Стараста вёскі Пацаўшчына

Галоўнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

У кожнай вёскі ёсць свая непаўторная гісторыя, свае звычаі і традыцыі і ёсць людзі, якія берагуць гэту гісторыю. У вёсках такія людзі – гэта старасты.

– Хто такі стараста? – разважае Галіна Глушкевіч, стараста вёскі Пацаўшчына. – Той, які можа дапамагчы людзям, уважлівы, спагадлівы, дабрадушны, хто не леніцца ўзяць на сябе грамадскія справы. Таму гэтага чалавека ў вёсцы і паважаюць.

На пасадзе старасты Галіна Мацвееўна ўжо больш за 20 гадоў. На пытанне, ці не надакучыла за столькі гадоў, адказвае, што ёй зусім не цяжка. Яе выбралі мясцовыя жыхары і старшыня Вензавецкага сельскага савета. Расказвае, што 30 гадоў адпрацавала на адным месцы – прадаўцом у магазіне, – таму ведае ўсіх аднавяскоўцаў. Адклікаецца на просьбу кожнага, хто да яе звяртаецца: носіць прадукты інвалідам, прывозіць з райцэнтра лекі, батарэйкі, рэчы для быту – усё, што папросяць, бо магазін у іх вёсцы закрылі. Стараста арганізоўвае суботнікі па ўборцы могілак, разам з аднавяскоўцамі ўпрыгожваюць крыжы, якія ўстаноўлены ў канцах вёскі, прыбіраюць у царкве. Адклікаецца і на просьбы сельсавета: кожны год робіць перапіс гаспадарак, справаздачу за электраэнергію па вёсцы.

На пытанне, ці ёсць якія праблемы ў вёсцы сёння і што б хацелася змяніць, адказвае, што добра было б падрамантаваць дарогу, і дадае: “А вельмі радуе, што ў нас ужо круглы год ёсць вулічнае асвятленне, якое раней было толькі з кастрычніка па красавік”.

Пра сваё жыццё Галіна Мацвееўна расказвае, што яе лёс склаўся, як і ў многіх людзей:

– Нарадзілася я на хутары Суцькі ў 1963 годзе. Бацькі мае былі заможнымі людзьмі, мелі сваю гаспадарку, шмат даводзілася працаваць. Цяжка было, але было і натхненне жыць і гадаваць дзетак, бацькі аддавалі ўсё, што маглі.

Дзяцінства маё было таксама не з лёгкіх, дапамагала бацькам: жалі жыта ўручную, палолі буракі, кукурузу, садзілі лес, пасвілі кароў. Але ж і адпачываць умелі. Было вельмі весела, хадзілі на вяселлі ў суседнія вёскі, нават у райцэнтр на дыскатэкі.

Галіна Глушкевіч скончыла Рудаяварскую сярэднюю школу. Затым вучылася ў школе прадаўца ў Дзятлаве, некаторы час працавала ў дзятлаўскім універмагу, а потым – у магазіне вёскі Пацаўшчына. Была ўзнагароджана Ганаровай граматай за добрасумленную працу, у 2009 годзе – Падзячным лістом Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за актыўны ўдзел у грамадскім жыцці.

Выйшла замуж, нарадзіла двух дзетак. Яны ўжо дарослыя, жывуць асобна, але бацькі заўжды з нецярпеннем чакаюць прыезда дзяцей і ўнукаў. Сын працуе інжынерам у Гродне, а дачка – настаўніцай матэматыкі ў Баранавічах. Прыязджаюць часта, шмат дапамагаюць па гаспадарцы.

— Усяго ў жыцці хапала: і добрага, і не вельмі, – узгадвае жанчына, – але пазітыўныя адносіны да жыцця заўжды мне дапамагалі: і на рабоце, і дома.

Шмат станоўчага ёсць у жыцці і цяпер, лічыць яна. Яны з мужам усё гэтак жа трымаюць хатнюю гаспадарку, даглядаюць прысядзібны ўчастак, любяць збіраць ягады і грыбы. Тым больш, што лес побач.

У Галіны Мацвееўны вельмі прыгожая сядзіба, а тры гады таму нават стварыла невялікі радаслоўны музейчык пад назвай “Успаміны маіх продкаў”. Калі разбіралі нежылыя суседскія хаты, яна адабрала цікавыя рэчы даўніх часоў сваіх продкаў, гаворыць, што шкада было, каб яны прапалі, гэта ж наша гісторыя, памяць. Ёсць тут і даўнейшае радыё, дамскі радыкюль, шмат гаспадарчых прыладаў.

— Цікава мне было, вось і сабрала. Даволі шмат людзей ужо прыязджала паглядзець. Адна жанчына з Расіі ўсё фатаграфавалася, нават хамут на шыю адзявала, распытвала,  для чаго патрэбная кожная рэч. Музей мой пакрыху папаўняецца, бывае, людзі і самі прыносяць што-небудзь.

Напрыканцы размовы Галіна Мацвееўна з сумам гаворыць, што яе вёска, як многія іншыя, вымірае, маладых, лічы, тут ужо няма. А раней было весела, збіраліся разам, святкавалі Купала, Каляды, Вялікдзень. Але жыццё працягваецца, і трэба радавацца кожнаму дню, прымаць усё, што лёсам наканавана. Сваім аднавяскоўцам зычыць моцнага здароўя, добрага настрою і прыемных момантаў кожны дзень. А яна, нягледзячы ні на што, будзе ім ва ўсім дапамагаць, бо не можа быць стараста раўнадушным чалавекам.

Ірына БАКШУК,
культарганізатар сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Цэнтра культуры і народнай творчасці
Святлана ГРЫШЫНА
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ



3 комментария по теме “Стараста вёскі Пацаўшчына

  1. Прекрасно- когда Галочка смеётся.
    Ей с лёгкостью всё в жизни удаётся.
    Решаются быстрее все дела.
    Где ваша Галина — там доброта.
    И это зависит от многих причин.
    Где правит Галина, там в доме мир.
    На себя и ответственность тоже берёт.
    Дела легко спорятся, сердце поёт.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *