Не паспелі на вуліцы Савецкай у Дзятлаве памяняць зношанае тратуарнае пакрыццё на новае, дзятлаўчане звярнуліся са скаргай. Не на якасць матэрыялу і не на работу камунальнікаў, а на жыхароў вуліцы, якія не ўмеюць шанаваць зробленае для іх саміх дабро.
Сітуацыя простая: на ўчастку вуліцы ад цэнтра да скрыжавання з кальцавым рухам, дзе не паспела яшчэ добра злежацца новая тратуарная плітка, якую толькі-толькі паклалі, на ёй ужо паркуюцца двума коламі аўтамабілі. Не ўпэўнены, што такі краш-тэст прадоўжыць тэрмін эксплуатацыі пакрыцця, на рамонт якога выдзяляюцца сродкі з раённага бюджэту. Такая ж сітуацыя назіраецца і на іншых вуліцах горада, нават там, дзе, здавалася б, хапае месца для манеўра. А з другога боку – ці можна ўвогуле паркаваць аўтамабіль такім чынам? З гэтым пытаннем звярнуліся да старшага дзяржаўтаінспектара міжраённага аддзела ДАІ па абслугоўванні Слонімскага, Дзятлаўскага і Зэльвенскага раёнаў Алега Ляўкевіча.

– Паркоўка на тратуары – адно з тыповых парушэнняў, якія часта сустракаюцца ў гарадах. Яна неправамерная. Паркавацца на тратуарах можна толькі ў спецыяльна адведзеных месцах, дзе ўстаноўлены дарожны знак “Месца стаянкі”. У выглядзе выключэння з агульных правіл спыненне на тратуары магчыма для транспарту дарожна-эксплуатацыйнай і камунальнай службаў, гандлёвых і іншых арганізацый, якія знаходзяцца паблізу тратуара, – растлумачыў спецыяліст.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga