Пытанні фінансавага аздараўлення сельскагаспадарчых арганізацый абмеркавалі на пасяджэнні райвыканкама

Важнае Улада

Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 399 значна пашырыў паўнамоцтвы па фінансавым аздараўленні сельгаспрадпрыемстваў, улічыў прапановы, якія раней выказвалі аграрыі: гэта кіраванне актывамі, акцыянаванне, давернае кіраванне і іншыя формы, якія дапамагаюць гаспадаркам і зацікаўліваюць інвестараў у сельскую гаспадарку.

– Важна граматна выкарыстоўваць гэтыя магчымасці. І ў Дзятлаўскім раёне сёння, я гэта бачу, сельгаспрадпрыемствы з падтрымкі раённага выканаўчага камітэта выкарыстоўваюць практычна ўсе інструменты, прапанаваныя ўказам, і таму маюць дастойны вынік. Пры гэтым прысутнічаюць кантроль і адказнасць з боку ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, райвыканкама за выкананнем абавязацельстваў прадпрыемствамі, – адзначыла намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Ала Ламакіна, якая прыняла ўдзел у пасяджэнні Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта.

У 2023 годзе працэдура аздараўлення праводзілася ў дзвюх сельскагаспадарчых арганізацыях Дзятлаўскага раёна: камунальным сельскагаспадарчым унітарным прадпрыемстве “Хвінявічы” і адкрытым акцыянерным таварыстве “Дварэц-Агра”.

У дачыненні да ААТ “Дварэц-Агра” выкарыстана адна з мераў павышэння эфектыўнасці кіравання дзяржаўнымі неплацежаздольнымі арганізацыямі – перадача ў давернае кіраванне ААТ “Молочный Мир”. Па выніках работы 2023 года гаспадарка не ў поўным аб’ёме выканала вытворчыя і фінансавыя паказчыкі, устаноўленыя ў бізнес-плане фінансавага аздараўлення на 2020-2028 гады. Аднак па канчатковым фінансавым выніку атрыманы прыбытак у суме 3803,0 тысячы рублёў. Станоўчы фінансавы вынік забяспечаны за кошт аказання ААТ “Дварэц-Агра” дзяржаўнай падтрымкі са сродкаў бюджэту і спонсарскай дапамогі ААТ “Молочный Мир”.

Што датычыцца КСУП “Хвінявічы”, па выніках работы за 2023 год прадпрыемства таксама не забяспечыла ў поўным аб’ёме выкананне вытворчых паказчыкаў, прадугледжаных бізнес-планам па фінансавым аздараўленні на 2019-2027 гады, распрацаваным у адпаведнасці з нормамі ўказа № 399. Між тым па канчатковым фінансавым выніку атрыманы прыбытак у суме 2638,0 тысячы рублёў, што вышэй за паказчык бізнес-плана ў 4,1 раза.

Як патлумачыла начальнік аддзела прагназавання фінансавання і справаздачнасці ў АПК Марыя Ціхан, штомесяц ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама падаюцца вытворча-эканамічныя паказчыкі неплацежаздольных арганізацый, якія пасля разглядаюцца на яго пасяджэннях. Гэта дае магчымасць прагназаваць канчатковы вынік. На 2024 год сельгаспрадпрыемствы робяць стаўку на значны прыбытак ад рэалізацыі малака.

У 2023 годзе са сродкаў мясцовых бюджэтаў у выглядзе дзяржаўнай падтрымкі, накіраванай на набыццё запасаў, аплату выкананых работ, аказаных паслугаў на фінансаванне бягучых расходаў выдзелена бязвыплатна ААТ “Дварэц-Агра” 684,0 тысячы рублёў, КСУП “Хвінявічы” – 664,1 тысячы рублёў. За кошт сродкаў бюджэту аплачана набыццё сельскагаспадарчай тэхнікі КСУП “Хвінявічы” на суму 706,4 тысячы рублёў, ААТ “Дварэц-Агра” 397,0 тысячы рублёў. Акрамя таго, ААТ “Молочный Мир” на развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці аказана спонсарская дапамога гаспадарцы “Дварэц-Агра” ў суме 4565,0 тысячы рублёў, з іх на набыццё сельскагаспадарчай тэхнікі – 1285,0 тысячы рублёў.

У 2020 годзе ў рамках указа № 399 праведзена рэарганізацыя рэспубліканскага даччынага ўнітарнага прадпрыемства па забеспячэнні нафтапрадуктамі “Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт” праз далучэнне неплацежаздольнага прадпрыемства КСУП “Русь-Агра”, цяпер гэта сельскагаспадарчы філіял “АграМілк”, і ААТ “Граніт-Агра” праз далучэнне КСУП “Белагурна”. Як фарміруюцца складальнікі паспяховай дзейнасці гэтых прадпрыемстваў і якія ёсць праблемы, таксама гаварылі на пасяджэнні.

Увогуле, старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі падкрэсліў, што ўказ № 399 – гэта той галоўны штуршок, які дае магчымасць аднавіцца сельгаспрадпрыемствам, дзе ёсць складанасці, аднак захоўваецца кадравы патэнцыял, – у сукупнасці атрымліваецца годны вынік.

Ірына КАМАРОВА
Фота Ірыны СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: