Як сустрэлі “Лістапад” на Дзятлаўшчыне?

Важнае Культура і адпачынак

У Беларусі стартаваў юбілейны XXX Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад-2024”, які прадоўжыцца да 8 лістапада і праходзіць пад дэвізам: “Кіно са знакам якасці”.

Адметна, што супаў ён з яшчэ адной “круглай датай” – 100-годдзем беларускага кіно. Прыгожыя лічбы – цудоўная нагода ўспомніць слаўную гісторыю галіны і таленавітых майстроў айчыннага кінематографа, пазнаёміцца ​​з навінкамі.

Як расказалі арганізатары, урачыстая цырымонія адкрыцця прайшла на сцэне Палаца Рэспублікі, а асноўнай пляцоўкай стаў сталічны адрэстаўраваны кінатэатр “Перамога”. Стартавала юбілейная падзея беларуска-расійскай кінастужкай “Чорны замак” рэжысёра Кірыла Кузіна па матывах рамана Уладзіміра Караткевіча “Чорны замак Альшанскі”. Стужка спалучае ў сабе адразу некалькі жанраў: фэнтэзі, дэтэктыў і меладраму. На экране як вопытныя, так і маладыя беларускія і расійскія акцёры: Віталь Кішчанка, Яўген Стычкін, Віктар Вяржбіцкі, Яўген Шварц, Лінда Лапіньш, Анастасія Красоўская, Вераніка Усцімава і іншыя.

У праграму юбілейнага кінафоруму вернуты два конкурсы – нацыянальны і нацыянальных кінашкол: у першым дэманструюцца работы айчынных рэжысёраў, у другім – студэнцкія. Яшчэ ў ёй “класічныя” конкурс ігравога кіно (18 карцін з 17-і краін) і неігравых фільмаў (12 з 7-і краін), а таксама дзіцячых стужак “Лістападзік”.

Дзятлаўшчына таксама далучылася да адзінага старту “Лістапада” ў рэгіёнах. Як адзначыла Ірына Сарачынская, загадчыца аддзела па кінавідэаабслугоўванні насельніцтва “Спадарожнік” раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці, у 17 гадзін пачаўся кінасеанс. На прагляд стужкі “Белы тыгр” рэжысёра Карэна Шахназарава былі запрошаны прадстаўнікі працоўных калектываў райцэнтра.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga