Настрой – баявы, атрад – дружны

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Накіраваліся ў дарогу з першым сакратаром раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярынай Хілімончык.

Нагода выдалася прыемная – павіншаваць моладзь Дзятлаўшчыны, якая не сядзіць без справы, з днём нараджэння Беларускіх студэнцкіх атрадаў.

У нашым раёне сельскагаспадарчыя атрады працуюць у КСУП “Войневічы” і “Хвінявічы”, ААТ “Дварэц-Агра” і “Граніт-Агра”.

– Працоўныя семестры з удзелам студатрадаў на Дзятлаўшчыне ладзяцца шмат гадоў запар, – расказала Кацярына Хілімончык. – Гэта адзін з напрамкаў работы Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, які дапамагае далучыць падрастаючае пакаленне да карыснай занятасці, дазваляе моладзі адчуць, як зарабляюцца ўласныя грошы. Уцешна, што многія байцы студатрадаў заступаюць на працоўную вахту не першы год запар. Радуе, што студатрадаўскі рух, нягледзячы на адказнасць, падтрымліваюць гаспадаркі і арганізацыі раёна. Наймальнікі заўжды стараюцца стварыць камфортныя і бяспечныя ўмовы працы. Дзякуй за гэта. Сёлета ўпершыню ў нашым раёне атрад працаваў на базе цэнтральнай раённай бальніцы. З нагоды дня стварэння БСА я віншую са святам усіх удзельнікаў моладзевага працоўнага фронту і цяперашніх, і ветэранаў камсамольскага студатрадаўскага руху. Жадаю здароўя, міру, дабра. Мы, маладое пакаленне, пастараемся зберагчы лепшыя традыцыі БСА і даказаць, што ў нашай краіне падрастае дастойная працоўная змена.

 

Як і належыць у дзень нараджэння, Кацярына Хілімончык падрыхтавала для маладых работнікаў салодкія падарункі, якія папоўняць іх зарадам энергіі. Не абышлося без святочнай фотасесіі.

Баявая вахта – справа сур’ёзная, таму пасля “ўрачыстай хвілінкі” пацікавіліся ў маладых работнікаў і іх старэйшых кіраўнікоў, як праходзяць будні.

– У ААТ “Дварэц-Агра” нашы восем студатрадаўцаў працуюць з 18 ліпеня, – патлумачыў галоўны спецыяліст гаспадаркі Аляксандр Сачык. – Яны заступілі на збожжасушыльны комплекс, як толькі пачалася ўборка рапсу. На жаль, перашкодзіла дрэннае надвор’е. Пакуль у гаспадарцы абмалочана 35 % плошчаў, калі б не дажджы, было б 50 %. Сіноптыкі абнадзеілі, мы ловім кожную пагодлівую хвілінку. Учора сабралі 360 тон збожжа за дзень. Цяпер на сушку возяць азімую пшаніцу. Заўтра пяройдзем да яравога ячменю або гароху, таму пляцоўку давядзецца вычысціць. Нашы студатрадаўцы працуюць адказна, усё паспяваюць, мы імі задаволены, яны прыходзяць у атрад з ахвотай, бо стараемся не крыўдзіць зарплатай.

Сярод маладых работнікаў бачу “аксакала” мясцовага студатрада Ксенію Лагута, не магу прайсці міма, хаця яна і адмаўляецца пазіраваць для фота (дзень выдаўся напружаны).

– Гэта мой шосты студатрадаўскі сезон, – зазначае дзяўчына. – На жаль, апошні, бо я скончыла ўніверсітэт, атрымала спецыяльнасць настаўніцы малодшых класаў, еду працаваць на Міншчыну, дзе брала мэтавае накіраванне. Студатрадаўскі рух – цудоўная традыцыя, мне ён падарыў мора станоўчых эмоцый, новых сяброў. З нагоды свята жадаю БСА развівацца, асвойваць новыя галіны. Удзельнікам – не баяцца новага, бо гэта вопыт. Пакуль ёсць магчымасць, прыходзьце ў атрады, вяртайцеся ў іх кожны год, таму што працоўны семестр – гэта не толькі заробак, але і прыемныя ўражанні.

Другі год запар сярод дварэцкіх студатрадаўцаў навучэнец Лідскага каледжа ГрДУ імя Я. Купалы Уладзіслаў Вялічка.

– Вучуся на тэхніка-механіка і мяркую прыйсці ў сельскую прафесію ўслед за бацькам Пятром Іванавічам, які працуе ў гэтай гаспадарцы на пагрузчыку, – зазначае Уладзіслаў. – Работа ў атрадзе навучыла мяне цаніць час, старанна працаваць і адказваць за свой участак работы. Адвучыцца засталося паўтара гады.

Каля збожжасушыльнага комплекса ў Круцілавічах у ААТ “Граніт-Агра” шматлюдна, бо тут студатрадаўская змена стартавала для 14 юнакоў і дзяўчат, частка з якіх працуе на ўчастку ў Таркачах.

– Работнікі ў нас паслухмяныя, спраўляюцца добра, без моладзі нам ніяк, – хваліць студатрадаўцаў загадчыца склада “Круцілавічы” Вольга Нагорная. – Працуюць нашы памочнікі ў дзве змены. Цяпер сушым ячмень, авёс. Сушылкі дзве, культуры розныя, дзейнічаць неабходна аператыўна. Напружана папрацаваць, калі не падвядзе надвор’е, давядзецца дзён з дзесяць, а там і жніво падыдзе да фінішу. Маладым работнікам жадаю здароўя і поспехаў.

Упершыню сёлета запісалася ў атрад Дар’я Сёмуха, навучэнка Круцілавіцкай сярэдняй школы:

– Папрацаваць параілі сяброўка і сёстры. У атрадзе весела, ды і свой першы заробак атрымаю. Грошы патрачу на падрыхтоўку да школы. Думаю, БСА прывучаюць моладзь да працы, дапамагаюць сталець, разумець, як даецца хлеб, які штодзень бачым на стале. Жадаю моладзі далучацца да студатрадаўскага руху: час тут праходзіць з карысцю і незаўважна.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: