Разнастайнасць тавараў і ветлівыя прадаўцы

Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Андрэй Жамойда наведаў з маніторынгам аб’екты гандлю ў спальных мікрараёнах горада Дзятлава.


Сенатар праверыў цэны і асартымент, тэрміны прыдатнасці прадукцыі ў магазінах “Родны Кут”, размешчаных на вуліцах Навагрудскай і Кастрычніцкай райцэнтра, абмеркаваў з прадаўцамі графік работы і завозу тавараў, у пакупнікоў распытаў, ці задаволены выбарам і сэрвісам.


Андрэй Пятровіч адзначыў чысціню і парадак у гандлёвых аб’ектах, ветлівасць работнікаў і разнастайнасць прадукцыі. Цэны на беларускую агародніну лаяльныя: бульба – 1 рубель 7 капеек, капуста – 85 капеек, цана за кілаграм замарожанага філе не самая нізкая, але і не завышаная – 16 рублёў 3 капейкі. У кожным з магазінаў ёсць выбар малочнай і мясной прадукцыі, садавіны і агародніны, крупаў, хлебабулачных вырабаў, самымі папулярнымі з якіх з’яўляюцца тавары Дзятлаўскага хлебнага цэха.

– Невялікія харчовыя магазіны ў крокавай даступнасці ад дома запатрабаваны ў людзей, бо маюць шырокі пералік тавараў першай неабходнасці, часты графік завозу свежай прадукцыі, прымальныя цэны і зручны рэжым работы. Дзякуючы гэтаму яны карыстаюцца папулярнасцю ў дзятлаўчан, – заўважыў парламентарый. – Прыемна было адзначыць, што ў кожным з аб’ектаў працуюць ветлівыя, добразычлівыя прадаўцы, што таксама ўплывае на ўзровень гандлёвага абслугоўвання, а значыць, і на якасць жыцця насельніцтва.



Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае