Грып – вострае віруснае захворванне.
Заражэнне адбываецца пры пападанні віруса на слізістыя абалонкі дыхальных шляхоў. Вірусы часткова трапляюць у навакольнае асяроддзе пры кашлі, чханні, размове. Частка іх укараняецца ў здаровыя клеткі, але значная колькасць пранікае ў кроў.
Прыкметы грыпу, якія адрозніваюць яго ад звычайнай прастуды:
* востры пачатак захворвання (рэзка падымаецца тэмпература, надыходзіць слабасць, боль у мышцах);
* магчымы рэзкі боль у страўніку пры страўнікавай форме грыпу;
* бледнасць, галавакружэнне.
Падчас цяжарнасці сама хвароба і яе наступствы пагражаюць не толькі жанчыне, але і плоду. Акрамя таго, цяжарным жанчынам проціпаказаны шэраг папулярных лекавых прэпаратаў, таксама з-за магчымых наступстваў для дзіцяці. Таму пры першых прыкметах захворвання будучай маці трэба звярнуцца да доктара.
Неабходна заняцца прафілактыкай шкодных інфекцый.
* Пазбягайце наведвання людных месцаў, па магчымасці скараціце карыстанне грамадскім транспартам;
* больш гуляйце на свежым паветры, часцей праветрывайце памяшканне;
* пры наведванні паліклінікі, пры вымушаным кантакце з хворым насіце 4-слойную марлевую маску; калі захварэў хтосьці з вашай сям’і, то лепш, калі маску будзе насіць ён, а не вы.
Таксама ў якасці прафілактычных мер неабходна забяспечваць арганізм дастатковай колькасцю вітамінаў. Ешце часнок і цыбулю, якія ў сабе ўтрымліваюць процівамікробныя рэчывы, што абараняюць ад прастудных захворванняў. Добрыя па сваіх антывірусных якасцях лімон і журавіны. Вітаміны ў перыяд цяжарнасці трэба прымаць толькі па прызначэнні доктара.
Таццяна ДАНІЛЬЧЫК,
доктар акушэр-гінеколаг Дзятлаўскай ЦРБ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup