28 кастрычніка член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Андрэй Жамойда наведаў Дзятлаўшчыну з рабочым візітам.

У памяшканні раённага выканаўчага камітэта ён правёў асабісты прыём грамадзян і прамую тэлефонную лінію.
У час прыёму паступіў тэлефонны зварот ад жыхара Столінскага раёна Брэсцкай вобласці з пытаннем аб прымяненні амністыі па артыкулах 166, 167 (2,3) ККРБ. Дэпутат даў тлумачэнне, адзначыўшы, што падобныя звароты рэгулярна гучаць на прыёмах грамадзян. У сувязі з гэтым сенатары цэнтралізавана накіроўвалі запыты ў Вярхоўны суд і Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь. Андрэй Пятровіч пазнаёміў заяўніка са зместам атрыманых адказаў.

У час візіту на Дзятлаўшчыну Андрэй Жамойда наведаў аграгарадок Гезгалы, паразмаўляў з мясцовымі жыхарамі, якія таксама звярнуліся да парламентарыя з хвалюючымі пытаннямі, якія былі адрасаваны кампетэнтным службам раёна.

Адным з іх з’яўляецца праблема пешаходнага руху праз мост у раёне Гезгалаўскай ГЭС. Начальнік Дзятлаўскага РЭС Міхаіл Ступчык растлумачыў, што праход, створаны ў раёне моста, прызначаны для службовага выкарыстання з абслугоўвання механізмаў гідраэлектрастанцыі і не можа выкарыстоўвацца для іншых мэтаў.

Аграгарадкоўцы цікавіліся магчымасцю зняць наяўныя грашовыя сродкі ў магазіне “Родны Кут” Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства. Намеснік начальніка філіяла Алеся Лазута адзначыла, што такая сістэма найперш укараняецца ў магазінах у тых населеных пунктах, дзе адсутнічаюць цэнтры банкаўскіх паслуг або паштовыя аддзяленні. У аграгарадку Гезгалы ёсць магчымасць зняць грашовыя сродкі з карткі як у банку, так і на пошце. Пры гэтым у планах на лістапад – з’яўленне такога тэрмінала і ў магазіне спажыўкааперацыі.


Адным з самых частых пытанняў у час сустрэчы стала работа ў аграгарадку бара, які належыць КСУП “Жукоўшчына”. Адміністрацыя сельгаспрадпрыемства адзначыла, што цяпер ажыццяўляецца набор персаналу, патрабуюцца спецыялісты на шэраг вакансій, у тым ліку, повара. Пры гэтым, жыхары аграгарадка могуць скарыстацца магчымасцю арандаваць памяшканне і кухоннае абсталяванне для ўласных патрэбаў. Для гэтага трэба звярнуцца да юрысконсульта арганізацыі па тэлефоне 3-24-38.
– Усе мы бачым, як шмат усяго робіцца для паляпшэння дабрабыту, навядзення парадку і ўтульнасці ў населеных пунктах. Пры гэтым, пытанні, з якімі людзі прыходзяць на прыём, пераважна бытавога характару і рашэнні да іх банальныя, звычайна яны патрабуюць увагі і неабыякавасці адказных арганізацый, – адзначыў Андрэй Жамойда. – Многія праблемы можна вырашаць на месцах, і такія прыёмы, як сённяшні, з’яўляюцца каталізатарам для гэтага.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga