.

З большай адказнасцю да маладых работнікаў заўжды даводзіцца адносіцца наймальнікам, таму моладзевы лідар раёна адрасавала ім словы ўдзячнасці за разуменне і плённае супрацоўніцтва, папрасіла больш увагі звярнуць на такія моманты, як забеспячэнне студатрадаўцаў спецадзеннем, арганізацыю для іх пітнога рэжыму, наяўнасць аптэчак, а пры ўстанаўленні спякотнага надвор’я – на карэкціроўку графікаў выхаду на палявыя работы.

Намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Таццяна Дорда патлумачыла, якім павінен быць парадак прыёму на работу ўдзельнікаў студэнцкіх атрадаў. Яна спынілася на асаблівасцях заключэння з такімі работнікамі працоўных і грамадзянска-прававых дагавораў, аплаце працы, іншых аспектах. Спецыяліст акцэнтавала ўвагу наймальнікаў на тым, што непаўналетніх работнікаў нельга прыцягваць да шкодных і цяжкіх работ, а таксама вымушаць працаваць у начны час, звышурочна, у выхадныя і святочныя дні. Дзеці 14-16 гадоў павінны працаваць не больш за 4 гадзіны 36 хвілін на дзень, 16-18 гадоў – не больш за сем гадзін.

З парадкам выкарыстання грашовых сродкаў на развіццё дзейнасці студэнцкіх атрадаў адказных спецыялістаў арганізацый азнаёмілі галоўны бухгалтар раённага камітэта ГА “БРСМ” Наталля Маркава і начальнік раённага сектара фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Вольга Кардаш.

Падводзячы вынікі сустрэчы, Вадзім Бялятка завастрыў увагу ўдзельнікаў семінара на важнасці плённага ўзаемадзеяння пры арганізацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў і вырашэнні пастаўленых задач па моладзевай занятасці.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации