Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прымаючы 3 сакавіка кадравыя рашэнні, даручыў ураду заняцца праблемай адтоку людзей з рэгіёнаў: “Нам трэба абавязкова звярнуць увагу на адток людзей з рэгіёнаў. Ні ў якім разе нельга дапускаць гэтага адтоку”.
Сваім меркаваннем па тэме падзялілася начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Васкель:
– Сёння адна з вострых праблем у рабоце любой арганізацыі – дэфіцыт кадраў. У пытаннях іх замацавання шмат залежыць і ад кіраўніка арганізацыі, і тут вельмі важна забяспечыць аптымальнае спалучэнне інструментаў матэрыяльнага і нематэрыяльнага стымулявання. На маю думку, для замацавання кадраў неабходны тры асноўныя складнікі.
У першую чаргу, станоўчае рашэнне пытанняў забяспечанасці дастойным жыллём. У гэтым плане ў нашым раёне робіцца нямала: прадастаўляюцца добраўпарадкаваныя інтэрнаты, арэнднае жыллё. Так, у лютым 2025 года ў Дзятлаве ўведзены ў эксплуатацыю новы шматкватэрны дом. Жыллё, няхай і арэнднае, – прыярытэт для тых, хто едзе працаваць не па месцы жыхарства. Гэта важны момант, які дазваляе адчуваць сябе камфортна і рэалізоўвацца прафесійна, не хвалюючыся за бытавыя пытанні.
Па-другое, найбольш эфектыўны спосаб замацавання маладых спецыялістаў на месцах пасля абавязковай работы па размеркаванні – стварэнне ўмоў для прафесійнага кар’ернага росту, дапамога ў вырашэнні бытавых пытанняў. Гэта зачын на тое, што ў перспектыве не давядзецца шукаць замену добраму работніку. Для вырашэння пытання замацавання маладых спецыялістаў неабходна забяспечыць індывідуальны падыход да іх: наймальніку трэба распрацаваць пад кожнага дарожную карту яго адаптацыі і замацавання, прадугледзець дадатковыя стымулюючыя метады. Важную ролю ў прыцягненні і замацаванні кадраў адыгрывае і мадэрнізацыя вытворчасці, аўтаматызацыя працэсаў і ўдасканаленне ўмоў працы.
Ну і па-трэцяе, трэба шукаць спосабы даць магчымасць зарабіць дадатковыя сродкі маладому чалавеку. Сёння ў Беларусі ўстаноўлены стымулюючыя выплаты выпускнікам, якія прыбылі на працу ў бюджэтныя арганізацыі. Напрыклад, у падпарадкаваныя Міністэрствам адукацыі і культуры – у памеры ад 20 да 45 % ад акладу, Міністэрству спорту і турызму – ад 10 да 50 %, сістэме Міністэрства аховы здароўя – ад 20 да 50 % ад акладу,
сістэме Міністэрства працы і сацыяльнай абароны – 10 %.
У калектыўных дагаворах асобных арганізацый знаходзяць сваё адлюстраванне палажэнні, якія прадугледжваюць устанаўленне аднаразовых выплат работнікам запатрабаваных прафесій, якія заключылі кантракт на 5 гадоў.
Для прыцягнення і замацавання кадраў у вёсцы, аказання дадатковай падтрымкі прыцягнутым на работу ў сельскую мясцовасць, у нашай краіне ў новай рэдакцыі прынята Інструкцыя, зацверджаная пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі № 101, якая прадугледжвае аказанне фінансавай падтрымкі беспрацоўным грамадзянам пры перасяленні ў сельскую мясцовасць. Яна аказваецца ў памеры дзевяцікратнай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, які дзейнічае на дату працаўладкавання. З 1 лютага 2025 года гэта 4028,76 рубля.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашалепшае #нашелучшее