Работнікі ўпраўлення спецыяльных работ у горадзе Дзятлаве ААТ “Будкомплекс” заўсёды запатрабаваны.
Як расказаў намеснік начальніка ўпраўлення Аляксандр Кійко, невялікі, у паўсотні чалавек, калектыў арганізацыі і цяпер “раскіданы” па пляцоўках не толькі нашага, але і суседніх раёнаў, дзе ідуць капрамонты, добраўпарадкаванне.
– Сярод аб’ектаў, якія “ў рабоце”, уладкаванне тратуараў па вуліцы Навагрудскай у Дзятлаве ад Цэнтральнай кацельні да будынка райветстанцыі, – пералічвае Аляксандр Дзмітрыевіч. – Таксама прыступілі да рамонту будынка склада Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння. Ужо адрамантавалі рэнтгенкабінет у Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы. Здалі ў эксплуатацыю пасля капрамонту шматкватэрны жылы дом па вуліцы Фамічова, 4А ў Лідзе. Ажыццяўляем капітальныя рамонты шматкватэрных жылых дамоў у гарпасёлку Наваельня па вуліцах Снітко, 8, Дзятлаўскай 11А, Чырвонаармейскай, 30. Яшчэ ў гарпасёлку выканана добраўпарадкаванне плошчы ў мікрараёне вуліц Шашэйнай – Леніна з уладкаваннем стаянкі, бытавой і гандлёвай пляцовак, пешаходных дарожак. У перспектыўных планах – добраўпарадкаванне і капітальны рамонт шматкватэрнага жылога дома ў Дзятлаве па вуліцы Клары Цэткін, 3, а таксама бягучы рамонт пешаходных зон каля адміністрацыйнага будынка АУС Дзятлаўскага райвыканкама. У горадзе Навагрудку наша арганізацыя выйграла тэндар і прыступіць да будаўніцтва тратуараў па вуліцы Спартовай.
Каб не быць галаслоўным, Аляксандр Кійко прапанаваў невялікую экскурсію па аб’ектах, дзе працуюць работнікі “Будкомплекса”. Найперш пабылі на вуліцы Навагрудскай райцэнтра, дзе дзякуючы намаганням дзятлаўскіх будаўнікоў з тратуарнай пліткі выкладзены гладкія, зручныя пешаходныя дарожкі. У хуткім часе тут будуць устаноўлены яшчэ ліхтары вулічнага асвятлення. Мікрараён гэты прамысловы, таму людзі, якія штодзень спяшаюцца на работу і дамоў, павінны ацаніць змяненні станоўча.
Далейшая дарога ляжала ў Наваельню. Першы прыпынак на Чырвонаармейскай, 30, дзе адбылася сустрэча з цудоўнай жанчынай-будаўніком брыгадзірам упраўлення Ларысай Філідовіч.
Пакуль аглядалі аб’ект капрамонту і гутарылі з брыгадай, Ларыса Уладзіміраўна расказала пра сябе і адносіны да справы:
– У будаўнічай сферы я з 2000 года, але спецыяльнасць маю іншую: “кравец лёгкага жаночага адзення”. Па асноўнай прафесіі раней працавала ў швейным цэху Будкомплекса. Калі яго закрылі, шэсць работнікаў пераводам трапілі на будаўнічыя ўчасткі. Я спачатку была дапаможным рабочым, а калі назапасіла ведаў і вопыту, стала брыгадзірам. Пад маім кіраўніцтвам 18 чалавек. Іх неабходна размеркаваць па відах дзейнасці, заказаць матэрыялы, сачыць за якасцю і прадукцыйнасцю работы, дакладнасцю выканання ўмоваў праекта. На адным аб’екце брыгада ў поўным саставе працуе рэдка, таму ўвесь дзень даводзіцца быць на тэлефоне, наведваць сваіх работнікаў, кантраляваць тэхніку бяспекі. Будаўнічая справа складаная, патрабуе вялікай самааддачы, затое заўжды прыемна чуць шчырыя словы ўдзячнасці ад жыхароў, прыемна, калі людзі цябе пазнаюць: “Гэта ж вы рамантавалі наш дом!”. Не менш радасна напрыканцы бачыць плён работы брыгады: як было і як прыгожа стала. Не памылюся, калі скажу, што мы людзі творчай прафесіі.
З гэтым выказваннем поўнасцю згодны Алена Вашко, Сяргей Сербін, Лілія Аляксейчык. Яны фарбуюць фасад дома ў аранжавы і жаўтавата-бэжавы колеры. Думаю, атрымаецца прыгожа. Каля бетонамяшалкі завіхаюцца Аляксандр Кармільчык і Мікалай Дзяхцевіч, іх задача – рабіць якасны раствор для тынкоўкі. Ігар Грамадскі і Яўген Мазур заняты на зварачных работах, бо рамантуюцца яшчэ і балконы дома.
Па вуліцы Снітко, 8, куды едзем з Аляксандрам Кійко і Ларысай Філідовіч, работы скончаны. Дом радуе ярка-сонечнай афарбоўкай сцяны, якая “глядзіць” на вуліцу, нават праменьчыкі відаць.
У завяршальнай стадыі капрамонт па вуліцы Дзятлаўскай, 11А. Дзмітрый Баярскі правярае надзейнасць дзвярэй на ўваходнай групе аднаго з пад’ездаў. Яніна Жук паднялася да нас з падвала, дзе выконвала тынковачныя работы. Адтуль даносіцца шум працуючых будаўнічых інструментаў, таму іншых работнікаў вырашылі не турбаваць. Напрыканцы сфатаграфавалі і вадзіцеля ўпраўлення Сяргея Малаеда, які дастаўляе будаўнікоў на аб’екты. Сапраўды, пачэсная і патрэбная будаўнічая справа, якая заклікана дарыць камфорт і ўтульнасць людзям.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga