Міліцэйская служба, як спяваецца ў вядомай многім песні, цяжкая, небяспечная і на першы погляд як быццам нябачная. Аднак той, хто знайшоў у ёй сваё прызванне, не палохаецца ніякіх складанасцяў. Штогод маладымі кваліфікаванымі супрацоўнікамі папаўняюцца органы ўнутраных спраў. У Дзятлаўскім раённым аддзеле сёлета чакаюць на працу чатырох выпускнікоў Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў – гэта Кірыл Міснік, Максім Кароль, Ягор Лазута і Дзмітрый Анішчык. Цяпер яны праходзяць пераддыпломную практыку. Моладзь падзялілася, ці падабалася вучыцца ў адной з вядучых ВНУ нашай краіны і як робіць першыя крокі ў прафесіі.
Лепшага шляху для сябе не бачу

Дзмітрый Анішчыкскончыў Новаяльнянскую сярэднюю школу. Гаворыць, што паступаць у акадэмію было яго спантанным рашэннем, за кампанію з аднакласнікам. І выбар гэты стаў лёсавызначальным, аб якім ні разу не пашкадаваў.
– Я вучыўся на факультэце міліцыі грамадскай бяспекі, было цікава і нескладана, – гаворыць Дзмітрый. – Без перабольшання скажу, што мне падабалася ўсё: і вывучаць юрыспрудэнцыю, спакойна седзячы за кнігамі, і авалодваць прыёмамі барацьбы, затрымання, самаабароны ў спартыўнай зале. Зусім не напалохала і жыццё ў казарме, да якога хутка прывык. За час вучобы больш сацыялізаваўся, з’явіліся новыя погляды на жыццё, стаў сур’ёзнейшы, бо ў гэтай прафесіі па-іншаму ніяк. Кожнае лета ў нас была практыка ў Мінску, дзе вучылі, як наладжваць кантакт з людзьмі, правільна працаваць, гэта карысны вопыт, які спатрэбіцца ў далейшай працоўнай дзейнасці.
Цяпер будучы праваахоўнік праходзіць пераддыпломную практыку на пасадзе інспектара крымінальна-выканаўчай інспекцыі. Адзначае, што ўжо стараецца працаваць больш як рэальны супрацоўнік, а не проста курсант, самастойна прымаць рашэнні. Дапамагае яму ў гэтым старэйшы калега Сяргей Клімчук. У абавязкі Дзмітрыя ўваходзіць выконваць пакаранні, не звязаныя з ізаляцыяй ад грамадства, – грамадскія, папраўчыя работы, весці ўлік асоб, якія маюць судзімасць, нагляд за імі.
– З работай спраўляюся, – запэўнівае малады чалавек. – Так як наш раён невялікі, то нагрузкі менш, чым, напрыклад, у Мінску. Ужо хочацца хутчэй скончыць вучобу і прыйсці працаваць паўнавартасным супрацоўнікам. Хачу прысвяціць службе ў міліцыі ўсё жыццё, спадзяюся, так яно і будзе. Лепшага шляху для сябе не бачу. Дадзеная работа не для ўсіх, не кожны зможа тут застацца, вытрымліваць нагрузку, а толькі тыя, каму гэта сапраўды падабаецца і хто “гарыць” за сваю справу. У рабоце праваахоўніка галоўным лічу імкненне дапамагаць людзям, паважаць іх, разбірацца ў праблемах іншых, быць справядлівым.
З нагоды прафесійнага свята хачу пажадаць усім супрацоўнікам міліцыі поспехаў на службе, каб дастойна пераносілі ўсе складанасці, аптымізму і павагі.
Быць прыкладам для ўсіх

Яшчэ ў дзявятым класе Ягор Лазута вырашыў, што стане праваахоўнікам. Выбар будучай прафесіі не быў выпадковым, бо ў юнака і тата, і дзядуля таксама служылі ў міліцыі. Пасля заканчэння Казлоўшчынскай сярэдняй школы паступіў у Акадэмію МУС на факультэт міліцыі грамадскай бяспекі.
– З дзяцінства ў маім акружэнні былі людзі ў форме, таму проста лічу сваім прызваннем прадоўжыць гэту эстафету, – гаворыць Ягор. – Вучыцца вельмі падабалася. Часам былі і складанасці, але пераадолець іх абсалютна магчыма, калі старацца. Спачатку на курсе маладога байца прыходзілася прывыкаць да новага рэжыму, але хацелася даказаць самому сабе, што я здольны прайсці гэты шлях, даваў сабе ўстаноўку, што неабходна пацярпець цяпер, каб потым было лёгка. Знайшоў шмат сяброў з усёй Беларусі, лічу сяброўства курсантаў вельмі моцным і надзейным. На ўсё жыццё са студэнцкіх гадоў запомніцца мне ўдзел у святочным парадзе на 9 Мая ў 2025 годзе. За гэта атрымаў падзяку ад міністра ўнутраных спраў, наручны гадзіннік, які я з гонарам нашу.
Пераддыпломную практыку хлопец праходзіць на пасадзе ўчастковага інспектара міліцыі ў Казлоўшчыне, яго куратарам з’яўляецца Дзмітрый Плаўскі, вопытны ўчастковы, які шмат дапамагае маладому спецыялісту.
– Дзмітрый Станіслававіч навучыў мяне прымяняць сілу павагі да людзей, а гэта вельмі важна ў нашай рабоце. У ролі ўчастковага працаваць цікава. Я не люблю кабінетную работу, а на гэтай пасадзе пастаянна ў руху, сустракаешся з новымі людзьмі, адчуваеш, што ад цябе многае залежыць. Хаця моманты бываюць розныя: хтосьці паважае, іншыя імкнуцца даказаць сваё, што не заўсёды бывае законна і гуманна.
Я яшчэ толькі ў пачатку прафесійнага шляху, але энтузіязм, імкненне спасцігаць спецыфіку міліцэйскай службы ў мяне вялікае. Галоўным у ёй лічу мэтанакіраванасць, дакладнасць сваіх дзеянняў і ўпэўненасць у іх. Міліцыянер – гэта такі чалавек, які павінен хутка і правільна мысліць. Неабходна так працаваць і жыць, каб быць прыкладам для ўсіх.
Усім супрацоўнікам у Дзень міліцыі хачу пажадаць самага галоўнага – быць адданымі той справе, якой займаюцца, упэўненымі ў заўтрашнім дні.
Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае