Прысяга маладых ратаўнікоў і святочны канцэрт

Важнае Грамадства

Урачыстасць з нагоды Дня пажарнай службы Рэспублікі Беларусь прайшла ў Дзятлаве.

Яна сабрала супрацоўнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, прадстаўнікоў улады, сілавых структур, працоўных калектываў.

Каля мемарыяла – брацкай магілы воінаў Чырвонай арміі і партызанаў, загінулых пры вызваленні Дзятлаўскага раёна, і магілаў Герояў Савецкага Саюза Яна Фогеля і Паўла Пятрова, якія аддалі свае жыцці дзеля выратавання будучых пакаленняў і міру на зямлі маладыя ратаўнікі ўрачыста прынялі прысягу на вернасць прафесіі, якая таксама заклікана ратаваць і аберагаць чалавечыя жыцці.

З гэтым значным момантам у жыцці іх шчыра павіншавалі начальнік Дзятлаўскага РАНС Сяргей Казушчык, намеснік начальніка аддзела Аляксандр Беленка, ветэран службы і былы кіраўнік райаддзела Сяргей Малышчык.

Праграму сустрэчы прадоўжыў урачысты канцэрт і цырымонія ўзнагароджання да Дня пажарнай службы, якія ладзіліся ў раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці.

– Сённяшняе свята аб’ядноўвае людзей мужнай і высакароднай прафесіі, якія нясуць адказнасць за захаванне народнага багацця і жыццяў людзей, – павіншаваў ратаўнікоў намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Бялятка. – Ваш службова-баявы шлях заўжды спалучаны з трывогамі і небяспекай, пераадоленнем цяжкасцяў і рызыкі. Вы выбралі службу, якая патрабуе асаблівай мужнасці, адвагі, вышэйшай кампетэнцыі. Упэўнены, жыхары нашага раёна цвёрда ведаюць, што ў любой небяспечнай сітуацыі могуць разлічваць на кожнага з вас. Ад імя Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта дзякую асабоваму саставу РАНС за нялёгкую працу, самаадданасць, зладжанасць у рабоце.

Вадзім Бялятка ўручыў узнагароды лепшым у прафесіі. Падзячнымі лістамі старшыні райвыканкама адзначаны старшына ўнутранай службы Павел Талкачоў, старшы сяржант унутранай службы Аляксандр Яфімік, такой жа ўзнагароды за шматгадовую службу ўдастоены Алег Дорда. Ганаровай граматай старшыні раённага Савета дэпутатаў узнагароджаны Сяргей Малышчык, падзячным лістом старшыні раённага Савета дэпутатаў – Андрэй Шэнаеў.

– Мы ганарымся мужнасцю і адвагай нашых папярэднікаў, якія сутыкнуліся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, першымі прынялі ўдзел у ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС, – адзначыў Сяргей Казушчык. – Многае змянілася за час існавання службы: на ўзбраенні цяпер знаходзіцца самая сучасная тэхніка, якая дазваляе выконваць пастаўленыя задачы і аказваць дапамогу людзям, якія трапілі ў бяду. Гэта дасягнута дзякуючы падтрымцы кіраўніка дзяржавы. Нас разумее і падтрымлівае раённая ўлада, калегі з сілавога блока, дзякуй за гэта. Словы ўдзячнасці за бясцэнны вопыт адрасую ветэранам аддзела, сем’ям ратаўнікоў – за разуменне і падтрымку. Штодзённай стараннай працай мы заслужылі давер і аўтарытэт у насельніцтва. Тым не менш, трэба пастаянна ўдасканальвацца і развівацца, калі будзем рабіць гэта ў камандзе – усё атрымаецца. З прафесійным святам, здароўя, міру, дабрабыту.

Сяргей Казушчык павіншаваў маёра ўнутранай службы Аляксандра Беленку, якому аб’яўлена падзяка Міністра па надзвычайных сітуацыях, грамату міністэрства ён уручыў старшаму прапаршчыку ўнутранай службы Дзянісу Болтачу, нагрудны знак МНС РБ “Выдатнік” – прапаршчыку ўнутранай службы Алегу Грышуку.

Ганаровай граматай абласнога ўпраўлення МНС адзначаны старшы прапаршчык унутранай службы Алег Конан, граматай абласнога ўпраўлення МНС – прапаршчык унутранай службы Уладзімір Зарэцкі. Падзяка начальніка абласнога ўпраўлення МНС аб’яўлена старшаму сяржанту ўнутранай службы Сяргею Кардашу і сяржанту ўнутранай службы Арцёму Вакуленку. Падзячным лістом начальніка Гродзенскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС, памятным нагрудным знакам “165 год пажарнай службе” ўзнагароджаны старшы прапаршчык унутранай службы Сяргей Бранкоўскі, таксама такія ж нагрудныя знакі атрымалі старшы прапаршчык унутранай службы Уладзімір Грамадскі, прапаршчык унутранай службы Яўгеній Новік.

Прагучалі шчырыя і цёплыя словы віншаванняў і для ветэранаў аддзела. Узнагароды з нагоды свята ім уручыў Сяргей Казушчык. Памятным нагрудным знакам “165 год пажарнай службе” адзначаны Алег Шыгатаў, юбілейным медалём “20 год органам і падраздзяленням па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь” Уладзімір Нячаеў.

Далучыліся да віншаванняў і прадстаўнікі сілавых структур Дзятлаўшчыны. Ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец уручыў юбілейныя медалі “80 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” падпалкоўніку ўнутранай службы Сяргею Казушчыку, ветэрану службы Сяргею Малышчыку.

Падзячныя лісты начальніка Гродзенскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы маёру ўнутранай службы Сяргею Кухарчыку, маёру ўнутранай службы Сяргею Новіку ўручыў начальнік раённага аддзела Дэпартамента аховы Сяргей Кулеш.

Падзячны ліст начальніка абласнога ўпраўлення Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці маёру ўнутранай службы Аляксандру Беленку ўручыла начальнік раённага аддзела СК Таццяна Пратаковіч.

Падзячным лістом АУС Дзятлаўскага райвыканкама ўзнагароджаны старшы лейтэнант унутранай службы Яўгеній Ясюкайць.

Песенныя падарункі для ратаўнікоў дарылі артысты Дзятлаўшчыны.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga