Сустрэча з парадкам дня “Аб рабоце Дзятлаўскага сельвыканкама і сельскага Савета дэпутатаў па забеспячэнні жыццядзейнасці насельніцтва, добраўпарадкаванні населеных пунктаў” адбылася пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага з удзелам старшыняў сельскіх выканаўчых камітэтаў Дзятлаўшчыны.
З інфармацыяй па асноўнай тэме выступіў старшыня Дзятлаўскага сельвыканкама Ігар Хітро. Ён расказаў, што плошча сельскага савета складае 239 кв. км, тут знаходзіцца 31 населены пункт. Самыя буйныя з іх – арагарадок Раклевічы (358 чалавек), вёскі Засецце (220) і Апаліна-Басіна (182). У населеных пунктах Запашка, Каменка, Нямковічы, Палубачкі, Тарасавічы пражывае менш за 10 чалавек, у Сіратаўшчыне ніхто не жыве.
На тэрыторыі сельскага савета ёсць 865 гаспадарак, пражывае 1717 чалавек. З іх 1003 працаздольныя, 492 пенсіянеры, 222 дзіцяці, 16 адзінокіх, 268 грамадзян, якія жывуць адзінока, 18 шматдзетных сем’яў, 13 няпоўных.
У інфраструктуру сельсавета ўваходзіць СГФ “АграМілк”, у якім працуе 366 чалавек. Плошча сельгасугоддзяў складае 7638 га. Таксама функцыянуюць аддзяленне паштовай сувязі, два магазіны райспажыўтаварыства (у населеныя пункты, дзе адсутнічаюць магазіны, прыязджаюць аўталаўкі), базавая школа, бібліятэка-клуб і ФАП у Раклевічах. Установа паштовай сувязі, акрамя традыцыйных паслуг, аказвае дадатковыя: можна набыць і заказаць амаль любы від тавараў.
На абслугоўванні ў аддзяленні сацыяльнай дапамогі на даму па сельсавеце знаходзіцца 5 чалавек.
Медыцынскае абслугоўванне жыхароў сельсавета забяспечваюць Раклевіцкі ФАП, а таксама Дзятлаўская раённая і Новаяльнянская паліклінікі, ФАП вёскі Міроўшчына. Медработнікі рэгулярна праводзяць медыцынскае абследаванне адзінокіх грамадзян і якія жывуць адзінока, аказваюць ім неабходную меддапамогу.
На жаль, насельніцтва Дзятлаўскага сельсавета штогод скарачаецца. Так, сёлета нарадзілася 5 чалавек, памерла 16, летась 4 дзіцяці нарадзіліся і 40 чалавек памерла.
Значную дапамогу ў рабоце сельвыканкама аказваюць грамадскія органы тэрытарыяльнага самакіравання і грамадскія фарміраванні. У населеных пунктах сельскага савета выбраны 22 старасты. Сумесна з сельвыканкамам яны праводзяць работу па навядзенні парадку і добраўпарадкаванні прыдамавых тэрыторый у вёсках, тэрыторый агульнага карыстання, грамадзянскіх могілак, аказваюць дапамогу ў наладжванні кантактаў са спадчыннікамі пустых дамоў, інфармуюць сельскі выканаўчы камітэт аб стане спраў. Шмат увагі надаецца забеспячэнню бяспечнай жыццядзейнасці адзінокіх грамадзян і якія пражываюць адны – гэта рамонт пячнога ацяплення, электраправодкі, устаноўкі АПА, забеспячэння палівам, медыцынскай дапамогай.
Працуе назіральная камісія, якая ў бягучым годзе праверыла 280 домаўладанняў, былі выяўлены 32 парушэнні (31 ліквідавана). У асноўным гэта няспраўныя элементы сілкавання.
Шмат увагі надаецца пытанням добраўпарадкавання населеных пунктаў. Газіфікавана 14 населеных пунктаў, сабраны заявы ад жыхароў вёскі Яцвезь на газіфікацыю. Заменены свяцільнікі на энергазберагальныя ў 10 населеных пунктах.
На працягу апошніх гадоў пакладзены асфальт у вёсках Плябанавічы, Хадзяўляны, Малдуці. 32 км вуліц населеных пунктаў знаходзяцца на абслугоўванні ДРБУ-119. Праблемным пытаннем застаецца абслугоўванне дарог у вёсках, якія не стаяць на балансе. Напрыклад, у Раклевічах 6 такіх вуліц. Пад’язныя шляхі практычна да ўсіх населеных пунктаў заасфальтаваны.
Сёлета праведзена добраўпарадкаванне тэрыторыі каля МТФ “Засецце”, каля новага гаража для захоўвання тэхнікі. Цяпер робіцца рамонт і добраўпарадкаванне тэрыторыі 2-павярховага дома па вуліцы Моладзевай у Раклевічах.
На знос пустых дамоў было выдзелена 3 тысячы рублёў і знесены 3 пустуючыя дамы, уцягнуты ў севаабарот участак у вёсцы Засецце плошчай 0,40 га. Апублікавана апавяшчэнне і прынята заяўка прэтэндэнта на куплю дома за базавую велічыню. Цяпер у стадыі падрыхтоўкі дакументы для падачы ў суд адносна 5 дамоў, якія абследаваны раённай камісіяй.
За арганізацыямі, размешчанымі на тэрыторыі сельсавета, замацаваны прылеглыя тэрыторыі, распрацаваны мерапрыемствы па навядзенні і падтрыманні належнага санітарнага парадку. За перыяд 2024 года накіравана 42 прадпісанні ўласнікам і спадчыннікам незаселеных дамоў аб неабходнасці навядзення парадку на прыдамавых участках.
На тэрыторыі сельсавета ёсць 4 помнікі воінам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны (стаяць на балансе сельсавета) і 5 помнікаў ахвярам вайны. На дадзены момант ААТ “Ізакам” ажыццяўляе рэканструкцыю помніка ахвярам вайны ва ўрочышчы Цагельня.
Дзятлаўскім сельскім выканаўчым камітэтам сумесна з дэпутатамі, кіраўнікамі ўстановаў і арганізацый праводзіцца сістэматычная работа па забеспячэнні жыццядзейнасці насельніцтва, добраўпарадкаванні населеных пунктаў. У сельвыканкам у 2024 годзе паступілі 2 вусныя звароты, 1 – калектыўны пісьмовы. У асноўным яны датычацца жыллёвых пытанняў, стану дарог і выдалення аб’ектаў расліннага свету, землекарыстання.
Праграму Дня Дзятлаўскага сельсавета прадоўжыла азнаямленне з аб’ектамі сацыяльнай інфраструктуры і добраўпарадкавання. Яго ўдзельнікі наведалі Раклевіцкую сельскую бібліятэку-клуб. Загадчыца ўстановы Таццяна Цыгель расказала, што ў бібліятэцы амаль 200 чытачоў, яна пастаянна папаўняецца новымі кнігамі, рэгулярна ўдзельнічае ў конкурсах, арганізуе выставы.
З работай магазіна “Родны Кут” аграгарадка Раклевічы азнаёміла яго загадчыца Іна Пашукевіч. Аляксандр Бараноўскі звярнуў увагу, які тут шырокі асартымент тавараў, не ў кожным гарадскім магазіне такі знойдзеш.
Наступным наведалі мясцовы ФАП, пра дзейнасць якога даведаліся ў загадчыцы Людмілы Савасцюк. Удзельнікі сустрэчы адзначылі, наколькі тут акуратна, ёсць усе ўмовы, каб атрымаць неабходную медыцынскую дапамогу.
З хлебам-соллю сустракалі гасцей у Раклевіцкай базавай школе-садзе. Яе дырэктар Кацярына Стракоўская расказала, што тут навучаюцца ўсяго 24 чалавекі і 10 – наведваюць дзіцячы сад. Яна правяла экскурсію па прышкольнай тэрыторыі, а ў школе запрасіла наведаць музей.
Наступным прыпынкам стаў вялікі новы навес для захоўвання сельскагаспадарчай тэхнікі СГФ “АграМілк”, дзе цяпер часова захоўваецца ячмень.
Наступнымі гасцей сустракалі Якаў і Зінаіда Бубічы з вёскі Баравікі, якія паказалі, што адпачынак на ўлонні сельскай прыроды можа быць прыемным і камфортным, прынесці вялікае задавальненне.
Падводзячы вынікі сустрэчы, Аляксандр Бараноўскі адзначыў, што ў кожным сельскім савеце нашага раёна работа ідзе актыўна, ёсць цікавы вопыт для пераймання, але і існуюць пэўныя праблемы, якія варта абмяркоўваць. У час сустрэчы разгледзелі выкананне Указа № 116 “Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустуючымі дамамі” і работу па барацьбе з інвазіўнымі раслінамі – баршчавіком і залатарнікам.
Аляксандр Станіслававіч старшыні Дзятлаўскага сельсавета пажадаў здароўя, падтрымкі калег, плёну ў працы і нагадаў, што наступны раз усе сустрэнуцца на Дні сельскага савета ў Войневічах.
Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga