Пранікнёныя песні, кветкі, шчырыя віншаванні, цёплыя сустрэчы.
У Беларусі напярэдадні 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне стартавала віншавальная эстафета з выплатай матэрыяльнай дапамогі асобным катэгорыям грамадзян паводле пастановы Савета Міністраў № 160 і ўзнагароджваннем юбілейнымі медалямі “80 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў”.

2 мая да акцыі далучылася Дзятлаўшчына. На адрасы землякоў з ліку былых работнікаў тылу, вязняў фашысцкіх канцлагераў, сем’яў загінулых (усяго ў нашым раёне такіх налічваецца 11 чалавек) накіраваліся прадстаўнікі ўлады, дэпутацкага корпусу, актывісты раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў “Белая Русь”, “Беларускі саюз жанчын”, “БРСМ”, Таварыства Чырвонага Крыжа, раённага савета ветэранаў, прафсаюза, работнікі пошты, пракуратуры, ваеннага камісарыята, школьнікі, артысты, члены калектываў, дзе раней працавалі гэтыя людзі.
Самыя цёплыя словы і пажаданні гучалі для тых, хто адстаяў для нас незалежнасць і мірнае неба, выжыў у пажарышчы ваеннага ліхалецця. Кожнаму з іх уручылі пісьмы-трохкутнічкі – віншаванне ад Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і святочныя паштоўкі ад Дзятлаўскага райвыканкама.

Вялікую групу гасцей на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Аляксандрам Бараноўскім сустракала былая работніца тылу, жыхарка вёскі Малдавічы Марыя Цімафейчык, якая цяпер жыве ў дачкі ў вёсцы Дзераўная Слонімскага раёна.

– Напярэдадні важкай даты, юбілейнага Дня Перамогі, мы прыехалі шырокім саставам, ёсць нават прадстаўнікі з Гродна, – звярнуўся да Марыі Якаўлеўны Аляксандр Бараноўскі. – Жадаем моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця, бадзёрасці духу і ўсяго найлепшага. Вы ў нашым раёне адна, хто застаўся з былых работнікаў тылу і ў свой час самаадданай працай набліжаў мір і Вялікую Перамогу. Для вас прывезлі шмат падарункаў, у тым ліку ад старшыні Гродзенскага аблвыканкама Юрыя Караева – кнігу аб нашым Прэзідэнце. Жывіце доўга і шчасліва.

Юбілейны медаль “80 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў” Марыі Цімафейчык уручыў ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец. Начальнік раённага вузла паштовай сувязі Наталля Цітова перадала грашовую выплату. Да віншаванняў з падарункамі далучыліся старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Вадзім Бялятка, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Васкель, старшыня Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства Мікалай Гародка, старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама Ала Гародка, лідары і актывісты галіновага прафсаюза, ветэранскай арганізацыі, ГА “БРСМ”, Таварыства Чырвонага Крыжа, а работніцы Казлоўшчынскага дома культуры прэзентавалі яркую музычную паштоўку з песнямі “Кацюша” і “Дзень Перамогі”, якія прысутныя праспявалі хорам.





Марыя Цімафейчык расказала сваім гасцям гісторыю жыцця брата Івана Вінаградава, які праходзіў тэрміновую ваенную службу ў званні намесніка палітрука ў Брэсцкай крэпасці і загінуў каля Холмскіх варот у першыя дні вайны. Пра яго смерць сястра даведалася толькі ў 80-х, прачытаўшы прозвішча ў кнізе “Яны змагаліся за Радзіму”. Пазней звесткі дакументальна пацвердзіліся.



У гэты ж дзень у вёсцы Пруд удзельнікі акцыі, да якіх далучыліся работнікі КСУП “Войневічы”, з выплатай і падарункамі наведалі Сяргея Яфіміка – члена сям’і загінулых у ваенны час. У Харабровічах – Сяргея Рабца, былога вязня фашысцкага канцлагера, які атрымаў яшчэ і юбілейны медаль. Грошы, медаль і падарункі перададзены яшчэ аднаму былому вязню Антону Ляўкевічу з гарпасёлка Казлоўшчына. У гарадскім пасёлку Наваельня віншаванні прымалі мясцовыя жыхаркі Ніна Голікава і Ніна Гутарава. Былому вязню нямецкіх канцлагераў Ніне Голікавай, акрамя матэрыяльнай дапамогі, таксама ўручаны юбілейны медаль.

























Віншавальная эстафета прадаўжаецца.
Даведка: Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 27 лютага падпісаў указ № 80 “Аб юбілейным медалі”, якім зацверджана палажэнне аб узнагароджванні. Дакумент прыняты для рэалізацыі рашэння Савета кіраўнікоў дзяржаў – удзельнікаў СНД ад 9 верасня 2024 года аб зацвярджэнні адзінага юбілейнага медаля ў гонар 80-годдзя Вялікай Перамогі. У беларусі ім ўзнагароджваюцца ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, былыя вязні фашысцкіх канцлагераў, турмаў, гета, а таксама асобы, якія ўнеслі значны ўклад у героіка-патрыятычнае выхаванне насельніцтва і ўвекавечанне памяці аб героях, удзельніках і ахвярах вайны.
Ірына СТЫРНІК
Фота Ірыны СТЫРНІК, Наталлі АВЯРЧУК
#нашелучшее #нашалепшае #Дятловщина