18-19 снежня ў Мінску праходзіць другое пасяджэнне VII Усебеларускага народнага сходу. У першы дзень перад удзельнікамі форуму з пасланнем да беларускага народа і парламента выступае Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, у другі – плануецца разгляд Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026-2030 гады, якую належыць зацвердзіць дэлегатам. Яе прадставіць прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын. У ліку іншых тэм – абранне члена Прэзідыума УНС, кадравыя пытанні Канстытуцыйнага і Вярхоўнага Судоў і звязаныя з фінансаваннем сходу.
– У звароце Аляксандра Лукашэнкі неаднаразова гучала, што ў нашай краіне ў цэнтры ўвагі – чалавек, гэты тэзіс закладзены і ў Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026-2030 гады, – зазначае намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Вадзім Бялятка. – Мы гэта выдатна бачым па тых ключавых прыярытэтах, якія вылучаюцца. Перш за ўсё, гэта нацыянальная дэмаграфічная бяспека: захаванне насельніцтва, умацаванне здароўя нацыі, падтрымка сям’і. Зроблены акцэнт і на развіцці чалавечага патэнцыялу, якаснай адукацыі, выхаванні гарманічнай і патрыятычнай асобы. Вялікая ўвага нададзена стварэнню зручнага асяроддзя для жыцця, росту канкурэнтаздольнасці эканомікі Беларусі, паскарэнню тэхналагічнага развіцця, лічбавай трансфармацыі і іншым важным для кожнага суайчынніка момантах.
Асабіста для мяне як жыхара Дзятлаўскага раёна важна, што ў праграме прадугледжаны меры па раўнамерным развіцці тэрыторый, падтрымцы сельскай інфраструктуры, павышэнні якасці жыцця ў кожным населеным пункце.
Органы мясцовай улады рэгіёнаў імкнуцца зрабіць усё магчымае для таго, каб жыццё не толькі ў райцэнтрах, але і гарадскіх пасёлках, аграгарадках, вёсках станавілася лепшым. Калі ж на гэта разлічаны і дзяржаўныя праграмы, вынік не прымусіць сябе чакаць.
Спынюся і на пытаннях нацыянальнай бяспекі, кола якіх вельмі шырокае і комплекснае, уключае ў тым ліку інфармацыйны і дэмаграфічны складнікі, прычым апошні звышважны для нашай рэспублікі. Нездарма дзяржава павялічвае падтрымку шматдзетных сем’яў, чаму спрыяюць ільготныя крэдыты на жыллё, выплаты пры нараджэнні другога і наступных дзяцей, бясплатнае харчаванне ў школах. Увогуле ў Беларусі рэалізуецца грунтоўная і шматвектарная сацыяльная палітыка, многае робіцца для таго, каб людзям жылося лепш з кожным годам.
У наступнай пяцігодцы таксама належыць працаваць на павышэнне дабрабыту і дасягненне высокіх стандартаў жыцця насельніцтва, умацаванне краіны, і гэта дасягальна, калі ўсе занятыя ў эканоміцы беларусы будуць паўнавартасна працаваць кожны на сваім рабочым месцы.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае #ВНС