У час рабочага візіту на Дзятлаўшчыну член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Андрэй Жамойда наведаў з маніторынгам Гезгалаўскую амбулаторыю доктара агульнай практыкі.

Галоўны доктар Дзятлаўскай цэнральнай раённай бальніцы Віктар Яцкевіч пазнаёміў сенатара з работай установы аховы здароўя. У зоне абслугоўвання Гезгалаўскага доктарскага ўчастка знаходзіцца сам аграгарадок і 10 прылеглых вёсак Жукоўшчынскага сельскага савета – усяго каля 1,5 тысячы насельніцтва. На гэтай тэрыторыі працуюць КСУП “Жукоўшчына”, Гезгалаўскія сярэдняя школа і яслі-сад, Гезгалаўскае лясніцтва.


Сама амбулаторыя размешчана на першым паверсе шматкватэрнага дома, загадчыца ўстановы доктар агульнай практыкі Галіна Чахаўская. Акрамя яе, тут працуюць стаматолаг, памочнік доктара агульнай практыкі, медыцынская сястра, вядзецца акушэрскі прыём, ажыццяўляюцца фізіятэрапеўтычныя працэдуры.



У ходзе наведвання амбулаторыі дэпутат абмеркаваў з медыцынскімі работнікамі актуальныя пытанні, у ліку якіх – пашырэнне яе плошчы амбулаторыі і кадравая палітыка.

Жыхары аграгарадка звярнуліся да Андрэя Жамойды з пытаннем аб уладкаванні на ганку дома, дзе размешчана амбулаторыя, безбар’ернага асяроддзя, каб усе пацыенты маглі патрапіць на прыём.

Віктар Яцкевіч, якому было адрасавана пытанне, запэўніў, што яны прымуць меры па вырашэнні праблемы сумесна з жыллёва-камунальнай службай раёна, на балансе якой знаходзіцца гэты шматпавярховы дом.
– Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка слушна падкрэслівае, што медыцына – гэта не толькі лячэнне пацыентаў, але і важны складнік бяспекі любой дзяржавы, асабліва нашай. Без здаровай нацыі няма стабільнай эканомікі і развіцця. І ў нашай краіне робіцца ўсё магчымае для аказання якаснай медыцынскай дапамогі насельніцтву, на гэта выдзяляюцца каласальныя дзяржаўныя сродкі. Аднак не трэба забываць, што галоўнае тут, як і ў любой сферы, захаваць кваліфікаваныя кадры, – адзначыў Андрэй Жамойда.
Наталля АВЯРЧУК
Фота аўтара, Ірыны СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga