Нядаўна аўтапарк раённага Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных і іншых арганізацый папоўніўся новым аўтобусам МАЗ на 16 пасадачных месцаў.

Для яго пакупкі з раённага бюджэту было выдзелена 209 000 рублёў. Ключы ад новага аўтобуса вадзіцелю Алегу Лашчэўскаму ўрачыста ўручыла кіраўнік цэнтра Святлана Панасюк. Начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская павіншавала ўстанову з такой значнай падзеяй, падзякавала за работу і пажадала вадзіцелю бяспечных дарог.


– Ад імя нашай арганізацыі, раённага аддзела адукацыі хочам выказаць словы ўдзячнасці кіраўніцтву раёна і асабіста старшыні райвыканкама Андрэю Садоўскаму за дапамогу ў абнаўленні транспартнага парка школьнай тэхнікі. Дзякуй вам за клопат аб падрастаючым пакаленні, бяспецы дзяцей і даступнасці адукацыі на Дзятлаўшчыне, – адзначыла Святлана Віктараўна.

Усяго ў раёне ў 2026-2027 навучальным годзе падвоз арганізаваны для 355 навучэнцаў з больш чым 70 населеных пунктаў. Для гэтага задзейнічаны 11 школьных аўтобусаў, у тым ліку адзін спецыяльна абсталяваны для падвозу дзяцей-інвалідаў, ён знаходзіцца ў карыстанні раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

Бяспечная перавозка дзяцей школьнымі аўтобусамі знаходзіцца на асабістым кантролі ў начальніка аддзела адукацыі Марыны Лашкоўскай. Гэта не толькі патрабаванні да кваліфікацыі вадзіцеля, самаго транспартнага сродку, але і ўмовы бяспекі навучэнцаў, якія рэгулююцца шэрагам нарматыўных дакументаў.

– Нам даверана самае дарагое – падрастаючае пакаленне. Галоўная задача аддзела адукацыі і настаўнікаў – стварыць бяспечныя ўмовы не толькі навучання, але і бяспечнага падвозу школьнікаў да навучальных установаў. Усе гэтыя ўмовы выконваюцца самым сур’ёзным чынам, – расказала Марына Яўгеньеўна.

Са свайго боку ў Цэнтры па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных і іншых арганізацый пацвярджаюць, што ўсё бяспечна і надзейна.

– Мы грунтоўна падрыхтаваліся да новага навучальнага года. Супрацоўнікі міжраённага аддзела ДАІ па абслугоўванні Слонімскага, Дзятлаўскага і Зэльвенскага раёнаў сумесна з прадстаўнікамі філіяла Транспартнай інспекцыі ў пачатку жніўня правялі маніторынг стану школьных аўтобусаў. Усе вадзіцелі, якія ажыццяўляюць падвоз дзяцей, маюць адпаведную катэгорыю, стаж работы і дзеючую медыцынскую даведку, – расказала Святлана Панасюк. – Таксама вытрымліваецца парадак перыядычнага, раз у пяць гадоў, павышэння кваліфікацыі вадзіцеляў.

Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае