Пачатак кастрычніка – асаблівы перыяд для ўсіх тых, хто звязаў сваё жыццё з высакародным прызваннем настаўніка.

Мы, навучэнцы 11 класа педагагічнай групы сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы, хочам расказаць пра тое, як нашы педагогі старонка за старонкай пісалі гісторыю нашай любімай першай школы.

Нядаўна адсвяткавала свой 90-гадовы юбілей легендарны педагог, чалавек з вялікай літары – Ядзвіга Аляксандраўна Кійко. Для многіх пакаленняў жыхароў нашага горада яе імя асацыіруецца з мудрасцю, душэўнай шчодрасцю і бязмежнай вернасцю сваёй прафесіі. Большая частка яе працоўнага жыцця непарыўна звязана з сярэдняй школай № 1, якая стала для яе другім домам, а для сотняў яе вучняў – стартавай пляцоўкай у вялікае жыццё.

Ядзвіга Аляксандраўна шмат гадоў выкладала ў школе матэматыку. Па словах яе вучняў, яна лагічна і даступна ўмела растлумачыць складаныя геаметрычныя тэарэмы і трыганаметрычныя формулы так, што царыца навук у яе выкананні не была сухой і сумнай. Настаўніца валодала незвычайным дарам: яна ўмела разгледзець іскру таленту ў кожным дзіцяці, знайсці падыход да вучня і захапіць яго сваім прадметам.

Школа памятае Ядзвігу Аляксандраўну не толькі як бліскучага прадметніка. Доўгія гады яна працавала намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Разам са сваімі аднадумцамі і калегамі Вольгай Канстанцінаўнай Галадновай, Яўгеніяй Рыгораўнай Савань і Марыяй Уладзіміраўнай Сташэнка яны стваралі тую самую непаўторную, цёплую, творчую атмасферу першай школы. Гэта была моцная, згуртаваная каманда, якая арганізоўвала незабыўныя мерапрыемствы і выхоўвала ў дзецях сумленнасць, патрыятызм і чалавечнасць, заклала найлепшыя традыцыі школы.

Высокі прафесіяналізм, наватарскі падыход да навучання і шчырая любоў да сваёй справы не засталіся незаўважанымі. За доўгія гады бездакорнай працы Ядзвіга Аляксандраўна была ўдастоена ганаровага звання “Выдатнік народнай адукацыі”. Гэта высокая ўзнагарода – прызнанне яе вялізнага ўкладу ў развіццё педагогікі Дзятлаўшчыны. Сама яна заўсёды лічыла сваёй галоўнай і самай каштоўнай узнагародай поспехі сваіх выпускнікоў, сярод якіх сёння ёсць дактары, інжынеры, ваенныя, вучоныя і, вядома ж, педагогі, якія працягнулі справу свайго настаўніка.

Калегі, якім пашчасціла працаваць разам з Ядзвігай Аляксандраўнай, успамінаюць яе як надзейнага сябра, мудрага дарадцу. Яна заўсёды ўмела падтрымаць маладога спецыяліста словам і справай, падзяліцца ўнікальным вопытам кіруючай і педагагічнай дзейнасці.

Ядзвіга Аляксандраўна Кійко – яркае адлюстраванне сутнасці настаўніцкай працы. Вывучыўшы яе жыццёвы шлях, мы з асаблівым трапятаннем усведамляем, за што менавіта мы любім і цэнім нашых педагогаў.

Зарына МАКАРЧУК,
Паліна ПАЛУНОСІК,
юныя журналісты газеты “Перамога”, навучэнцы 11 класа сярэдняй школы № 1 г. Дзятлава імя А. М. Чурылы

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае #годбелорусскойженщины

Похожие публикации