Творчы калектыў сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці ў рамках сацыяльна-культурнага праекта “Глыбінкай жыве Беларусь” працягвае віншаваць юбіляраў нашага раёна.
Гэтым разам наведалі жыхарку аграгарадка Хвінявічы Галіну Быстрову, якая ў кастрычніку адзначыла 70-годдзе.
Імянінніца была рада гасцям, ветліва сустрэла іх і расказала пра сваё жыццё і захапленні.
Галіна Пятроўна нарадзілася ў шматдзетнай сям’і, у якой, акрамя яе, выхоўваліся яшчэ дзве сястры і два браты. Бацькі працавалі на спіртзаводзе. Так склаўся лёс, што рана памёр бацька, і прыйшлося прайсці праз вялікія выпрабаванні. “Дзяцінства было цяжкім, – успамінае жанчына, – але ўсе разам пераадольвалі праблемы”.
Скончыўшы Хвінявіцкую сярэднюю школу, Галіна набыла прафесію майстра абутковых вырабаў і адпрацавала на абутковай фабрыцы два гады.
Са сваім будучым мужам дзяўчына пазнаёмілася выпадкова. Мікалай, ураджэнец горада Яраслаўля, адбываў тэрміновую службу ў Гродне.
Аднойчы вечарам ён пайшоў з таварышамі ў “самаволку”, хлопцы прыйшлі да інтэрната, дзе жыла Галіна з сяброўкамі, і так, праз акно, адбылося знаёмства. Пасля заканчэння службы Мікалая маладыя людзі пажаніліся і паехалі ў Яраслаўль. Яны адразу ўладкавалася на знакаміты маторны завод, дзе Галіна адпрацавала 18 гадоў.
Жывучы ў вельмі прыгожым горадзе Расіі, дзе побач працякае велічная рака Волга, прыгожая прырода, выдатныя людзі, душа Галіны ўсё роўна рвалася ў родны і мілы сэрцу край – у Беларусь.
Вярнуўшыся дадому, у Хвінявічы, жанчына пайшла працаваць на ферму даяркай, адразу атрымала катэдж, дзе жыве да гэтага часу.
– Мне трэба рух, пастаянна нечым займацца, таму я да гэтага часу працую на ферме паганятай кароў на дойку, – расказвае Галіна Пятроўна. – Праца не з лёгкіх, яна патрабуе немалых фізічных намаганняў. Але я ў добрай форме, маю сілы, бо ўсё жыццё любіла займацца спортам. Напрыклад, у 2005 годзе на зімовых спаборніцтвах па бегу на лыжах у Дзятлаве я заняла 1-е месца. Мне тады было 52 гады.
Юбілярка падзялілася, што ў вольны час яна любіць вязаць, вышываць карціны бісерам. А яшчэ для карысці і душы ёсць у яе гаспадарка: трымае свіней і курэй, садзіць невялікі агарод. Яе любімцы – тры каты і тры сабакі. Пакаёвы сабачка Нюша заўсёды з радасцю сустракае Галіну Пятроўну з работы, дорачы сваю цеплыню.
Вялікім багаццем у сваім жыцці жанчына лічыць сям’ю. У іх з мужам нарадзіліся двое дзяцей. Сын Аляксандр цяпер жыве ў аграгарадку Хвінявічы, а дачка Таццяна ўладкавалася ў Мінску. З пяшчотай расказвае бабуля пра трох любімых унукаў, хаця лічыць, што іх у яе чацвёра. Пасля выхаду на пенсію яна паехала ў Маскву і там працавала дзесяць гадоў нянькай – выхоўвала цудоўную дзяўчынку Анечку, якая называла яе бабуляй. Старэйшая ўнучка Насця нядаўна выйшла замуж, і Галіна Пятроўна з нецярпеннем чакае праўнукаў. Сярэдняя ўнучка Вольга вучыцца ў медыцынскім каледжы ў Мінску, а самы маленькі ўнук Цімафей, якому чатыры гады, ходзіць у дзіцячы садок.
– У цэлым я задаволена сваім жыццём. Жадаю ўсім здароўя і міру. Наш шчыры і працавіты народ заслужыў жыць мірна. Няхай усе будуць добрыя адзін да аднаго. Шчасця і дабрабыту ўсім людзям, – пажадала напрыканцы сустрэчы энергічная, вясёлая, гасцінная Галіна Быстрова.
Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga