18-19 снежня ў Мінску праходзіць другое пасяджэнне VII Усебеларускага народнага сходу. У першы дзень перад удзельнікамі форуму з пасланнем да беларускага народа і парламента выступае Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, у другі – плануецца разгляд Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026-2030 гады, якую належыць зацвердзіць дэлегатам. Яе прадставіць прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын. У ліку іншых тэм – абранне члена Прэзідыума УНС, кадравыя пытанні Канстытуцыйнага і Вярхоўнага Судоў і звязаныя з фінансаваннем сходу.

– Упершыню на УНС будзе зацверджана праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны на пяцігодку, – падзяліўся меркаваннем старшыня Дзятлаўскага райвыканкама, дэлегат УНС Андрэй Садоўскі. – У ёй вызначаны ключавыя прыярытэты, асноўныя з якіх звязаны з развіццём чалавека: гэта дэмаграфічная бяспека, развіццё чалавечага патэнцыялу, стварэнне спрыяльнага і якаснага асяроддзя для жыцця. Далей ідуць развіццё канкурэнцыі, тэхналогій, цыфравізацыі эканомікі, моцныя рэгіёны, развіццё абароннага сектара, павышэнне абараназдольнасці, а таксама турыстычны патэнцыял.

Упэўнены, што сёлетні форум – гэта палітычнае мерапрыемства, за якім будзе сачыць увесь свет, бо праходзіць ён у міжнародных рэаліях, якія ставяць нямала выклікаў для беларусаў, што неаднаразова падкрэслівае Прэзідэнт у сваім звароце.

Калі прымаецца новая праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця, пад яе распрацоўваюцца адпаведныя галіновыя, каб укараніць у жыццё ўсё зацверджанае. Новы праграмны дакумент найперш арыентуе развіццё Рэспублікі Беларусь і, безумоўна, рэгіёнаў. Перад намі пастаўлены напружаныя заданні па росце даходаў насельніцтва, заработнай платы, інвестыцый. А для іх рэалізацыі важна, каб у раёнах развіваліся прамысловасць і сельская гаспадарка, услед за якімі будзе павышацца жыццёвы ўзровень насельніцтва. Аднак за лічбамі трэба бачыць канкрэтныя задачы, якія нам належыць вырашаць у бліжэйшыя пяць гадоў. Нямала ўвагі нададзена тэхнічнаму патэнцыялу і самадастатковасці Беларусі, інавацыям, навукова-тэхнічным распрацоўкам, без укаранення якіх у вытворчасці і рэальным сектары складана разлічваць на вялікі прырост у эканоміцы.

Павінна захавацца і прамысловая аснова нашай рэспублікі. Зразумела, што сёння на экспартных рынках сітуацыя складаная, тым не менш, за кожны з іх беларусам неабходна змагацца, таму нацыянальная прадукцыя павінна быць прывабнай па цане, аднак і адпавядаць усім крытэрыям якасці.

Як дэлегат і кіраўнік раёна, сваю задачу бачу ў тым, каб дапамагчы людзям задумацца аб заўтрашнім дні, аб ролі кожнага з нас у захаванні і памнажэнні дабрабыту Дзятлаўшчыны. Насельніцтва ўжо прывыкла да сацыяльных гарантый, якімі карыстаецца кожны дзень, і некаторыя перасталі іх заўважаць. У Беларусі, і Дзятлаўшчына не выключэнне, за апошнія гады зроблена вельмі шмат для паляпшэння інфраструктуры, якасці жыцця. Гэта рамонт дарог, высокі ўзровень арганізацыі гандлёвага абслугоўвання, газіфікацыя вёсак, будаўніцтва і рамонт жыллёвага фонду, іншыя важныя пераўтварэнні. Наш раён прадаўжае прыгажэць і развівацца, і нам варта памятаць надалей, што будучыня Беларусі ствараецца не толькі ў буйных гарадах, але і ў кожным населеным пункце, дзе людзі адчуваюць адказнасць за агульную справу і ўпэўнена ідуць наперад.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае #ВНС

About Author
administrator
View All Articles

Похожие публикации