Сельгаспрадпрыемствы Дзятлаўшчыны кожны год сеюць правераны часам клін яравых і азімых культур, якія ў далейшым будуць выкарыстоўвацца для выканання дзяржзаказу, патрэбаў жывёлагадоўлі або для продажу. І амаль кожны год асобныя гаспадаркі эксперыментуюць у вырошчванні культур, якія не назавеш у ліку папулярных для нашага раёна. Так, сёлета двойчы здзівілі аграрыі КСУП “Войневічы”. Па-першае, калі пасеялі на сваіх землях 50 гектараў сланечніка, па-другое, калі прыстасавалі жатку звычайнага збожжаўборачнага камбайна пад уборку гэтай капрызнай культуры.

– Сеялі гібрыд “Аліва” 6 і 7 мая. У працэсе росту выканалі ўвесь комплекс неабходных доглядавых працэдур: уносілі азотныя, калійныя і фосфарныя ўгнаенні, правялі хімпраполку гербецыдамі і дзве фунгіцыдныя апрацоўкі ад хваробаў, – расказаў намеснік дырэктара Аляксандр Лахач. – Гэта першы наш вопыт з гэтай культурай, ураджай будзем рэалізоўваць на алейныя заводы.

Ужо з верасня ў гаспадарцы ідзе ўборка сланечніка, на якой цяпер заняты механізатар Уладзімір Шалесны на сваім камбайне GS-12. Чацвёрты сезон ён працуе ў КСУП “Войневічы”, куды прыйшоў з былога калгаса “Слава працы”. З’яўляецца актыўным удзельнікам уборкі збожжавых культур, сёлета ўзяў тысячу тон намалоту.





– Папрацавалі на славу, адсвяткавалі “Дажынкі”, але работы да зімы яшчэ нямала. Я першы дзень на ўборцы сланечніка, працую адзін, без памочніка, асвойваю нестандартнае жніво, – расказвае Уладзімір Адамавіч і дзеліцца сакрэтамі работы. – Таямніцы тут ніякай няма. Галоўнае – правільна настроіць камбайн: у нас аўтаматыкі няма, усе параметры выстаўляем уручную. А каб сланечнік не выскакваў назад на поле, прыладзілі да жаткі драўляныя лопасці. Працуем ад расы да расы, абед прывозяць на поле, так што ўсё задавальняе.



Час выгружаць бункер, і на поле прыязджае яшчэ адзін удзельнік жніва-2026 – пераможца сярод вадзіцеляў аўтамабіляў ГАЗ-53 Станіслаў Кулеш. Ён па-свойму любіць работу ў сельскай гаспадарцы, без якой даўно сябе не ўяўляе.



– Работа ў полі – найлепшы сродак ад кепскага настрою і любых перажыванняў. Прыязджаю сюды і адпачываю душой, – прызнаецца ён.



Аграрыі сельгаспрадпрыемства ўбралі ўжо палову плошчы сланечніка. Разам з тым у сельгаспрадпрыемстве прадаўжаецца ўвесь комплекс асенніх палявых работ: ідзе закладка сіласу, таксама ўборка кукурузы на зерне, адразу тры трактары ўдзельнічаюць у ворыве, два – сеюць азімае жыта.

Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае