Віншуем, вы выйгралі супер-прыз!

Важнае Здарэнні і бяспека

Такі тэлефонны званок я атрымала аднаго разу на свой мабільнік. Але помнячы, што бясплатны сыр толькі ў пастцы, не ўзрадавалася, а насцярожылася.

Пакуль я раздумвала, як рэагаваць на “радасную” навіну, пявучы голас у трубцы прадаўжаў без перапынку стракатаць:

– Віншуем, як вам пашанцавала! Вы выйгралі новы сучасны айфон. Наша кампанія ліквідуе рэшткі тавараў са склада і праводзіць розыгрыш – вы сталі нашай пераможцай. Тавар вы можаце атрымаць абсалютна бясплатна, трэба толькі аплаціць дастаўку ў паштовым аддзяленні…

Жанчына яшчэ нешта натхнёна гаварыла, ды ўжо было зразумела, што мяне вырашылі падмануць на чарговы тэлефонны “развод”. Падзякаваўшы за клопат, я развіталася  і паклала трубку: работы хапала, таму выводзіць зламыснікаў на чыстую ваду не было ні часу, ні жадання. Так хутка і бяскрыўдна закончылася гісторыя майго шалёнага “фарту”.

І толькі пазней, абмеркаваўшы гэты выпадак з калегамі, я даведалася, што такая схема махлярства даволі частая, і нават у нашым раёне ёсць тыя, хто пацярпеў ад зламыснікаў, аплаціў кругленькую суму пераводам, а наўзамен атрымаў не новы айфон, а пустую скрыню ці непатрэбную дробязь.

Каб папярэдзіць падобныя сітуацыі і самім не патрапіць у іх, варта прыслухацца да парадаў спецыялістаў. Сітуацыю каменціруе старшы оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Аляксандр Пацыновіч:

– Сёння зламыснікі з мэтай завалодання асабістымі данымі грамадзян ідуць на розныя ўлоўкі: прадстаўляюцца супрацоўнікамі банкаў, органаў унутраных спраў, абвяшчаюць вас пераможцам розыгрышу той ці іншай латарэі, аўтамабіля, тэлефона, падводзячы свае дзеянні да таго, каб вы запоўнілі анкетныя даныя са сваімі асабістымі звесткамі. Канчатковая мэта злачынцаў – прысваенне грашовых сродкаў з вашых банкаўскіх рахункаў, карт-рахункаў або афармленне на вас крэдыту без вашага ўдзелу. Каб не дапусціць злачынства, не давярайце тым, хто тэлефануе на ваш асабісты нумар і абвяшчае пераможцам той ці іншай гульні, розыгрышу або спрабуе даведацца інфармацыю пра вас пад выглядам зверкі даных, замены тэлефона, дамафона, лічыльніка, аказання сацыяльных паслугаў, налічэння пенсійных выплат або ў сувязі з рэарганізацыяй банка. Падставаў можа быць мноства, з кожным днём махляры вынаходзяць усё новыя спосабы, каб падмануць даверлівых грамадзян. Усе гэтыя дзеянні з’яўляюцца крымінальным злачынствам і караюцца па законе. Пераканаўча просім грамадзян быць пільнымі і не давяраць староннім людзям, каб самім не нарабіць сабе бяды.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: