Нядаўна на Дзятлаўшчыне прайшла абласная міліцэйская камбінаваная эстафета, удзельнікі якой ацанілі высокі ўзровень падрыхтоўкі, гасціннасць дзятлаўчан.
Як заўважыў начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Вадзім Шчурскі, такое свята не атрымалася б без падтрымкі кіраўніцтва раёна і землякоў. Ён расказаў, як і кім рыхтаваліся галоўныя міліцэйскія старты гэтага года:
– Раённаму аддзелу ўнутраных спраў быў прадастаўлены гонар прыняць на гасціннай дзятлаўскай зямлі штогадовую міліцэйскую эстафету сярод супрацоўнікаў органаў унутраных спраў Гродзенскай вобласці. Прыгожы, утульны горад Дзятлава прыняў гасцей з горада Гродна і ўсіх раёнаў нашай вобласці. Эстафета, а таксама культурныя мерапрыемствы ў межах яе прайшлі без затрымак, з высокай ступенню арганізаванасці, што адзначылі ўдзельнікі і госці, у тым ліку – начальнік упраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама Дзмітрый Рэзянкоў . Адметна, што адкрыццё эстафеты адбылося на сакральным для дзятлаўчан месцы – каля падножжа абеліска Славы, дзе адбыўся ўрачысты мітынг. Андрэй Уладзіміравіч павітаў гасцей свята і ўзгадаў ваенную гісторыю раёна і тое, што сёлета горад Дзятлава адзначаны вымпелам “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”.
– Хто ўдзельнічаў у арганізацыі міліцэйскай эстафеты?
– На этапе падрыхтоўкі пры ўдзеле старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага і кіраўніцтва аддзела ўнутраных спраў райвыканкама прайшло пасяджэнне рабочай групы, дзе вызначылі задачы па навядзенні парадку, падрыхтоўцы эстафеты, арганізацыі адпачынку і сустрэчы гасцей. Усе пастаўленыя задачы былі выкананы своечасова і ў поўным аб’ёме. Сіламі сектара спорту і турызму райвыканкама разам з супрацоўнікамі аддзела і ўпраўлення ўнутраных спраў была пракладзена паласа перашкодаў для эстафеты, якая атрымалася насычанай і цікавай. Словы ўдзячнасці і павагі арганізатарам гэтага маштабнага мерапрыемства былі выказаны генерал-маёрам міліцыі Дзмітрыем Рэзянковым і кіраўніцтвам УУС Гродзенскага аблвыканкама.
– Вадзім Васільевіч, каму хацелі б сказаць “дзякуй” за дапамогу ў падрыхтоўцы мерапрыемства?
– Самыя шчырыя словы ўдзячнасці за падтрымку, каардынацыю і арганізацыю нашага профільнага мерапрыемства адрасуем кіраўніку раёна Андрэю Садоўскаму. На памяць аб абласным мерапрыемстве, якое на найвышэйшым узроўні прыняла Дзятлаўшчына, мы ўручылі яму сімвалічную статуэтку эстафеты, такімі ж былі адзначаны ўсе каманды-ўдзельніцы. Як ужо было сказана, вялікую работу па арганізацыі і судзействе эстафеты зрабілі работнікі фізкультуры і спорту раёна на чале з Дзмітрыем Ёдам. Традыцыйна Дзятлаўшчына ўразіла гасцей чысцінёй і парадкам, а таксама цікавымі краязнаўчымі экскурсіямі, у гэтым заслуга калектыву камунальнай гаспадаркі раёна на чале з Васілём Пецюком, а таксама выдатнага экскурсавода турыстычнага інфармацыйнага цэнтра Алены Абрамчык. У вольны ад стартаў час удзельнікі эстафеты адпачылі на імправізаваным фуд-корце, паўдзельнічалі ў дэгустацыях і набылі прадукцыю прадпрыемстваў раёна – Дзятлаўскага філіяла ААТ “Молочный Мир”, ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”, Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства, за падтрымку ініцыятывы дзякую іх кіраўнікам Андрэю Жыдко, Аляксандру Яцуку, Мікалаю Гародку. Свята не было б поўным без удзелу нашых шаноўных работнікаў культуры, за што шчыра дзякуем начальніку аддзела культуры райвыканкама Васілю Шыцько і дырэктару Цэнтра культуры і народнай творчасці горада Дзятлава Наталлі Маліноўскай. Таксама выказваем словы падзякі аддзелу адукацыі і калектыву Круцілавіцкай сярэдняй школы, выступленне навучэнцаў якога стала сапраўдным упрыгажэннем мерапрыемства; валанцёрам раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа і ваеннаму камісарыяту раёна. Нарэшце, высокай пахвалы і вялікай удзячнасці заслугоўвае работа калектыву раённай газеты “Перамога”, стараннямі якога ў гісторыі зафіксаваны самыя яркія моманты мерапрыемства. За магутную падтрымку, цёплую атмасферу і вялікую цікавасць да эстафеты дзякуем землякам і гасцям горада. Мерапрыемства атрымалася выдатным, зладжаным і яркім дзякуючы вам.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga