Сёння анлайн-пакупкі – частка нашага жыцця.
Што варта памятаць, набываючы тавары праз інтэрнэт, расказала Анастасія Сідаровіч, следчы раённага аддзела Следчага камітэта:
– Кожную гадзіну людзі ажыццяўляюць шмат пакупак анлайн. Акрамя маркетплэйсаў, робяць іх праз сацыяльныя сеткі і месенджары.
Адной з гандлёвых пляцовак з’яўляецца месенджар Тэлеграм, дзе ёсць розныя каналы з таварамі. Акрамя таго, там пастаянна папулярызуюць рэкламу з магазінамі. Аднак некаторыя каналы належаць зламыснікам. Як правіла, на іх прапануюць тавары па прыемна нізкіх цэнах. Патэнцыяльныя пакупнікі ажыццяўляюць свой выбар і ўносяць папярэднюю частковую аплату або нават усю суму, пераводзячы на банкаўскую картку. На гэтым перапіска з месенджарамі “магазіна” спыняецца, тавар не пастаўляецца, і грашовыя сродкі не вяртаюцца пакупніку.
Найчасцей грамадзян прывабліваюць менавіта нізкія цэны пры выбары падарункаў або рэчаў для ўласнага карыстання, аднак пакупкі да іх так і не даходзяць.
Каб пазбегнуць расчаравання і страты грошай, неабходна ўважліва правяраць інтэрнэт-магазін, у якім збіраецеся ажыццявіць заказ, больш крытычна адносіцца да цэнаў і спосабаў аплаты тавараў.
Следчы камітэт заклікае жыхароў раёна быць абачлівымі ў інтэрнэце, не набываць тавараў у сумніўных малавядомых прадаўцоў і папярэдне не пераводзіць грашовыя сродкі зламыснікам. Калі ёсць падазрэнне наконт махлярства або ўжо пацярпелі ад яго, абавязкова паведамляйце пра гэта ў праваахоўныя органы. Такім чынам не толькі паклапоціцеся пра сябе, але і абароніце іншых пакупнікоў ад падману.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga