У рамках штогадовага маніторынгу на Дзятлаўшчыне 24 чэрвеня працавала абласная рэйдавая група тэхнічных інспектараў працы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.


Грамадскі кантроль ажыццяўляўся на тэрыторыі дзесяці арганізацый, сярод якіх установы адукацыі, аховы здароўя, сельгаспрадпрыемствы. У саставе абласной групы былі галоўныя тэхнічныя інспектары працы Гродзенскіх абласных арганізацый Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя Аляксандр Балотнікаў, Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых арганізацый Ірына Багачова, Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Алена Вянцковіч, Беларускага прафсаюза работнікаў будаўніцтва і прамысловасці будаўнічых матэрыялаў Віктар Ражко, Беларускага прафсаюза работнікаў галінаў прамысловасці “Белпрафмаш” Вольга Саўко. У нашым раёне да іх далучыліся лідары галіновых прафсаюзных арганізацый, адбыўся падзел на рэйдавыя групы.



На аб’ектах маніторынгу раёна прадстаўнікі кантралюючага органа праверылі арганізацыю бяспечных умоў і захаванне іх на працоўных месцах, пракантралявалі ажыццяўленне з работнікамі ўсіх відаў інструктажоў, вядзенне дакументацыі, забяспечанасць спецадзеннем, сродкамі індывідуальнай абароны, агледзелі бытавыя памяшканні.





Вынікі маніторынгу падвялі на пасяджэнні з прадстаўнікамі арганізацый раёна, якое прайшло ў кінатэатры “Спадарожнік” з удзелам намесніка старшыні райвыканкама Вадзіма Бяляткі.


– Усе мы ведаем, што правілы па ахове працы “пішуцца крывёю”, – задаў тон размове Аляксандр Балотнікаў. – На жаль, мы не заўжды пра гэта памятаем, пакуль не сутыкаемся з праблемай. Падобныя маніторынгі патрэбны, каб лішні раз нагадаць, што, прыйшоўшы на работу здаровымі, такімі ж здаровымі мы павінны вяртацца дамоў.


Тэму прадоўжыла Ірына Багачова. Яна спынілася на вядзенні ў арганізацыях дакументацыі па ахове працы, рабоце камісій па праверцы ведаў, тыповых памылках. Алена Вянцковіч засяродзіла ўвагу прысутных на распрацоўцы раздзела “Патрабаванні па ахове працы ў аварыйных сітуацыях”, які павінен змяшчаць пералік патэнцыяльна магчымых сітуацый, быць напісаны зразумелай, даступнай мовай. Закранула яна і некаторыя іншыя патрабаванні бяспекі, адзначыла, што ў цэлым атрымала станоўчае ўражанне ад маніторынгу, бо з кожным годам парушэнняў становіцца ўсё менш. Вольга Саўко пералічыла заўвагі, якія ўсё яшчэ сустракаюцца ў арганізацыях вобласці пры праверках. Віктар Ражко прызнаўся, што на Дзятлаўшчыне яго парадавалі парадак і чысціня ў мехмайстэрнях, стан бытавых памяшканняў.








Напрыканцы Аляксандр Балотнікаў як намеснік кіраўніка абласной рэйдавай групы выказаў словы ўдзячнасці ў адрас раённай выканаўчай улады за садзейнічанне ў арганізацыі маніторынгу.

Вадзім Бялятка ад імя райвыканкама падзякаваў гасцям за праведзеную работу, кансультатыўную і практычную дапамогу і паабяцаў, што ўсе выяўленыя парушэнні будуць своечасова выпраўлены.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga