У Беларусі на ветравальна-бураломных участках у рамках акцыі “Дай лесу новае жыццё!”, ініцыяіраванай Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам, плануецца пасадзіць каля пяці тысяч гектараў дрэваў за восень.
Акцыя доўжыцца да 12 лістапада, і на Дзятлаўшчыне многія работнікі ўжо паспелі прыняць у ёй удзел. У апошні дзень кастрычніка “працоўную вахту” прадоўжылі спецыялісты сферы медыцыны, адукацыі, спорту і турызму.
– Удзельнікі акцыі зноў працуюць у 207-м квартале Казлоўшчынскага лясніцтва, – расказаў яго ляснічы Аляксей Дубовік. – Работы на гэтым участку падыходзяць да завяршэння. Цяпер высаджваем сасну і бярозу. Маладыя дрэўцы самі вырасцілі ў гадавальніку нашага лясніцтва, таму ў якасці пасадачнага матэрыялу ўпэўнены. На жаль, стыхія, якая бушавала летам у Беларусі, закранула і Дзятлаўшчыну. У Казлоўшчынскім лясніцтве пасля яе буйства з’явілася некалькі ветравальна-бураломных участкаў, на якіх будзе пасаджаны маладняк, а ўдзельнікі акцыі – нашы надзейныя ў гэтым памочнікі.
– Прымаць удзел у такім маштабным рэспубліканскім мерапрыемстве для нас ганарова і значна, – уключаецца ў размову загадчыца раённага метадычнага кабінета Таццяна Кулеш. – Сістэма адукацыі раёна заўсёды ахвотна падтрымлівае такія акцыі. Сёння побач з намі садзяць дрэвы яшчэ і калегі з установаў спорту і турызму. Сваім прыкладам мы прывучаем навучэнцаў любіць і паважаць прыроду. Каб падрастаючае пакаленне атрымлівала веды аб прыродзе роднага краю, важнасці захавання лясоў, іх значэнні, людзях, якія працуюць у лесагаспадарчай галіне, і беражліва адносілася да прыродных рэсурсаў, ва ўстановах адукацыі Дзятлаўшчыны працуюць лясніцтвы. Так, на базе дзіцячага сада № 2 горада Дзятлава створана першае ў раёне дашкольнае лясніцтва “Баравічок”, ёсць яны ў сярэдніх школах № 1 і № 3 імя І. Ю. Філідовіча горада Дзятлава, Казлоўшчынскай сярэдняй школе. Яшчэ адкрыта больш за 20 факультатыўных заняткаў экалагічнай скіраванасці. Актыўна нашы ўстановы адукацыі ўдзельнічаюць у рэалізацыі рэспубліканскіх адукацыйнага праекта “Зялёная школа”, і інавацыйных экалагічнай скіраванасці. Я ўпэўнена, што кожны чалавек павінен пакінуць свой добры след на Зямлі, у тым ліку аднаўляючы лясы. Мне прыемна рабіць гэта на малой радзіме, дзе жылі мае дзяды і прадзеды.
– Кожны год прафсаюзы таксама прымаюць актыўны ўдзел у акцыях па пасадцы лесу, – прадоўжыў тэму старшыня прафсаюзнай арганізацыі Цэнтральнай раённай бальніцы Валерый Макарчык. – Сёння мы з членамі нашай пярвічкі-медыкамі з задавальненнем прыехалі на гэту лесапаласу, каб унесці свой уклад у здароўе нацыі, адплаціць прыродзе за тое, што яна дае нам, каб нашы дзеці і ўнукі змаглі прыязджаць сюды, збіраць грыбы. Мне будзе прыемна расказаць свайму дзіцяці, што я таксама садзіў лес. Хаця сёння не вельмі добрае надвор’е, аднак у нашай каманды цудоўны настрой, усім ужо горача ад таго, што актыўна працуем. У нашай краіне лясное багацце, мяркую, самае вялікае ў Еўропе. Дзякуючы такім плошчам лясных масіваў, мы можам дыхаць свежым паветрам, а гэта спрыяльна ўплывае на лёгкія, у лесе прыемна пагуляць, зняць псіхалагічнае напружанне. Таму заклікаем усіх да ўдзелу ў такіх акцыях, прыязджайце сваімі калектывамі, і думаю, што з кожным годам рады добраахвотнікаў, якія робяць значны ўклад у нашу прыроду, будуць толькі павялічвацца.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga