У рамках дзяржаўнага праекта “Здаровыя гарады і пасёлкі”, да якога горад Дзятлава далучыўся ў 2022 годзе, распрацаваны праект для працаздольнага насельніцтва арганізацый і прадпрыемстваў Дзятлаўскага раёна пад назвай “Абдуманы падыход да стылю жыцця”.
Яго арганізатарамі з’яўляюцца Дзятлаўскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, цэнтральная раённая бальніца, раённыя арганізацыі РГА “Белая Русь” і Таварыства Чырвонага Крыжа. Першым прыняў эстафету ў далучэнні да здаровага ладу жыцця Дзятлаўскі раён газазабеспячэння.
– Дадзены праект накіраваны на штогадовае праходжанне дыспансерызацыі, адмову ад шкодных звычак, навучанне ўменню вымярэння і кантролю артэрыяльнага ціску, выпрацоўку прывычкі да рэгулярнай фізічнай актыўнасці для падтрымання здароўя, – адзначыла галоўны доктар Дзятлаўскага райЦГЭ Алена Шайбак. – Лад жыцця чалавека не складваецца сам па сабе, а выпрацоўваецца на працягу жыцця мэтанакіравана і пастаянна. Кожны работнік прадпрыемства або арганізацыі павінен усведамляць, што неабходна клапаціцца пра сваё здароўе.
Намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Бялятка перадаў дырэктару Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння Юрыю Ганчару сімвал праекта і пажадаў усім супрацоўнікам арганізацыі прыняць у ім актыўны ўдзел, пазбавіцца ад шкодных звычак і берагчы здароўе.
Пра тое, што раз у год кожны работнік павінен праходзіць дыспансерызацыю, нагадала намеснік галоўнага доктара па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы Наталля Літвінская. Яна заклікала своечасова праходзіць абследаванні, таму што хваробы, выяўленыя на ранніх стадыях, вылечыць лягчэй.
Старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк расказала пра ўтварэнне гэтага аб’яднання, а таксама паказала, як аказваць першую дапамогу чалавеку: зрабіць сардэчна-лёгачную рэанімацыю, спыніць насавы крывацёк, зафіксаваць руку пры пашкоджанні.
Напрыканцы ўсе жадаючыя маглі памераць артэрыяльны і вочны ціск.
Наступным удзельнікам праекта “Абдуманы падыход да стылю жыцця” стане Новаяльнянскі камбінат хлебапрадуктаў.
Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga