18 ліпеня на Дзятлаўшчыне прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва.
У ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка” выступіла інфармацыйная група старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага. Працавалі таксама групы намеснікаў старшыні райвыканкама Віталія Шулейкі, Вадзіма Бяляткі, Вольгі Жэлезоўскай.
Абмеркавалі тэму “Моцны лідар – гарант стабільнасці і бяспекі дзяржавы”, прагледзелі тэматычную кінастужку. Як вядома, Беларусь – адна з самых маладых прэзідэнцкіх рэспублік сярод больш за 150 падобных краін. У нас інстытут прэзідэнцтва ўведзены 30 гадоў таму, і цяпер ёсць магчымасць супаставіць і ацаніць мінулае і сучаснасць, каб усвядоміць, як з незайздроснага “стартавага матэрыялу” ўдалося пабудаваць незалежную і суверэнную краіну, скіраваную ў будучыню.
– Беларусі пашчасціла з Прэзідэнтам, – адзначыў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі. – На працягу трох дзесяцігоддзяў пад яго кіраўніцтвам наша дзяржава ідзе ўпэўненым шляхам паспяховага развіцця. У параўнанні з краінамі-суседкамі ў нас не было сур’ёзных унутраных і знешніх супярэчнасцяў, нас “не хістала”. Безумоўна, адносіны нават з Расіяй, складваліся па-рознаму, аднак усе спрэчныя пытанні вырашаліся шляхам перамоваў. У параўнанні з той жа Украінай, Беларусі дасталася небагатая і складаная эканоміка. Паднімаць яе было цяжка, але наш народ на чале з моцным лідарам многага дабіўся шчырай працай: пабудаваны Астравецкая АЭС, завод “БелДжы”, развіваецца парк новых тэхналогій “Вялікі камень”, паспяхова функцыянуюць флагманы вытворчасці МАЗ, БелАЗ, МТЗ. Упэўнены, што наперадзе ў нас яшчэ больш дасягненняў.
Сапраўды, курс Аляксандра Лукашэнкі на пабудову моцнай прававой сацыяльнай дзяржавы поўнасцю апраўдаўся і даў вынікі. Беларусы дабіліся высокіх дасягненняў у нанатэхналогіях, атамнай і аднаўляльнай энергетыцы, аэракасмічнай галіне, штучным інтэлекце, цыфравізацыі і рабатызацыі, біятэхналогіях і фармацэўтыцы, машына- і прыборабудаванні, дакладным земляробстве, стварэнні новых лекаў і методык у ахове здароўя. Рэалізаваны многія высокатэхналагічныя і інфраструктурныя праекты, якія сёння з’яўляюцца драйверамі развіцця Беларусі.
Краіна не толькі забяспечвае сябе харчаваннем, але і ўвайшла ў пяцёрку буйнейшых экспарцёраў Еўропы.
Нават ва ўмовах беспрэцэдэнтнага знешняга ціску ў Беларусі адзін з самых нізкіх узроўняў беднасці насельніцтва, гарантавана бясплатная і даступная медыцынская дапамога, створаны неабходныя ўмовы для рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзян на атрыманне адукацыі. З моманту абрання Аляксандра Лукашэнкі элементам унутранай палітыкі стала бескампрамісная і рашучая барацьба з карупцыяй. У апошнія гады асаблівае значэнне набыла гістарычная тэматыка, бо ўзмацніліся спробы калектыўнага Захаду “перапісаць” вынікі Другой сусветнай вайны. У Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь унесены палажэнні аб захаванні гістарычнай праўды і памяці. Цяперашнім беларусам пашчасціла жыць пад мірным небам. Працэс рэфармавання беларускай арміі пачаўся ў сярэдзіне 1990-х гадоў пад непасрэдным кіраўніцтвам Прэзідэнта. Створаны кампактныя, мабільныя, высокатэхналагічныя Узброеныя Сілы. Стратэгічныя дакументы, прынятыя сёлета на сёмым ВНС, – Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі і Ваенная дактрына – адказ на сучасныя выклікі і пагрозы нашаму канстытуцыйнаму ладу.
У сваім звароце на сёмым УНС Прэзідэнт сказаў: “Толькі мы ведаем, якой павінна быць будучыня Беларусі, якой павінна быць наша краіна, як зрабіць яе мацнейшай… мы выбралі моцную, суверэнную, незалежную, мірную Беларусь. І ў гэты складаны, супярэчлівы час трэба выстаяць! Мы мусім гэта зрабіць. Час выбраў нас!”.
Сярод пытанняў Адзінага дня інфармавання насельніцтва таксама былі абмеркаваны тэмы “Аб мерах супрацьдзеяння экстрэмізму і тэрарызму, рэабілітацыі нацызму. Адказнасць за рэгістрацыю на інтэрнэт-рэсурсах, прызнаных экстрэмісцкімі, распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў у глабальнай сетцы Інтэрнэт”; “Аб супрацьдзеянні карупцыі”; “Бяспека дзяцей на канікулах. Бяспека на вадзе. Правілы паводзінаў у лесе. Акцыя “Канікулы – без дыму і агню!”.
Галоўны доктар цэнтральнай раённай бальніцы Віктар Яцкевіч патлумачыў, чаму неабходна праходзіць абавязковую дыспансерызацыю, нагадаў, што ў працоўным заканадаўстве для яе праходжання прадугледжаны дні з захаваннем зарплаты, расказаў і аб магчымасці па заяўцы кіраўніка праводзіць выязныя агляды работнікаў арганізацый.
На адрас спецыялістаў прагучалі пытанні, якія тычыліся якасці медыцынскага абслугоўвання жыхароў раёна. На іх дадзены кампетэнтныя адказы. Людзям нагадалі і пра тое, што па суботах раённае кіраўніцтва праводзіць прамыя тэлефонныя лініі. Звароты грамадзян на іх – гэта індыкатар работы той ці іншай сферы раёна.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#ЕДИ #Президент #СМИ