Памяць, застылая ў камені…

Важнае Грамадства

Навучэнцы Новаяльнянскай сярэдняй школы Андрэй Голуб, Дар’я Піваварчык, Аляксандра Якшук, Анастасія Бортнік, Аляксандр Кардаш з кіраўніком музея Тамарай Крывеня сталі пераможцамі ў конкурсе даследчых работ расійскіх і беларускіх школьнікаў “Расія і Беларусь: агульная гісторыя, агульны лёс”, які праводзіцца Асацыяцыяй школ Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь сумесна з Дзяржаўным гістарычным музеем.

Яны распрацавалі праект “Памяць, застылая ў камені…” пра гісторыю Ваенных могілак пасёлка Наваельня, накіраваны на стварэнне новых даных аб загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны.

На іхпахаваны 154 салдаты, якія памерлі ад ран у ваенных эвакашпіталях Наваельні. У большасці баз даных могілкі ўлічаны як адзінка, без інфармацыйнага напаўнення. На плітах выбіты толькі імёны пахаваных. Удзел у праекце дазволіў устанавіць біяграфічныя даныя загінулых салдат, персаніфікаваць іх подзвіг, аднавіць паслядоўнасць падзей, у выніку якіх былі сфарміраваны могілкі.

Працуючы над праектам, навучэнцы вывучылі розныя базы даных, архіўныя дакументы па загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны. У выніку пошуку, зверкі і ўдакладнення інфармацыі атрыманы поўныя звесткі аб пахаваных, складзены спіс і ўстаноўлена, што са 154 салдат – 84 з’яўляюцца выхадцамі Расіі, 22 беларусы, 19 украінцаў, 11 салдат – прадстаўнікі шэсць саюзных рэспублік. Складаючы пайменныя спісы, навучэнцы знайшлі даныя аб раней няўлічаных ні ў адной базе 14 расійскіх салдатах.

Аказалася, што ў асноўным гэта былі зусім маладыя людзі. Малодшаму ўсяго 18 гадоў, а старэйшаму – 52. Ёсць сярод іх і жаночае імя. Гэта 20-гадовая санінструктар Таццяна Галаванава з Масквы.

Адкрыццём стала колькасць узнагарод за баявыя подзвігі, якіх былі ўдастоены рускія воіны, пахаваныя на могілках, 34 салдаты атрымалі 59 баявых узнагарод. З агульнай колькасці пахаваных 45 салдат маюць 71 узнагароду.

Базу даных навучэнцыпрымянілі на практыцы. Яны склалі анлайн-карту “Дарога памяці” з размяшчэннем месцаў прызыву салдат і біяграфічных даных на кожнага загінулага воіна. Зрабілі інфармацыйны стэнд з QR-кодамі, які змяшчае спасылку на біяграфію салдата і размясцілі на могілках, стварылі інтэрактыўны макет Ваенных могілак у музеі, распрацавалі электронны даведнік “Салдацкая памяць, застылая ў камені” (сайт музея “Дзеці ліхалецця”).

Вынікі даследавання па вывучэнні гісторыі Ваенных могілак ужо рэалізаваны на практыцы і размешчаны ў анлайн прасторы. Дадзены кантэнт даступны і запатрабаваны карыстальнікамі з Расіі, Беларусі і іншых дзяржаў.

Атрыманыя звесткі аб пахаваных на Ваенных могілках плануецца размясціць на базах Усерасійскага інфармацыйна-пошукавага цэнтра, міжнароднага праекта “Лічбавая зорка”, праекта “Пошукавы рух Расіі” і іншыя рэсурсах.

Каманды Новаяльнянскай сярэдняй школы і Цэнтра адукацыі № 40 імя І.А. Дзяменцьева горада Тулы атрымалі ўнікальную магчымасць прыняць удзел у дзіцячай секцыі форуму Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: агульная гісторыя, агульны лёс”, які пройдзе ў Калінінградзе ў кастрычніку і стане пляцоўкай для абмену ідэямі і вопытам паміж маладымі талентамі з дзвюх краін.

Алена КРУГЛОВА,

дырэктар Новаяльнянскай сярэдняй школы