Вясновыя клопаты сельскай гаспадаркі, вынікі рэпетыцыйнага цэнтралізаванага экзамену, аб’екты будоўлі, навядзенне парадку на зямлі – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.
На палях ужо віднеюцца “РОСЫ”
Гаспадаркі раёна пачынаюць падкормку азімых культур. Старшыня райвыканкама адзначыў, што пасля зімы раслінам неабходна падтрымка, эфектыўнасць падкормак шмат у чым залежыць ад прымянення іх у аптымальныя тэрміны, таму апырсквальнікі “РАСА”, якія выкарыстоўваюцца для выканання значных аб’ёмаў ахоўных мерапрыемстваў, цяпер галоўны памочнік аграрыяў, і паставіў задачу ўсім гаспадаркам актыўна ўключыцца ў работу на палях.
Таксама Андрэй Уладзіміравіч нагадаў аб рэалізацыі далей вызначаных планаў па рамонце тэхнікі.
Сфера жывёлагадоўлі не застаецца без увагі спецыялістаў упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. Як паведаміла начальнік аддзела арганізацыі вытворчасці ўпраўлення Ірына Грыбінюкова, адрэгуляваны рацыёны харчавання жывёлы на фермах і комплексах раёна, “выраўноўваецца” сітуацыя па надоях у КСУП “Жукоўшчына”.
Планавыя капрамонты і новыя аб’екты будоўлі
Абмеркавалі на нарадзе тэмпы падрыхтоўкі дакументацыі і выбару падрадчыкаў для капітальных рамонтаў дамоў і добраўпарадкавання дваровых тэрыторый, рамонту навучальных установаў.
Дырэктар Дзятлаўскага РУП ЖКГ Васілій Пяцюк расказаў аб этапах будаўніцтва фантана на плошчы 17 Верасня ў Дзятлаве. У бліжэйшы час спецыялісты пачнуць рыхтаваць пляцоўку для ўстаноўкі чашы будучага фантана, набываецца плітка для ўкладкі дарожак каля яго, прадугледжваецца ўстаноўка лавак, іншых аб’ектаў для зручнага і камфортнага адпачынку дзятлаўчан і гасцей горада.
Інфармацыйныя шыльды з’явяцца на могілках
Андрэй Садоўскі даў даручэнне сельскім выканаўчым камітэтам і камунальнай службе навесці парадкі на могілках. Іх у нашым раёне 21. Таксама ўстанавіць, дзе яшчэ няма, кантэйнеры для смецця на спецыяльных пляцоўках. Летась РУП ЖКГ было набыта 35 штук, на сёння ўстаноўлены 14. Работы будуць прадоўжаны.
Кіраўнік раёна звярнуў увагу на абавязковым размяшчэнні вычарпальнай інфармацыі для наведвальнікаў могілак, куды можна звярнуцца па пытанні пахавання чалавека, дзе выкінуць састарэлыя вянкі, штучныя кветкі і іншай.
Акрамя таго, Андрэй Уладзіміравіч заклікаў арганізацыі, прадпрыемствы раёна і ўсіх жыхароў да навядзення парадку на зямлі, добраўпарадкавання населеных пунктаў Дзятлаўшчыны.
Палы з-за падпалу
У працяг тэмы добраўпарадкавання начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Казушчык папярэдзіў аб неабходнасці выканання грамадзянамі правілаў выпальвання сухой расліннасці. За два тыдні ў раёне ўжо зафіксаваны шэсць узгаранняў у экасістэме. Небяспека не толькі ў тым, што пажар наносіць сур’ёзныя матэрыяльныя страты, як гэта здарылася 24 лютага ў Мастах, калі з-за падпаленай сухой травы згарэлі чатыры гаспадарчыя пабудовы, але можа стаць прычынай і гібелі людзей.
Школьнікі пацвердзілі свае адзнакі
Начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская праінфармавала на нарадзе аб выніках рэпетыцыйнага цэнтралізаванага экзамену, які выпускнікі школ раёна здавалі восьмага лютага на базе сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча.
– На жаль, стабальнага выніку нашы навучэнцы не дасягнулі ў гэтым годзе, аднак вельмі блізкія да такіх балаў аказаліся пяць выпускнікоў: сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча, сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы, Гезгалаўскай сярэдняй школы імя М. І. Нядзеліна. Прыемна, што большасць вучняў усіх навучальных установаў раёна пацвердзілі свае гадавыя адзнакі па прадметах, – падкрэсліла Марына Яўгеньеўна.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga