Іван Грэсь – лепшы стараста раёна

Галоўнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Ёсць у нашых вёсачках людзі, якія ведаюць усё пра свой населены пункт, клапоцяцца аб яго добраўпарадкаванні – гэта старасты.

І вельмі прыемна, калі іх старанні заўважаюць, бо працуюць яны на дабравольнай аснове, таму трэба іх заахвочваць і падтрымліваць. Так, нядаўна стараста вёскі Парэчча Іван Іванавіч Грэсь быў узнагароджаны Ганаровай граматай Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў за шматгадовую добрасумленную працу ў арганізацыі тэрытарыяльнага самакіравання, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. Заяўку на конкурс старастаў вырашыў паслаць Парэцкі сельсавет, а ўжо ў Гродне камісія выбрала шэсць лепшых кандыдатаў з вобласці. Узнагароды – граматы і падарункі – ва ўрачыстай абстаноўцы ўручаў старастам старшыня абласнога Савета дэпутатаў.

– Старастам я з’яўляюся ўжо гадоў дзесяць, – расказвае Іван Іванавіч. – Выбралі мяне за маю актыўнасць: я дабіваўся, каб добраўпарадкавалі дарогу на нашай вуліцы, па якой проста немагчыма было праехаць. Вось пасля гэтага, а яшчэ апытаўшы жыхароў вёскі і атрымаўшы іх згоду, старшыня сельсавета вырашыў назначыць мяне старастам.

– З якімі просьбамі найчасцей звяртаюцца да вас як да старасты?

– Самая набалелая і актуальная для вяскоўцаў праблема – стан дарог. Таксама даводзіцца вырашаць пытанні з асвятленнем вуліц. Вось нядаўна многія скардзіліся, што няма святла на аўтобусным прыпынку. Вырашылі праблему. Вядома, аднаму з такімі пытаннямі не справіцца, таму звяртаюся ў сельсавет, раённыя службы, якія заўжды дапамагаюць. Калі паднялі пытанне аб добраўпарадкаванні мясцовага парка, прыязджалі і з раённага Савета дэпутатаў.

 

– Хутка вясна. Пэўна, клопатаў прыбавіцца?

– Вясной я найперш сачу, каб не распальвалі вогнішчы, не палілі траву. Стараюся кантраляваць, бо гэта бяспека не аднаго чалавека, а і тых, хто знаходзіцца побач.

На вуліцы, дзе я жыву, ёсць дом, куды мясцовы калгас засяляе прыезджых работнікаў. Я таксама хадзіў глядзець,

каб быў парадак, папярэджваў, каб акуратна палілі печкі. Увогуле, стараюся сачыць за спакоем сваёй вёскі, каб не было п’янак, разгулаў. Вёска наша вялікая, харошая, але, на жаль, моладзь не хоча тут заставацца, у асноўным жывуць пажылыя людзі. А яны па-сапраўднаму любяць родныя мясціны, шануюць і берагуць свае традыцыі.

Так і Іван Грэсь не змог забыць сваю малую радзіму, дзе правёў дзяцінства і юнацкія гады, хоць больш за сорак гадоў пражыў у Расіі ў горадзе Смаленску. Дваццаць гадоў таму вярнуўся ў роднае Парэчча і цяпер не ўяўляе сябе гарадскім жыхаром. Вёску сваю любіць і лічыць, што жыццё тут найлепшае. Гаворыць, што вельмі хораша жыць тут летам. Ён заядлы грыбнік, ведае, бадай, усе грыбныя мясціны, раней удавалася збіраць і па тысячы штук баравікоў. Як сапраўдныя вяскоўцы, трымаюць з жонкай гаспадарку, ёсць агарод з двума цяплічкамі. Нават лазню пабудавалі.

На пытанне “Што б яму хацелася яшчэ зрабіць для сваёй вёскі?” Іван Іванавіч адказвае:

– У мяне тры асноўныя пажаданні: заасфальтаваць-такі дарогу на нашай вуліцы, прывесці ў парадак мясцовы парк і ачысціць наша возера. Помню, якая цудоўная рыба у ім раней вадзілася, ракі. І парк для нас – вельмі значнае месца, тут збіраліся аднавяскоўцы, дружна адзначалі святы. Спадзяюся, што ўсё атрымаецца, бо пакуль ёсць сілы і здароўе, трэба не сядзець на месцы, а дзейнічаць і імкнуцца змяняць жыццё да лепшага.

Святлана ГРЫШЫНА
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup