У студатрадаў – дзень нараджэння

Важнае Грамадства

Студатрадаўскі рух – адзін з галоўных накірункаў работы Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.

Шмат добрых традыцый дасталося ў спадчыну грамадскаму аб’яднанню “БРСМ” ад камсамола. Адна з іх – святкаваць дзень нараджэння студэнцкіх атрадаў, які прыпадае на самы разгар працоўнага моладзевага семестра, – 1 жніўня.

На Дзятлаўшчыне з нагоды свята першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Валерый Макарчык выехалі ў гаспадаркі раёна, дзе на жніве аграрыям дапамагаюць студатрадаўцы. Яны ўручылі маладым работнікам салодкія падарункі ад раённай арганізацыі ГА “БРСМ”.

 

Першая сустрэча адбылася ў КСУП “Дварэц-Агра”. Тут  гасцей віталі намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Сачык і студатрадаўцы, занятыя на збожжасушыльным комплексе “КЗСВ-30” у аграгарадку Дварэц. Сустрэча была кароткай, бо сонечнай жнівеньскай раніцай у студатрадаўцаў шмат работы. На збожжасушыльны комплекс адна за адной едуць машыны з ураджаем з палеткаў гаспадаркі: камбайнавыя экіпажы шчыруюць, каб сабраць хлеб, пакуль жніву спрыяе “нябесная канцылярыя”. Аднак у гасцей выдалася прыемная нагода, каб на хвілінку затрымацца на сельскагаспадарчым аб’екце. Свой дзень нараджэння святкавала аграном-насеннявод КСУП “Дварэц-Агра”, а на час жніва – вагавік Наталля Васільеўна Лагута. Ёй таксама адрасавалі лепшыя пажаданні і ўручылі салодкі падарунак.

Наступным прыпынкам стала ААТ “Граніт-Агра”, дзе працуе самы вялікі ў раёне студэнцкі атрад – 30 маладых людзей. Яны заняты на сушцы збожжа, працуюць вагавікамі, памочнікамі камбайнераў. Сустрэча адбылася на збожжасушыльным комплексе ў аграгарадку Круцілавічы. Гасцей віталі намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ “Граніт-Агра” Кацярына Дубешка, спецыяліст па продажах і збыце, яна ж старшыня прафсаюзнай пярвічкі Алена Зенчык і маладыя работнікі, якія задзейнічаны на гэтым аб’екце.

– Мы адзначаем дзень студатрадаў, – звярнулася да прысутных першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык. – Штогод на Дзятлаўшчыне ў студэнцкіх атрадах працуюць больш за сотню маладых людзей. Яны атрымліваюць карысны вопыт, робяць свой унёсак у развіццё малой радзімы.

Студатрадаўцаў прымаюць амаль усе сельгасарганізацыі раёна. Каторы год запар сельскагаспадарчыя моладзевыя атрады працуюць у КСУП “Хвінявічы”, Дварэц-Агра”, “Жукоўшчына”, “Белагурна”, ААТ “Граніт-Агра”, сёлета індывідуальную форму занятасці моладзі выкарыстоўвае КСУП “Войневічы”. Я вельмі ўдзячна адміністрацыі і адказным спецыялістам гэтых гаспадарак за супрацоўніцтва.

У гэтыя спякотныя жнівенскія дні ў нашым раёне на жніве працуюць два студэнцкія атрады – у ААТ “Граніт-Агра” і ў КСУП “Дварэц-Агра”. У верасні студатрадаўцы прыступяць таксама да ўборкі бульбы. Я жадаю поспехаў маладым людзям на іх працоўным фронце!

Да размовы далучыўся старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Валерый Макарчык. Ён зазначыў, што ў студатрадах маладыя работнікі атрымліваюць першы працоўны вопыт, засвойваюць азы працоўнай дысцыпліны і тэхнікі бяспекі. Такім работнікам у далейшым значна лягчэй працаваць на вытворчасці і ў арганізацыях.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: