15 жніўня ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве адзначылі парафіяльнае свята.
У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі раённай улады, сельгаспрадпрыемстваў раёна, настаяцелі каталіцкіх храмаў Беліцы, Ліды, Уселюба, дзятлаўчане, якія прыйшлі ў храм, каб асвяціць снапы, садавіну, агародніну.
На пачатку святочнай імшы ксёндз-пробашч Андрэй Лішко павітаў усіх прысутных, падзякаваў прыхаджанам за актыўнасць і іх шчырыя сэрцы. Ён узгадаў, што ў гэты дзень адзначаецца чатырохсотгоддзе з таго дня, як Львом Сапегам пачалося будаўніцтва касцёла.
– Вера ў тое, што Пан Езус не пакінуў цела сваёй маці на зямлі, але зрабіў яго падобным да свайго цела і ў момант уваскрасення ўзяў на неба, распаўсюджана ў касцёле са старадаўніх часоў. Сэнс гэтага свята дае нам надзею, што Святая Марыя апярэджвае нас на шляху да неба, да якога кожны з нас пакліканы, – адзначыў ён.
Ксёндз-доктар Віталій Сідорка павіншаваў вернікаў і растлумачыў сакральны сэнс свята:
– Сённяшнюю адпустовую малітву мы можам ахвяраваць за сваіх блізкіх, якія ўжо там, па другі бок гэтага жыцця. Мы тут молімся, а яны там павінны радавацца. У нашай еднасці вялікая моц касцёла, вялікі прывілей кожнай такой адпустовай урачыстасці.
Святары і вернікі ўзнеслі малітвы, выказалі падзяку Хрысту і Маці Божай. У знак удзячнасці прыхаджане прынеслі для Ісуса Хрыста і Яго Найсвяцейшай Маці дары: букет кветак, хлябы, ружанец, віно, снапы з сёлетняга ўраджаю.
Пасля супольнай малітвы ў касцёле асвяцілі кветкі, садавіну, агародніну. Прадстаўнікі ўсіх сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна асвяцілі снапы з каласоў новага ўраджаю.
Свята завяршылася хрэсным ходам вакол касцёла і канцэртам хора “Ветэраны ў страі”.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga