Кіберзлачыннасць, захаванне маладняку буйной рагатай жывёлы, тэхагляд сельскагаспадарчай тэхнікі, святкаванне “Масленіцы” – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

Фінансы – на кантроль

Сельская гаспадарка раёна займаецца тэхнічным узбраеннем да вясновых палявых работ. Завершаны першы этап тэхагляду сельгастэхнікі. Лепш за астатніх сябе паказаў ААТ “Граніт-Агра” – 55 % трактароў прайшлі тэхнічны агляд з першага разу. Увогуле, гаспадаркі набралі добры тэмп і актыўна выводзяць сваіх “жалезных коней” на лінейку гатоўнасці.

Зіма – не толькі час падрыхтоўкі аграрыяў да вясновых палявых работ, гэта перыяд планавання далейшага развіцця жывёлагадоўлі, аналіз сезоннай хвалі выручкі, атрыманай ад рэалізацыі прадукцыі сельскагаспадарчым прадпрыемствам. Старшыня райвыканкама звярнуў увагу спецыялістаў і начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання на кантроль фінансавага становішча прадпрыемстваў, прагназавання грашовых патокаў.

І пажары, і падман

На мінулым тыдні на Дзятлаўшчыне адбыліся тры пажары. Падрабязней аб прычынах расказаў начальнік Дзятлаўскага РАНС Сяргей Казушчык. Адзін пажар – у жылым доме. Гаспадыня вынесла ў кладоўку вуглі з печы, што стала прычынай узгарання. Сумна, цяпер жыць яна паедзе да дзяцей, бо агонь знішчыў амаль увесь дом.

У Жукоўшчыне гарэў аўтамабіль. Успышка адбылася практычна імгненна, як толькі вадзіцель яго завёў – замкнула электраправодка.

У Дзятлаве гаспадарчая пабудова згарэла з-за парушэння гаспадарамі эксплуатацыі кормазапарніка.

Гаварылі і на іншую тэму людской неразумнасці. Штодня папярэджваюць людзей, у тым ліку і раённая газета, аб махлярстве ў сетцы Інтэрнэт. Аднак перамагчы ўпэўненасць чалавека ў тым, што з ім такога не можа здарыцца, напэўна, нерэальна. Начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Вадзім Шчурскі расказаў пра чарговы поспех кіберзлачынцаў. Жыхарка раёна шукала ў інтэрнэце аб’явы аб аказанні турыстычных паслуг. Знайшла. І яе знайшлі. Без падпісання афіцыйных дакументаў, проста паверыўшы на слова чалавеку на інтэрнэт-сувязі, яна пералічыла амаль чатыры тысячы рублёў. Таго, хто будзе адпачываць за гэтыя грошы, цяпер шукае міліцыя. Аднак ці знойдзе.

Захаваем нашу гісторыю разам

Закранулі тэму грамадзянскіх ініцыятыў. Сярод агучаных – навядзенне парадку і аднаўленне парка былой сядзібы Стравінскіх у Міроўшчыне.

Міроўшчына – адно з месцаў, дзе захаваліся матэрыяльныя астанкі гісторыі Дзятлаўшчыны і роду Стравінскіх. Гэта і парк, і часткі пабудоў былой сядзібы, і шматфункцыянальная дрэнажная водная сістэма канца XIX стагоддзя.

Для даведкі: у XVIII стагоддзі Стравінскія пабудавалі ў Міроўшчыне вялікую сядзібу з лістоўніцы. У 1910 годзе Станіслаў Стравінскі мадэрнізаваў сядзібу, пасля чаго дом уяўляў сабой аднапавярховы 13-восевы будынак, які стаяў на нізкім падмурку. Трохвугольная вяршыня порціка падтрымлівалася чатырма калонамі. Дом, пакрыты высокім, спачатку гонтавым, а затым бляшаным дахам быў атынкаваны. На даху былі невялікія люкарны і чатыры высокія коміны. Перад домам, на поўдні, быў размешчаны вялікі газон, па абодва бакі ад якога знаходзіліся аднапавярховыя драўляныя абтынкаваныя надворныя пабудовы. Адна з іх згарэла падчас Першай сусветнай вайны, другая захавалася да 1939 года. Дом быў акружаны вялікім паркам плошчай 40 гектараў, падзелены на старую і новую часткі. Бліжэй да дома знаходзіўся парк са старой ліпавай алеяй, вялікімі лістоўніцамі і каштанамі. На ўсіх газонах былі клумбы, летам вакол дома раслі квітнеючыя алеандры і пладаносныя цытрусавыя дрэвы. На паўночнай ускраіне парку мелася капліца з выразанай з дрэва фігурай Божай Маці. Сядзіба ззяла ўсімі гранямі сваёй вытанчанасці. А сам гаспадар раз’язджаў на аўтамабілі Ford Model A па шматвяковых ліпавых алеях, якія доўжыліся з маёнтка да самага Дзятлава.

Дом памешчыкаў Стравінскіх не захаваўся. Ад былой сядзібы засталіся толькі ўязная брама і парк, у якім растуць дрэвы бука еўрапейскага вышынёй да 30 метраў.

Род Стравінскіх герба Суліма – вельмі старажытны і знакаміты літвінскі род. Да яго належаў вядомы рускі кампазітар Ігар Стравінскі.

Іншыя тэмы коратка

У чацвер, 19 лютага, на Дзятлаўшчыне пройдзе Адзіны дзень інфармавання насельніцтва. Галоўная тэма, якую абмяркуюць у працоўных калектывах раёна і з насельніцтвам па месцы жыхарства, – “Абарончая моц беларускай арміі і патрыятызм у сучасных умовах”.

Таксама члены інфармацыйных груп раскажуць аб прафілактыцы карупцыйных праяваў; пажарах, якія здараюцца ў выніку курэння ў жылым памяшканні; небяспецы тонкага лёду і іншых.

****

У суботу, 21 лютага, у Дзятлаве на стадыёне “Колас” разгарнуцца масленічныя гулянні. Арганізатары запрашаюць на вясёлае мепрыемства на свежым паветры. Абяцаюць насычаную культурную праграму, розыгрышы прызоў і частаванне блінамі і гарачым чаем.

****

Рэспубліканская дыктоўка па беларускай мове, прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы, пройдзе па ўсёй краіне 20 лютага. Яе напішуць усе жадаючыя: як дзеці, так і дарослыя. 

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Похожие публикации