Недзіцячыя гульні. Як закон абараняе непаўналетніх?

Важнае Здарэнні і бяспека

10 верасня адбылося пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, дзе выступіў намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка.

Ён адзначыў, што апошнім часам у нашай краіне пачасціліся выпадкі, калі да ўдзелу ў несанкцыянаваных акцыях прыцягваліся непаўналетнія. Па яго словах, бацькі часам свядома стымулявалі ўдзел сваіх дзяцей у такіх мерапрыемствах: прыводзілі на плошчы, не зважаючы на тое, якой небяспецы іх падвяргаюць.

11 верасня на планавым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх Дзятлаўскага райвыканкама таксама надалі ўвагу гэтай праблеме. У прыватнасці, было адзначана, што правы дзяцей у Беларусі знаходзяцца пад асаблівай абаронай дзяржавы, разам з тым, клопат пра непаўналетніх – абавязак бацькоў. Калі бацькі свядома не забяспечваюць бяспеку дзяцей ці падштурхоўваюць іх да ўчынення дзеянняў, што супярэчаць патрабаванням заканадаўства, то закон Рэспублікі Беларусь прадугледжвае адказнасць. Дарослыя павінны ведаць, што на несанкцыянаваных масавых акцыях дзеці падвяргаюцца небяспецы быць уцягнутымі ў масавыя беспарадкі, правапарушэнні, злачынствы, знаходжанне непаўналетніх у такіх “масоўках” небяспечна для іх жыцця і здароўя, бо ў час беспарадкаў яны могуць быць траўмаваны.

Для непаўналетніх адказнасць за самавольны ўдзел у несанцыянаваным мерапрыемстве надыходзіць з 16 гадоў па артыкуле 23.34 КоАП РБ (“Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў”). Калі ж дзіця затрымліваецца да ўзросту адказнасці, то па артыкуле 9.4 КоАП РБ (“Невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей”) адказваць даводзіцца законным прадстаўнікам, і за гэта прадугледжаны штрафныя санкцыі.

А вось бацькам, якія прыходзяць на падобныя мітынгі з маленькімі дзеткамі, трэба ведаць, што ўдзел у масавых незаконных акцыях, са спантаннымі крыкамі, шумам, натоўпам людзей, дзе нямала п’яных і ўзбуджаных, – для дзіцяці вялікі стрэс, з наступствамі якога затым давядзецца вельмі доўга змагацца.

У гэтым плане прыемна адзначыць, што ў адрас камісіі па справах непаўналетніх Дзятлаўскага райвыканкама матэрыялы аб удзеле непаўналетніх у несанкцыянаваных мітынгах на тэрыторыі раёна не паступалі. Многія юныя дзятлаўчане з’яўляюцца студэнтамі і навучэнцамі іншагародніх установаў адукацыі, таму іх бацькам варта праводзіць прафілактычныя размовы з дзецьмі, тлумачыць наступствы неабдуманых паводзінаў. Не менш важна сачыць за інтарэсамі падлеткаў у віртуальнай прасторы, звяртаць увагу на тое, які ўплыў на іх аказваюць мэсэнджары і сацыяльныя сеткі.

Камісія па справах непаўналетніх Дзятлаўскага райвыканкама акцэнтуе ўвагу бацькоў на неабходнасці ўзмоцніць кантроль за дзецьмі, іх ладам жыцця, баўленнем вольнага часу. На Дзятлаўшчыне створаны ўсе неабходныя ўмовы для паўнавартаснага развіцця, выхавання, адукацыі, умацавання здароўя непаўналетніх. Установы адукацыі, дадатковай адукацыі, культуры, спорту і турызму нашага раёна прапануюць шырокі спектр карыснай занятасці для падрастаючага пакалення. Кожны непаўналетні можа знайсці для сябе справу па душы, якая стане карыснай альтэрнатывай бессэнсоўнаму, а нярэдка і супрацьпраўнаму баўленню вольнага часу.

Праблема ўдзелу непаўналетніх у несанкцыянаваных акцыях у нашым раёне застанецца на кантролі. Камісія будзе сачыць за сітуацыяй, даваць прававую ацэнку ўчынкам дзяцей і дарослых.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup