Чым жыве летнік

Выхаванцы летніка “Усмешка” сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы пабывалі ў Мірскім замкавым комплексе. Дзеці адправіліся ў сапраўднае падарожжа ў часе, дзе іх чакалі таямніцы сярэднявечча, легенды аб князях і скарбах, магчымасць убачыць велічныя вежы, магутныя сцены і ўтульныя ўнутраныя дворыкі замка, які вось ужо амаль 500 гадоў захоўвае гісторыю нашай краіны. Гэта  экскурсія стала часткай вялікага лагернага праекта, у якім кожны дзень – гэта новая фарба на палітры ведаў і ўражанняў.

Сябры дашкольнага лясніцтва “Баравічок” дзіцячага сада № 2 горада Дзятлава разам з выхаванцамі другой малодшай групы здзейснілі займальную экскурсію па “Сцежцы адкрыццяў”. Юныя ляснічыя выступілі ў ролі гідаў на інтэрактыўных станцыях на экалагічнай сцежцы ўстановы. Дзеці знаёміліся з правіламі паводзін у прыродзе, разглядалі лекавыя расліны, збіралі прыродны матэрыял для гербарыя, углядаліся ў дарожкі насякомых і даведаліся, чаму нельга чапаць лясныя домікі рукамі, як важна берагчы лес, правільна сартаваць смецце і клапаціцца пра птушак і звяроў.

Праполка кукурузы ў летніку працы і адпачынку “Расток” сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча – гэта магчымасць сумясціць прыемнае з карысным: і адпачыць на свежым паветры, і зарабіць першыя грошы, і атрымаць неацэнны вопыт працоўнай дзейнасці. Смачная ежа, цікавы вольны час і добрасумленная праца робяць адпачынак у летніку па-сапраўднаму запамінальным.

На днях выхаванцы пабывалі на пазнавальнай экскурсіі ў ДЛГА “Дзятлаўскі лясгас”. Начальнік аддзела лясной гаспадаркі Канстанцін Дзісько падрабязна расказаў пра асаблівасці вядзення лясной гаспадаркі ў раёне, падкрэсліў важнасць захавання лясных масіваў і паказаў працаёмкі працэс вырошчвання дрэў. Асаблівая ўвага была нададзена рэдкім відам птушак і жывёл, занесеным у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь

Выхаванцы летніка “Акварэлька” Вензавецкай базавай школы наведалі 116-ю гвардзейскую штурмавую авіяцыйную Радомскую Чырванасцяжную базу ў Лідзе.

У музеі авіяцыйнай тэхнікі пад адкрытым небам дзеці даведаліся аб уладкаванні прадстаўленых лятальных апаратаў, гісторыі і баявым шляху воінскай часці, аб подзвігу лётчыкаў-герояў Беларусі Андрэя Нічыпорчыка і Мікіты Куканенкі, якія адвялі Як-130, што цярпеў крушэнне, ад жылых дамоў цаной уласнага жыцця. Выхаванцы летніка змаглі адчуць сябе сапраўднымі пілотамі на навучальным сімулятары. Таксама яны даведаліся аб прафесіі лётчыка і асаблівасцях нясення службы ва Узброеных Сілах ад чалавека, які прысвяціў усё сваё жыццё авіяцыі.

Падрыхтавала Таццяна САНЮК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации