Ведаць і дзейнічаць, каб жыць

Важнае Грамадства

Яшчэ адно актуальнае пытанне “Міжнародны дзень памяці людзей, якія памерлі ад СНІДу: “Я ведаю. Я дзейнічаю. Я жыву!”, якое разглядалася ў рамках адзінага дня інфармавання, падрыхтавала галоўны доктар Дзятлаўскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Алена Шайбак.

– Штогод кожную трэцюю нядзелю мая ва ўсім свеце праводзіцца Дзень памяці людзей, якія памерлі ад СНІДу. Упершыню ён быў арганізаваны ў 1983 годзе. У той час ніхто не мог прадказаць глабальныя маштабы развіцця гэтай эпідэміі.

З пачатку 1981 года ў свеце вірусам імунадэфіцыту чалавека (ВІЧ) заразіліся каля 75 мільёнаў чалавек, з іх каля 36 мільёнаў чалавек памерлі ад захворванняў, абумоўленых СНІДам.

Дзень памяці – гэта магчымасць нагадаць чалавецтву пра існаванне пагрозы развіцця эпідэміі, яе маштабнасці, паказаць рэальную наяўнасць праблемы і нагадаць пра тое, што для абароны ад ВІЧ-інфекцыі людзям неабходна выконваць правілы бяспечных паводзін і своечасова абследавацца на ВІЧ.

Па-ранейшаму актуальным застаецца пытанне сістэмнага інфармавання грамадства аб механізмах перадачы ВІЧ, метадах абароны ад інфекцыі і своечасовым дыягнаставанні хваробы.

Толькі пры раннім выяўленні ВІЧ-інфекцыі і своечасовым лячэнні чалавек можна жыць паўнавартасным жыццём – працаваць і ствараць сям’ю. Своечасовае выяўленне віруса дае магчымасць змагацца за якасць і працягласць жыцця кожнага асобна ўзятага чалавека. Страх перад дыягназам і адтэрміноўка тэсціравання памяншаюць гэтыя шанцы.

Сёння сістэмай аховы здароўя рэкамендаваны экспрэс-тэсты двух відаў: па пробе сліны і пробе крыві.

Найчасцей выкарыстоўваюцца экспрэс-тэсты па пробе сліны: яны самыя простыя ў выкарыстанні і не патрабуюць складаных маніпуляцый. Набыць іх можна ў любой аптэцы. Тэсты вызначаюць наяўнасць у арганізме ВІЧ першага і другога тыпаў, дакладнасць іх даволі высокая, па некаторых дадзеных яна набліжаецца да 99%.

Аднак варта адзначыць, што для правільнага ўстанаўлення дыягназу неабходна прайсці дадатковае абследаванне – здаць кроў з вены для вызначэння спецыфічных антыцелаў/антыгенаў да ВІЧ. Лабараторнае тэсціраванне на ВІЧ у большасці выпадкаў носіць добраахвотны характар. Гэтая медыцынская паслуга даступная і ананімная, прайсці тэсціраванне можна бясплатна ў любой дзяржаўнай установе аховы здароўя, у тым ліку і ў Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы.

Немалаважным аспектам пытання застаецца давер да малаправеранай або зусім неправеранай інфармацыі. Так, у межах сусветнай сеткі Інтэрнэт з году ў год адзначаецца павелічэнне колькасці міфаў або недакладных фактаў аб тым, што такое ВІЧ/СНІД, а таксама спосабах перадачы вірусу і метадах лячэння. Нагадаю, што дыягназ можа паставіць толькі спецыяліст пасля правядзення агляду, даследаванняў і аналізаў. Давер да інфармацыі ў інтэрнэце і самалячэнне можа прывесці да трагічных наступстваў.

Неабходна памятаць, што, нягледзячы на дасягненні навукоўцаў у галіне развіцця антырэтравіруснай тэрапіі, ВІЧ-інфекцыя і сёння застаецца небяспечным захворваннем, якое наносіць істотны ўрон здароўю чалавека і чалавецтву ў цэлым.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: