11 верасня ў памяшканні райвыканкама прыём грамадзян і прамую тэлефонную лінію правёў першы намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці Аляксандр Садаўнічы.

Да яго паступілі чатыры звароты, большасць – з вёскі Засецце нашага раёна. Вяскоўцы прасілі разгледзець пытанне са змяненнем руху праз населены пункт сельскагаспадарчай тэхнікі і цяжкагрузных машын. Аляксандр Міхайлавіч адзначыў, што сітуацыя будзе ўзята на кантроль дзяржаўнымі органамі і кіраўніцтвам раёна. Сваё бачанне праблемы выказалі начальнік аддзела архітэктуры і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Алена Грамко і кіраўнік СГФ “АграМілк” Павел Веляпольскі, які атрымаў даручэнне разабрацца ў сітуацыі больш дэталёва.


Яшчэ адзін эмацыйны зварот таксама паступіў з Засецця. Мясцовы жыхар хваляваўся аб тым, што мясцовы магазін спажывецкай кааперацыі збіраюцца зачыняць, што будзе вельмі нязручным: на сёння ў вёсцы жывуць каля 200 чалавек. Аб’ектыўную інфармацыю па тэме дала намеснік старшыні райвыканкама Вольга Жэлезоўская. Яна адзначыла, што інфармацыя заяўніка не супадае з рэальнасцю.

– Сапраўды, праз месяц звальняецца загадчыца магазіна, аднак кандыдатура новага работніка ўзгоднена, таму магазін і далей будзе працаваць у звычайным рэжыме. Названы магазін з’яўляецца аб’ектам прыдарожнага сервісу, таму не можа быць зачынены, – адзначыла яна.
Адно з пытанняў з вёскі Белагурна закранала сферу жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Як высветлілася ў час прыёму, кіраўніцтва ЖКГ валодае сітуацыяй і прымае меры для яе вырашэння ў планавым парадку. Аднак жыхары дома, якія звярталіся ў арганізацыю, не ведалі аб гэтым.
Наступны зварот тычыўся апекі над непаўналетнімі: грамадзянка запісалася, аднак не прыйшла на прыём. Падрабязнасці справы расказалі галоўны доктар Дзятлаўскай ЦРБ Віктар Яцкевіч і начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская.
Аляксандр Міхайлавіч падвёў вынік і выказаў сваё меркаванне аб прыёме грамадзян на Дзятлаўшчыне:

– Сённяшні прыём быў насычаным і ў той жа час нетыповым па характары зваротаў. Усяго адно з пытанняў, якія паступілі, тычылася сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, хоць звычайна іх паступае больш. Пры гэтым заяўнікаў хвалявалі арганізацыя дарожнага руху і выхавання дзяцей, што з’яўляецца вельмі рэдкім у практыцы прыёмаў грамадзян.
Калі б мне давялося асабіста даваць адказ грамадзянцы па тэме апякунства, якая была заяўлена, хацеў бы найперш падзякаваць за тое, што жанчына нараджае дзяцей, павышае дэмаграфічную сітуцыю ў раёне і краіне. З іншага боку, калі грамадзяне не маюць рэсурсаў і магчымасцяў самім паклапаціцца пра дзяцей, гэты клопат бярэ на сябе дзяржава.
Пытанне аб нагрузцы на дарогі і рабоце сельгаспрадпрыемства патрабуе больш падрабязнага разгляду і канкрэтных рашэнняў: важна, з аднаго боку, захаваць законнасць працэдур, з другога – зрабіць усё па-людску, не пакрыўдзіць вяскоўцаў.
Што тычыцца сітуацыі з жылкамунгасам, тут ёсць над чым задумацца і самім камунальнікам. Адказныя асобы атрымалі ад жыхаркі раёна заяўку, якую ўзялі ў работу, аднак не далі грамадзянцы зваротную сувязь. У выніку пытанне вырасла да звароту на тэлефонную лінію дзяржкантролю.
Пасля завяршэння прыёму Аляксандр Садаўнічы выехаў у вёску Засецце, каб на месцы ацаніць сітуацыю і далейшы план дзеянняў па ёй.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga