Адукацыя і выхаванне – працэс няспынны, што пацвярджае вялікая колькасць падзей і рашэнняў, якія характэрны для сферы на працягу ўсяго года.
Марына Лашкоўская, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама, расказала, якія тэмы цяпер знаходзяцца ў цэнтры увагі:
– Прымаюцца рашэнні наконт аптымізацыі адукацыйнай сеткі раёна. На Дзятлаўшчыне працуюць чатыры ўстановы адукацыі з невялікай колькасцю навучэнцаў і выхаванцаў. Гэта Жукоўшчынская і Раклевіцкая пачатковыя школы, а таксама Вензавецкая і Круцілавіцкая базавыя школы. Калі дзве апошнія былі рэарганізаваны літаральна ў гэтым навучальным годзе і на наступны прадоўжаць сваю работу ў такім жа статусе, то па дзвюх першых сітуацыя іншая.
З 1 верасня 2026-2027 навучальнага года Жукоўшчынская пачатковая школа будзе закрыта. Цяпер на разглядзе ў Міністэрстве адукацыі знаходзіцца рашэнне па рэарганізацыі Раклевіцкай базавай школы ў дзіцячы сад. Пасля пераўтварэнне там будуць выхоўвацца 11 дзяцей-дашкольнікаў.
Сярод прыемных навін – дасягненні маладых дзятлаўчан. У рэспубліканскім конкурсе-канферэнцыі даследчых работ навучэнцаў па вучэбных прадметах дыпломам за трэцяе месца адзначана адзінаццацікласніца Лізавета Дварчанін з сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча за работу па геаграфіі “Асаблівасці развіцця лячэбна-аздараўленчага турызму ў Дзятлаўскім раёне” (педагог Вольга Роўба). У секцыі “Інфарматыка” гэтага ж конкурсу за праект “Гульня-сімулятар “Тэхнашкола” Пахвальны водгук за паспяховае выступленне атрымала Лізавета Маліка з Новаяльнянскай сярэдняй школы імя А. А. Шаўчук (педагог Валерый Нагорны). На жаль, не адзначана ўзнагародамі работа адзінаццацікласніка Паўла Ганчара з Дварэцкай сярэдняй школы “Структурна-семантычная характарыстыка мікратапонімаў Дзятлаўшчыны” на прыкладзе даследаванняў тапонімаў аграгарадка Дварэц і яго ваколіц. З ёй юнак выступіў у секцыі “Беларуская мова”. Правесці цікавае і грунтоўнае даследаванне навучэнцу дапамагала педагог Лідзія Жых.
Завяршаецца работа над праектам летняга аздараўлення школьнікаў нашага раёна. Плануецца, што на самых вялікіх канікулах на Дзятлаўшчыне будуць функцыянаваць розныя тыпы летнікаў: дзённыя, працы і адпачынку, палатачныя ў маляўнічых мясцінах раёна, кругласутачныя. Яны будуць адкрыты на базе ўсіх установаў адукацыі, у тым ліку Дзятлаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Мяркуецца, што адпачнуць у іх і набяруцца сіл 1050 хлопчыкаў і дзяўчынак, а пры магчымасці і больш. Іх чакаюць гульні і забаўкі, цікавая праграма, шмат крыснай інфармацыі і спраў.
З 2 па 5 сакавіка ў Гродне праходзіць абласны этап рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года-2026”. Наш раён на ім прадстаўляюць настаўніца хіміі сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы Алена Рынгель і настаўніца замежнай мовы Гезгалаўскай сярэдняй школы імя М. І. Нядзеліна Наталля Ліцкевіч. У рамках іспытаў іх чакаюць псіхолага-педагагічнае тэсціраванне, адкрыты ўрок у незнаёмым класе, майстар-клас і самапрэзентацыя.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga