21 жніўня на Дзятлаўшчыне прайшоў Адзіны дзень інфармавання. Працавала некалькі інфармацыйна-прапагандысцкіх груп. Група старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага выступіла перад калектывам Дзятлаўскай сельгастэхнікі, старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага сустрэлася з жыхарамі аграгарадка Хвінявічы, абласная група наведала Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный Мир”, працавалі і групы намеснікаў старшыні райвыканкама.

Цэнтральнай тэмай сустрэч стала “Адукацыя і навука – рухаючыя сілы развіцця грамадства і дзяржавы”.

“Сфера адукацыі – дзяржаваўтваральная галіна, – адзначыў у адным са сваіх выступленняў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. – Яна патрабуе сур’ёзных укладаняў. І мы будзем укладваць у яе сродкі. Калі сёння не будзе адукаванай, выхаванай моладзі, заўтра не будзе краіны”.
Пацвярджэннем таму – фінансаванне сферы адукацыі, на якую толькі ў 2025 годзе прадугледжаны выдаткі ў памеры 13,8 мільярда рублёў.
У нашай краіне рэалізуецца прынцып неперарыўнай адукацыі, якая з’яўляецца прыярытэтным напрамкам дзяржаўнай палітыкі і адной з найвялікшых каштоўнасцей беларускага народа.
Навучэнцы школ штогод прымаюць удзел у міжнародных алімпіядах. Так, у 2024 годзе на міжнароднай матэматычнай алімпіядзе каманда Рэспублікі Беларусь заняла 5-е каманднае месца сярод 109 краін, на Еўрапейскай геаграфічнай алімпіядзе беларускі канкурсант стаў абсалютным пераможцам, таксама беларуская зборная стала лідарам у агульнакамандным заліку на Міжнароднай навуковай фізічнай алімпіядзе. У 2025 годзе 29 навучэнцаў прынялі ўдзел у пяці міжнародных алімпіядах, заваяваўшы 3 залатыя, 14 сярэбраных, 11 бронзавых медалёў. Дарэчы, пераможцы міжнародных алімпіяд і рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах залічваюцца ва ўстановы вышэйшай адукацыі без уступных іспытаў.

Адным з прыярытэтаў сучаснай сістэмы адукацыі з’яўляецца забеспячэнне даступнасці і якасці адукацыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Прынцып інклюзіі – адзін з асноўных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі.
Для грамадзян Беларусі даступна атрыманне дашкольнай, сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і вышэйшай адукацыі на бюджэтнай аснове, якія праводзяць падрыхтоўку спецыялістаў па ўсіх напрамках эканомікі і сацыяльнай сферы. Пры гэтым існуе шэраг іншых мер дзяржаўнай падтрымкі: стыпендыі за кошт сродкаў рэспубліканскага або мясцовага бюджэтаў; інтэрнаты, якія прадастаўляюцца навучэнцам; бясплатнае гарачае харчаванне для пэўных катэгорый школьнікаў; бясплатныя падручнікі і дапаможнікі; спецадзенне і абутак на практыцы і стажыроўках. Нарэшце, спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Назіраецца тэндэнцыя да росту запатрабаванасці беларускай адукацыі сярод замежных грамадзян, якія жадаюць вучыцца ў вышэйшых навучальных установах Рэспублікі Беларусь. Калі ў 2010 годзе ў нашай краіне навучалася каля 10 тысяч замежных грамадзян, то на 1 студзеня 2025 года ўжо каля 34 тысяч.
Прэзідэнт патрабуе: у сферы адукацыі не павінна быць пастаянных кіданняў, эксперыментаў дзеля эксперыменту. Усе змяненні адбываюцца на традыцыйнай аснове і аператыўна рэагуюць на запыты часу. Так, ужо з 1 верасня пачнуць дзейнічаць карэктывы, унесеныя ў Кодэкс аб адукацыі, якія маюць на мэце аптымізаваць працэс для ўсіх яго ўдзельнікаў.
Пры гэтым адукацыя непарыўна звязана з навукай і вытворчасцю. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 красавіка 2025 года зацверджаны прыярытэтныя напрамкі навуковай, навукова-тэхнічнай дзейнасці на 2026-2030 гады, і наша краіна валодае дастатковым навуковым патэнцыялам, каб іх рэалізаваць.

У Беларусі праводзіцца сістэмная работа па развіцці міжнароднага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва. Асноўныя намаганні дзяржавы накіраваны на паглыбленне ўзаемадзеяння ў Саюзнай дзяржаве, ЕАЭС, СНД і з краінамі далёкай дугі. Нашы краіны будуць паглыбляць узаемадзеянне ў сферы навукі і тэхналогій у шматбаковым фармаце. Важныя рашэнні, прынятыя на ўзроўні вышэйшага кіраўніцтва дзяржаў, несумненна, адлюструюцца на ўсіх сферах узаемадзеяння: эканоміцы, палітыцы, адукацыі, культуры.
Усё гэта забяспечвае атрыманне найноўшых вынікаў і навукаёмістай прадукцыі, вырашае задачы навукова-тэхналагічнага суверэнітэту, імпартазамяшчэння і нарошчвання экспарту.
“Краіна багатая тады, калі ёсць разумныя, працавітыя людзі, а не толькі тое, што Гасподзь у зямлю паклаў, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка на сёлетняй цырымоніі ўзнагароджання выпускнікоў і выкладчыкаў установаў вышэйшай адукацыі. – Сучаснасць і будучыня Беларусі шмат у чым залежыць ад вас – моладзі. І вельмі важна, каб вы былі не толькі добрымі спецыялістамі, але і сапраўднымі патрыётамі”.

– Высокая якасць беларускай адукацыі стала не толькі візітнай карткай нашай краіны, яна мае добры экспартны патэнцыял: вядучыя беларускія ўніверсітэты на пастаяннай аснове аказваюць паслугі ў атрыманні вышэйшай адукацыі, – адзначыў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі. – Пры гэтым абітурыентамі, на маю думку, недаацэнены патэнцыял сярэдняй спецыяльнай і тэхнічнай адукацыі, якая становіцца ўсё больш запатрабаванай працадаўцамі. Кожны выбірае свой шлях. Галоўнае – знайсці сваю нішу ў жыцці краіны і быць добрым спецыялістам у сваёй сферы, выконваць работу якасна і сумленна і не пераставаць развівацца.

У ходзе інфармацыйных сустрэч былі разгледжаны пытанні падрыхтоўкі да ацяпляльнага сезона, выканання правілаў бяспекі пры наведванні лесу і пры навядзенні парадку на зямлі. На жаль, здарэнні па лініі МНС – сёлета нярэдкая для нашага раёна з’ява: з пачатку года ў раёне адбылося 12 пажараў, у якіх былі траўмаваны пяць чалавек, ёсць адзін загінулы. Найбольш частая прычына – неабачлівасць і неакуратнасць пры правядзенні бытавых работ і курэнне ў недазволеных месцах. Ратаўнікі нагадалі аб тым, што да канца лета праходзіць прафілактычная акцыя “Бяспечныя канікулы”, папрасілі бацькоў яшчэ раз правесці размовы са сваімі дзецьмі аб бяспечных паводзінах.

Супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама ўзнялі тэму супрацьдзеяння гандлю людзьмі.

За 2024 год і 7 месяцаў 2025-га на тэрыторыі Гродзенскай вобласці выяўлена 19 злачынстваў, звязаных з гандлем людзьмі, у тым ліку 18 цяжкіх і асабліва цяжкіх. Супрацьпраўная дзейнасць у асноўным ажыццяўляецца праз сетку інтэрнэт (сайты знаёмстваў, супольнасці і групы ў сацыяльных сетках, тэматычныя інтэрнэт-рэсурсы, месенджары і закрытыя Тэлеграм-каналы). Таксама нярэдкія выпадкі, калі разам са злачынствамі гэтай катэгорыі выяўляюцца факты вырабу і распаўсюджвання матэрыялаў парнаграфічнага характару з выкарыстаннем непаўналетніх. Праваахоўнікі чарговы раз нагадалі бацькам, што важна ведаць, як іх дзеці бавяць час у інтэрнэце, каб засцерагчы іх ад бяды.

Падводзячы вынік сустрэчы, Андрэй Уладзіміравіч расказаў аб актуальных навінах сацыяльна-эканамічнага жыцця Дзятлаўшчыны, цэнтральнае месца сярод якіх займаюць жніво і набліжэнне новага навучальнага года. Старшыня райвыканкама адзначыў, што аграрыі раёна на 85 % убралі ўраджай, намалот сёлета будзе істотна вышэйшы за папярэдні. Па завяршэнні жніва, 6 верасня, адбудзецца раённае свята “Дажынкі”, дзе будуць ушанаваны хлебаробы. Ён нагадаў аб тым, што парадак на зямлі – справа сумлення ўсіх жыхароў раёна не толькі ў Год добраўпарадкавання, а штодзённа.

























Наталля АВЯРЧУК
Фота Наталлі АВЯРЧУК, Ірыны КАМАРОВАЙ, Вольгі ЮШКЕВІЧ, Святланы ГРЫШЫНАЙ, Таццяны САНЮК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga