У рамках Адзінага дня інфармавання насельніцтва 21 мая былі падрыхтаваны тэмы “Аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця за першы квартал 2020 года”, “Забеспячэнне бяспекі дзяцей у час канікулаў і арганізацыя іх занятасці”, “Мабільны дадатак “Надвор’е ў кішэні”, “Міжнародны дзень памяці людзей, памерлых ад СНІДу: “Я ведаю. Я дзейнічаю. Я жыву”.
Напярэдадні сезона адпачынку асабліва актуальнае пытанне, як дзецям правесці лета бяспечна і з карысцю? На жаль, не ва ўсіх бацькоў водпуск супадае са школьнымі канікуламі, і не ўсе могуць адправіць дзяцей да бабуляў. Аднак дарослыя абавязаны паклапаціцца аб бяспечным баўленні часу сваіх дзяцей. Важна, каб лета не было азмрочана траўмамі, не прывяло падлеткаў у сумніўныя кампаніі, дзе яны могуць парушыць закон і ўчыніць правапарушэнні.
Сярод асноўных прычын дзіцячага траўматызму, нават гібелі непаўналетніх, спецыялісты называюць няшчасныя выпадкі на вадзе. Адбываюцца яны з-за пакідання маленькіх дзетак без нагляду або пры неасцярожных паводзінах падлеткаў на вадаёмах.
Сур’ёзныя траўмы і апёкі дзеці могуць атрымаць у выніку свавольства з агнём. Аналіз падобных здарэнняў сведчыць аб тым, што выкліканы яны дзіцячай неасцярожнасцю і недастатковым кантролем з боку дарослых.
Наступны ў ліку праблем – дзіцячы дарожна-транспартны траўматызм. Для дзяцей-пешаходаў характэрны тыя ж парушэнні правілаў дарожнага руху, што і для дарослых. Больш распаўсюджаны – пераход вуліцы ў неналежным месцы, выхад на праезную частку з-за транспартных сродкаў і збудаванняў. Непаўналетнім варта ведаць, што да 14 гадоў ім забаронена на дарогах і аўтамагістралях катацца на веласіпедзе, да 16 – на скураты, мапедзе, квадрацыкле, а вось вадзіцелям-бацькам абавязкова належыць абсталяваць свой аўтамабіль дзіцячымі ўтрымліваючымі прыстасаваннямі.
Часам небяспеку тояць дзіцячыя забавы. Напрыклад, па прыгожы здымак для сацыяльных сетак падлеткі залазяць на вагоны, апоры электраперадач, высокія дрэвы. Не меншая праблема апошніх гадоў – выпадзенне дзяцей з вокнаў шматпавярховых дамоў. Адным словам, бацькі павінны памятаць, што іх няўважлівыя адносіны да паводзінаў дзяцей нярэдка вядуць да бяды.
Як жа арганізаваць летні адпачынак школьнікаў цікава і з карысцю? На гэта пытанне карэспандэнтцы газеты адказала метадыст Дзятлаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Наталля Пазняк.
– Ва ўстановах адукацыі Дзятлаўшчыны ўжо ідзе падрыхтоўка да летняга аздараўленчага сезона. Усе ўстановы адукацыі прапануюць дзецям адпачынак у аздараўленчых летніках з дзённым знаходжаннем. У большасці школ таксама будуць арганізаваны профільныя 9-дзённыя летнікі з кругласутачным знаходжаннем.
Плануецца, што аздараўленчыя летнікі з дзённым знаходжаннем адкрыюцца з 15 чэрвеня. Тэрмін адкрыцця летнікаў з кругласутачным знаходжаннем – 1 ліпеня, а палатачныя летнікі ў маляўнічых кутках нашага раёна запрацуюць з 1 жніўня.
Мы ўлічваем сёлетнюю эпідэміялагічную сітуацыю, таму створым неабходныя ўмовы па размяшчэнні дзяцей у памяшканнях з захаваннем бяспечнай дыстанцыі ў 1,5 метра – у абедзенай зале, пры арганізацыі сну, пры правядзенні мерапрыемстваў, максімальна будзе забяспечана і знаходжанне дзяцей на свежым паветры. Плануецца, што колькасць выхаванцаў у атрадах не будзе перавышаць 15 чалавек. Работа летнікаў будзе арганізавана з улікам санітарных патрабаванняў, якія дазваляюць не дапусціць распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі. Пастараемся, каб запланаваныя выхаваўчыя мерапрыемствы ў летніках дапамаглі наладзіць вольны час дзяцей з карысцю для іх фізічнага, маральнага і інтэлектуальнага развіцця.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup